Развіццё прафесійнай адукацыі: глабальны аспект

- 10:49В СВЕЖИХ НОМЕРАХ "НАСТАЎНІЦКАЙ ГАЗЕТЫ"

РІПА даўно зарэкамендаваў сябе як рухавік развіцця прафесійнай адукацыі ў нашай краіне. Аднак насамрэч гэтая ўстанова мае вялікае значэнне і на міжнароднай арэне: РІПА з’яўляецца базавай арганізацыяй дзяржаў — удзельніц СНД у галіне падрыхтоўкі, перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі кадраў у сістэме прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Абавязкі базавай арганізацыі РІПА выконвае ўжо 10 гадоў. 

Як РІПА паказаў сябе ў ролі базавай арганізацыі? Якія функцыі выконвае ў гэтым напрамку і чаго ўдалося дасягнуць да першага юбілею? Пра ўсё гэта расказаў Валерый Мікалаевіч Галубоўскі, рэктар Рэспубліканскага інстытута развіцця адукацыі. 

Міжнародная канферэнцыя “Новыя прафесійныя кампетэнцыі: падрыхтоўка кадраў ва ўмовах зменлівых тэхналагічных укладаў”.

Якасць адукацыі — галоўны арыенцір

Калі гаворка ідзе пра адукацыю, то ў цэнтры ўвагі ў першую чаргу заўсёды аказваецца якасць адукацыі. Павышэнне якасці адукацыі з’яўляецца адным з прыярытэтных напрамкаў нацыянальных праграм сацыяльна-эканамічнага развіцця дзяржаў — удзельніц СНД на сярэдне- і доўгатэрміновую перспектыву. У краінах СНД рэалізуецца Канцэпцыя паэтапнага фарміравання агульнага рынку працы і рэгулявання мабільнасці рабочай сілы. А для гэтага важна забяспечыць высокую якасць прафесійнай адукацыі на нацыянальным і міждзяржаўным узроўнях.

Відавочна, што адным з ключавых фактараў забеспячэння якасці прафесійнай адукацыі з’яўляецца кваліфікацыя педагагічных работнікаў. Менавіта таму асаблівую ўвагу РІПА ўдзяляе распрацоўцы і рэалізацыі адукацыйных праграм павышэння кваліфікацыі і стажыровак кіруючых работнікаў і спецыялістаў сістэм прафесійнай адукацыі дзяржаў — удзельніц СНД.

Так, за перыяд работы ў якасці базавай арганізацыі РІПА зладзіў навучанне больш як 2100 педагагічных работнікаў з Расіі (больш як 55 рэгіёнаў), Казахстана, Таджыкістана, Кыргызстана, Азербайджана і Украіны.

Варта адзначыць, што РІПА праявіў сябе як сучасная арганізацыя, здольная гнутка рэагаваць на змены, працаваць у розных умовах і вырашаць няпросты задачы. Так, калі свет сутыкнуўся з пандэміяй каранавіруса, работа з педагогамі з іншых краін не спынілася, а была пераведзена ў дыстанцыйны фармат. Актыўна развіваліся лічбавыя адукацыйныя рэсурсы, што выкарыстоўваліся падчас павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі педагагічных работнікаў. Найбольш запатрабаванымі аказаліся праграмы па наступных напрамках: “Псіхолага-педагагічнае суправаджэнне адукацыйнага працэсу ва ўмовах інклюзіі”, “Кіраванне навучальнымі ўстановамі ў сучасных умовах сацыяльна-эканамічнага развіцця”, “Падрыхтоўка / распрацоўка і ўкараненне модульных праграм, заснаваных на кампетэнцыях” і інш.

За перыяд работы ў якасці базавай арганізацыі РІПА было праведзена навучанне больш як 2100 педагагічных работнікаў з Расіі, Казахстана, Таджыкістана, Кыргызстана, Азербайджана і Украіны.

Цэнтры кампетэнцый

Немалаважную ролю ў забеспячэнні якасці прафесійнай адукацыі адыгрывае адукацыйнае асяроддзе. РІПА забяспечвае развіццё ў нашай краіне сеткі цэнтраў прафесійных кампетэнцый (рэсурсных цэнтраў): распрацоўвае праекты стварэння цэнтраў, ажыццяўляе іх навукова-метадычнае і арганізацыйнае суправаджэнне. У такіх цэнтрах сканцэнтравана перадавое абсталяванне і тэхналогіі па пэўных напрамках. У цэнтрах кампетэнцый  не толькі праходзяць падрыхтоўку навучэнцы ўстаноў прафесійнай адукацыі, але і перавучваюцца работнікі розных прадпрыемстваў.

Рэсурсы такіх цэнтраў выкарыстоўваюцца і на карысць замежных партнёраў: павышаецца цікавасць да падрыхтоўкі па прыкладных кампетэнцыях студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў краін СНД на базе цэнтраў кампетэнцый. Магчымасці цэнтраў адпавядаюць сусветнаму ўзроўню і асобныя з іх сертыфікаваны па міжнародных стандартах, што дазваляе рэалізаваць прынцып апераджальнай падрыхтоўкі кадраў. Гэта значыць, што тут можна загадзя фарміраваць прафесійныя кампетэнцыі з арыентацыяй на будучыя патрэбы эканомікі ў такіх сектарах, як машынабудаванне (тэхналогіі індустрыі 4.0), энергетыка (уключаючы аднаўляльныя крыніцы энергіі), будаўніцтва (у тым ліку лічбавае мадэляванне будынкаў — BIM-тэхналогіі), аўтамабілебудаванне (вытворчасць і абслугоўванне электрамабіляў).

Увогуле, плануецца развіваць сеткавае ўзаемадзеянне паміж установамі прафесійнай адукацыі краін-партнёраў па аналогіі з сеткавым узаемадзеяннем паміж установамі адукацыі ўнутры нашай краіны. 

Драйверы развіцця

Яшчэ адзін фактар, неабходны для павышэння якасці адукацыі, — вывучэнне перадавога вопыту і дасягненняў розных краін у развіцці прафесійнай адукацыі. РІПА на пастаяннай аснове з’яўляецца арганізатарам міжнародных семінараў, вэбінараў, канферэнцый. Толькі ў першым паўгоддзі 2021 года было арганізавана 6 міжнародных мерапрыемстваў, педагагічныя работнікі беларускіх устаноў прафесійнай адукацыі ўзялі ўдзел у больш чым 15 вэбінарах, арганізаваных  партнёрамі РІПА ў краінах СНД. У 2018 годзе адбылася арганізаваная РІПА міжнародная канферэнцыя “Новыя прафесійныя кампетэнцыі: падрыхтоўка кадраў ва ўмовах зменлівых тэхналагічных укладаў”, у 2019 годзе — “Новыя навыкі для новых спраў, у 2020 годзе — “WorldSkills Belarus — драйвер развіцця прафесійнай адукацыі”.

Дарэчы, згаданы вышэй міжнародны рух WorldSkills таксама з’яўляецца адным з драйвераў абнаўлення зместу адукацыі. Удзел у ім — гэта не проста дэманстрацыя дасягненняў і прафесійнае супрацьстаянне. У першую чаргу — гэта доступ да інфармацыі аб перадавых тэхналогіях, магчымасць абнаўлення зместу падрыхтоўкі кадраў у адпаведнасці са стандартамі якасці кампаній сусветнага ўзроўню.

З 2014 года РІПА з’яўляецца нацыянальным аператарам WorldSkills у Рэспубліцы Беларусь. Кожныя два гады РІПА пры падтрымцы галіновых міністэрстваў праводзіць рэспубліканскія спаборніцтвы сярод маладых прафесіяналаў. Да ўдзелу ў такіх спаборніцтвах запрашаюць таксама каманды з дзяржаў — удзельніц СНД. У чэмпіянатах традыцыйна бралі ўдзел прадстаўнікі Расіі і Казахстана.

 У 2020 і 2021 гадах адбыліся дыстанцыйныя спаборніцтвы па стандартах WorldSkills з удзелам каманд Арменіі, Беларусі, Казахстана, Кыргызстана, Расіі, Таджыкістана, Узбекістана ў рамках размеркаванага Еўразійскага чэмпіянату. Увогуле, маладзёжныя спаборніцтвы спрыяюць фарміраванню экспертнай супольнасці прафесіяналаў педагогаў, а гэта таксама важны ўклад у развіццё адукацыі. 

Вялікія справы здзяйсняюцца ў супрацоўніцтве

За 10 гадоў былі рэалізаваны значныя сумесныя праекты, у тым ліку з прыцягненнем міжнародных партнёраў. Так, напрыклад, у 2014 годзе паспяхова рэалізаваны праекты РІПА сумесна з “Нямецкім таварыствам па міжнародным супрацоўніцтве (GIZ)” у Кыргызскай Рэспубліцы па павышэнні кваліфікацыі педагогаў устаноў прафесійнай адукацыі краіны; меў поспех і праект з упраўленнем адукацыі Кызылардзінскай вобласці Рэспублікі Казахстан па рэалізацыі адукацыйных праграм павышэння кваліфікацыі педагагічных работнікаў.

У красавіку 2022 года РІПА запрашае ўсіх зацікаўленых да ўдзелу ў міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Прафесійная культура: імператыў прафесійнай адукацыі для XXI стагоддзя”, якая стане выніковым мерапрыемствам, прысвечаным 10-годдзю базавай арганізацыі.

У 2015 годзе РІПА прыняў удзел у рэалізацыі праекта “Мадэрнізацыя тэхнічнай і прафесійнай адукацыі Рэспублікі Казахстан” — аказваў  кансультацыйныя паслугі па навукова-метадычным забеспячэнні адукацыйнага працэсу ў сістэме прафесійнай адукацыі, дапамагаў у распрацоўцы адукацыйных праграм з выкарыстаннем тэхналогій модульнага навучання і праектаў па стварэнні рэсурсных цэнтраў на тэрыторыі Казахстана.

 У 2019—2020 гадах сумесна з нямецкай кансалтынгавай кампаніяй GOPA рэалізаваны праект тэхнічнай дапамогі ЕС у Рэспубліцы Таджыкістан. РІПА адказваў за павышэнне кваліфікацыі майстроў вытворчага навучання і распрацоўку праектаў аснашчэння рэсурсных цэнтраў.

Распрацоўка адукацыйных праграм прафесійнай падрыхтоўкі, перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі кадраў з улікам нацыянальнай спецыфікі дзяржаў — удзельніц СНД паслужыла асновай для стварэння сумеснага беларуска-ўзбекскага Міжгаліновага інстытута прыкладных тэхнічных кваліфікацый на базе Ташкенцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта імя Іслама Карымава пры ўдзеле РІПА і Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта. Пры навучанні студэнтаў гэтага ўніверсітэта на тэрыторыі Беларусі плануецца выкарыстанне інфраструктуры і высокатэхналагічнага абсталявання цэнтраў прафесійных кампетэнцый каледжаў (правядзенне практык па профілях “машынабудаванне”, “энергетыка”, “аўтамабілебудаванне”).

Падсумоўваючы вынікі работы РІПА ў якасці базавай арганізацыі, В.М.Галубоўскі адзначае: 

 — Несумненна, базавыя арганізацыі з’яўляюцца эфектыўным інструментам супрацоўніцтва для развіцця патэнцыялу прафесійнай адукацыі, забеспячэння якасці падрыхтоўкі кадраў на карысць краін СНД. Перакананы, што за 10 гадоў РІПА ўдалося сфарміраваць паспяховы імідж інавацыйнага адукацыйнага цэнтра ў галіне развіцця прафесійнай адукацыі. Практыка ўдзелу ў рэалізацыі міжнародных праектаў на тэрыторыі дзяржаў — удзельніц СНД неаднаразова пацвердзіла высокі экспертны ўзровень супрацоўнікаў інстытута. 

Такім чынам, першую круглую дату базавая арганізацыя адзначае з гонарам і годнасцю. У красавіку 2022 года плануецца правядзенне міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Прафесійная культура: імператыў прафесійнай адукацыі для XXI стагоддзя”, якая стане выніковым мерапрыемствам, прысвечаным 10-годдзю базавай арганізацыі. РІПА запрашае да ўдзелу ўсіх зацікаўленых. 

Дар’я РЭВА

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий