Не спыняцца ў развіцці

- 11:01В СВЕЖИХ НОМЕРАХ "НАСТАЎНІЦКАЙ ГАЗЕТЫ"

Адукацыю трэба пастаянна ўдасканальваць у адпаведнасці з патрабаваннямі часу. На працягу апошніх пяці гадоў, дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы, актыўнаму супрацоўніцтву з прадпрыемствамі-партнёрамі, у Гарадоцкім дзяржаўным аграрна-тэхнічнім каледжы паслядоўна паляпшаецца матэрыяльна-тэхнічная і вучэбна-метадычная база. У прыватнасці, адкрыты рэсурсны цэнтр, а на яго базе — майстэрня па тэхнічным абслугоўванні і рамонце сельскагаспадарчых машын. 

“Многа станоўчых змяненняў у падыходах да практычнага навучання. Але супакойвацца на дасягнутым нельга, інакш губляе сэнс сама прафесійная падрыхтоўка”, — адзначыў дырэктар каледжа Уладзімір Шыцько. Што новага чакае ўстанову ў найбліжэйшай перспектыве?

 У Гарадоцкім дзяржаўным аграрна-тэхнічным каледжы праходзяць падрыхтоўку 810 навучэнцаў, з іх 587 — на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай і 223 — на ўзроўні прафесійна-тэхнічнай адукацыі.

Адукацыя, навука, практыка: новыя падыходы

Сярод ключавых пытанняў — бесперапыннае забеспячэнне вядучых аграрных устаноў прафадукацыі ў рэгіёнах найноўшымі ўзорамі сучасных сельскагаспадарчых машын. У адкрыцці рэсурснага цэнтра значнае садзейнічанне каледжу аказалі Мінскі трактарны завод і многія іншыя прадпрыемствы краіны, якія бясплатна выдзелілі ў карыстанне тэхніку, абсталяванне, вучэбныя трэнажоры. Уладзімір Шыцько ўпэўнены: гэта клопат пра будучыню галіны. Каб працаваць на энерганасычанай тэхніцы, неабходны высокі ўзровень падрыхтоўкі, немагчымы без моцнага практычнага складніка. Такія спецыялісты запатрабаваны ў сучасных гаспадарках, аднак заказчыкі кадраў прыярытэтам вызначаюць якасць. Каледж не можа дапусціць, каб выпускнік прыходзіў на першае працоўнае месца і глядзеў на новы трактар ці камбайн як на музейны экспанат. Няма часу давучвацца і перавучвацца, трэба выконваць працоўныя заданні. 

У новай майстэрні каледжа па тэхнічным абслугоўванні і рамонце сельскагаспадарчых машын ужо вядзецца рамонт трактароў, камбайнаў і рухомых прычапных агрэгатаў па заяўках гаспадарак раёна.

З трактарамі, прычапнымі агрэгатамі ў гэтым плане пытанне ў цэлым вырашана: у супрацоўніцтве з партнёрамі гарадаччане стварылі і ўкаранілі эксперыментальную мадэль падрыхтоўкі, і яна ўжо даказала сваю эфектыўнасць. Сучасныя камбайны айчыннай вытворчасці — наступны крок. У верасні ў каледжы быў адкрыты філіял кафедры сельскагаспадарчых машын Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі. Агульная мэта — абсталяваць у Гарадку сучасную лабараторыю па вывучэнні камбайнаў, у першую чаргу вытворчасці “Гомсельмаша”. У лабараторыі збіраюцца не толькі рыхтаваць спецыялістаў, але і разгарнуць сур’ёзную даследчую дзейнасць, у тым ліку па пошуку шляхоў памяншэння страт зерня падчас жніва. Фінансавую падтрымку перспектыўнаму праекту папярэдне паабяцаў Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях.

— Мы імкнёмся сканцэнтраваць усе даступныя магчымасці, рэзервы і рэсурсы для навучання, — акцэнтуе ўвагу дырэктар. — Краіна атрымлівае добрыя прыбыткі за кошт рэалізацыі сельгаспрадукцыі, галіна выходзіць у лідары, і забяспечыць якасць падрыхтоўкі кадраў — задача дзяржаўная. Варта было б, напэўна, прыглядзецца да перадавога сусветнага вопыту. Пашыраны ў нас вузкаведамасны падыход просты: “Вам трэба, вы ў нас купіце. Можна ў лізінг”. Аднак я маю на ўвазе такі падыход, калі любы вытворца тэхнікі, асабліва ў аграрнай галіне, сам непасрэдна зацікаўлены перадаць узоры прадукцыі (не тыя, што былі ўчора-пазаўчора, а сённяшнія) у навучальныя ўстановы, дзе год-два іх вывучаюць. Мяняецца мадэльны рад — і тэхніку забіраюць, з некаторай уцэнкай прадаюць, а навучальная ўстанова атрымлівае найноўшы ўзор. Проста набыць сучасны камбайн мы не ў стане. Лізінг толькі часткова закрывае праблему, бо мадэльны рад мяняецца хутка, адпаведна, мы не паспяваем за прагрэсам і страчваем якасць адукацыі. Тут нам патрэбна садзейнічанне на ўзроўні міністэрстваў. Гэта будзе правільны дзяржаўны падыход: ад яго выйграе эканоміка краіны. Падобным чынам мы працуем з Мінскім трактарным заводам. Тэхніку нашы партнёры спачатку перадаюць каледжу, а потым, пасля пэўнага перыяду вывучэння, яна адпраўляецца ў гаспадаркі вобласці. 

У каледжы вучацца будучыя тэхнікі-механікі і майстры вытворчага навучання, тэхнікі-электрыкі, тэхнікі-аўтамеханікі па спецыяльнасцях “Тэхнічнае забеспячэнне працэсаў сельскагаспадарчай вытворчасці”, “Энергетычнае забеспячэнне сельскагаспадарчай вытворчасці”, “Тэхнічная эксплуатацыя аўтамабіляў (па напрамках)”, “Арганізацыя тэхнічнага сервісу транспартных сродкаў”, “Рамонтна-абслугоўваючая вытворчасць у сельскай гаспадарцы”, работнікі гандлю і грамадскага харчавання, а таксама трактарысты-машыністы сельгасвытворчасці катэгорый А, В, D, слесары па рамонце сельскагаспадарчых машын і абсталявання, вадзіцелі аўтамабіля катэгорыі С і пагрузчыка, электразваршчыкі ручной зваркі. Штогадовае размеркаванне маладых спецыялістаў складае 100 працэнтаў.

Партнёрства з расіянамі: зацікаўленасць расце

Другі намечаны напрамак развіцця не менш актуальны і накіраваны на ўсход. Каледж наладзіў кантакты з рэгіёнамі і адукацыйнымі ўстановамі Расійскай Федэрацыі, прычым паслядоўна пашырае супрацоўніцтва. Даўняе сяброўства звязвае гарадаччан з Любімскім аграрна-політэхнічным каледжам. Навучэнцы з Беларусі праходзяць практыку ў гаспадарках Яраслаўскай вобласці. Партнёры разам праводзяць спартыўныя і культурныя мерапрыемствы, удзельнічаюць у рэгіянальных канферэнцыях і конкурсах WorldSkills. Такія ж адносіны наладжаны з Пскоўскім агратэхнічным каледжам. Нядаўна ў Гарадку пабывала дэлегацыя спецыялістаў з Ленінградскай вобласці. Госці высока ацанілі матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне, якасць падрыхтоўкі спецыялістаў у каледжы і прапанавалі на яго базе арганізаваць навучанне рабочых кадраў і спецыялістаў для аграрнай вытворчасці.

Рэсурсны цэнтр “Дыягнаставанне, эксплуатацыя, рамонт і тэхнічнае абслугоўванне энерганасычаных трактароў” з’явіўся ў каледжы тры гады назад і ўкамплектаваны найноўшымі ўзорамі сельскагаспадарчых машын і абсталявання. Падтрымку ў іх набыцці аказалі абласная ўлада і ААТ “Мінскі трактарны завод”.

— Мы рыхтуемся падставіць плячо і прыняць да 300 навучэнцаў з Ленінградскай вобласці па накіраваннях, каб пасля яны вярнуліся працаваць на радзіму, — расказвае Уладзімір Шыцько. — Адпаведна, плануем уступіць у расійскі рэгіянальны тэхнапарк, што дазволіць нам, у прыватнасці, атрымаць грант на фінансаванне і набыць новую тэхніку. Выгада відавочная і ўзаемная. Тыя ж “Кіраўцы”, камбайны “Рассельмаша”, грузавыя аўтамабілі вытворчасці “КАМАЗа” працуюць і ў Беларусі. Тое, што з імі ў дасканаласці азнаёмяцца нашы навучэнцы, — гэта добра. Для нас прыярытэт, каб наш выпускнік мог па профілі працаваць на любой наяўнай тэхніцы, і працаваць якасна. Плюс мы больш поўна задзейнічаем існуючую матэрыяльную базу, плошчы інтэрнатаў, лабараторыі, актывізуем вучэбную нагрузку. Да рэалізацыі сумеснага праекта плануем прыступіць у 2022 годзе. Грамадзяне Расійскай Федэрацыі могуць вучыцца ў нас за кошт саюзных праграм бясплатна. У каледжы і сёння вучацца расіяне з Невельскага раёна, аднак тут гаворка менавіта аб мэтавым навучанні. Акрамя таго, збіраемся прапанаваць падрыхтоўку і перападрыхтоўку па нашых прафесіях і спецыяльнасцях даросламу насельніцтву па заказах расійскіх арганізацый, тут таксама ёсць перспектывы. Калі эксперымент атрымаецца, то мы гатовы распаўсюдзіць вопыт. 

Таццяна БОНДАРАВА
Фота аўтара

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий