Паназіраць за вывяржэннем вулкана, вызначыць ступень шкоды тарнада, разгледзець будову ліста расліны, пэўнага мікраарганізма ці нават дыназаўра ў дэталях, азнаёміцца з памятнымі мясцінамі розных гарадоў свету і зрабіць гэта не пакідаючы клас і школу (а яшчэ і ў 3D!) — маюць магчымасць навучэнцы сталічнай гімназіі № 38, дзе дзейнічае інтэрактыўны клас «ІT-SMART: праз віртуальныя тэхналогіі — да рэальных ведаў”.
— Кабінет ІT-SMART у нашай гімназіі быў аформлены ў 2017 годзе. Яго аснасцілі інтэрактыўнай дошкай, планшэтамі, на якіх устаноўлены праграмы, дзе ажываюць карцінкі, а таксама інтэрактыўнымі сталамі VOTUM-table. Рухаючы рукамі, навучэнцы могуць узаемадзейнічаць з мультымедыйным кантэнтам: паварочваць тыя ці іншыя прадметы, разглядаць іх з розных бакоў і нават у разрэзе, атрымліваць шырокі доступ да інфармацыі з розных галін ведаў, апрацоўваць яе, ствараць мультымедыйныя прэзентацыі, маляваць, гуляць у вучэбныя гульні, — расказвае метадыст гімназіі Таццяна Шчэрба. — Унікальнасць сістэмы ў тым, што за адным сталом можна сумясціць работу да 5 чалавек. Інтэрактыўны стол можа ператварыцца ў віртуальную хімічную лабараторыю, у геаграфічную карту з маштабам, які можна мяняць, у чарцёжную дошку. На яго паверхні можна збіраць электрычныя схемы, уключаць іх і назіраць за паказаннямі прыбораў. Можна ставіць віртуальныя хімічныя доследы. Камп’ютарную сістэму з сэнсарным экранам можна выкарыстоўваць і пры вывучэнні гуманітарных навук — моў, гісторыі, літаратуры. Вучэбныя праграмы дазваляюць ажывіць вучэбныя заняткі. Прычым мы прымяняем як гатовыя праграмы, так і аўтарскія распрацоўкі нашых настаўнікаў, якія яны зрабілі з дапамогай сэрвісаў Quizizz, LearningApps і інш. Прычым сваімі распрацоўкамі педагогі ахвотна дзеляцца з калегамі.
Праграмы, загружаныя на інтэрактыўныя сталы, разлічаны на розны ўзрост і ўзровень развіцця навучэнцаў. Так, у пачатковай школе дзеці складаюць словы з пазлаў, разглядаюць жывёл, у тым ліку і дыназаўраў, што выклікае вялікае захапленне. Адна справа, калі пра іх расказвае настаўнік, зусім іншая — калі яны ўжывую могуць гэта ўбачыць. Інтэрактыўны стол часам выкарыстоўваецца як дошка для малявання, і пачаткоўцы рукамі ствараюць свае маленькія шэдэўры. Для ўрокаў геаграфіі загружана праграма, дзе паказваюцца розныя прыродныя з’явы, а на ўроках хіміі школьнікам дэманструюць, як узаемадзейнічаюць рэчывы. На біялогіі ў якасці нагляднасці выкарыстоўваюцца 3D-мадэлі дыхальнай сістэмы, клетак скуры, органы цела чалавека, будова жывёл і інш. А ліст дрэва праграма дазваляе павялічыць літаральна да малекул.
“Сумная” фізіка адразу становіцца прыцягальнай і патрэбнай у жыцці, калі заняткі праводзяцца ў ІТ-кабінеце. На ўроках педагогі гімназіі наглядна дэманструюць работу электрычных ланцугоў. Напрыклад, прынцып дзеяння пажарнай сігналізацыі: калі ўзнікае пажар, пачынае дзейнічаць датчык тэмпературы, у выніку чаго спрацоўвае сігнал пажарнага апавяшчальніка. Навучэнцам можна наглядна паказаць работу прылады аўтаматычнага ўключэння асвятлення: калі памяншаецца асветленасць, пачынае дзейнічаць фотарэзістар, і ў пэўны момант, калі становіцца дастаткова цёмна, аўтаматычна ўключаецца асвятленне. Электрычны ток, акрамя электрычнага поля, стварае магнітнае поле. Як доказ гэтага, да электрамагніта прыцягваюцца металічныя прадметы. Такія прылады выкарыстоўваюцца на вытворчасці для паднімання і перамяшчэння цяжкіх прадметаў. І наадварот, магніты, якія паварочваюцца, ствараюць пераменны электрычны ток — і лямпачка запальваецца. Такім чынам, вучэбны матэрыял лягчэй засвойваецца, вучні бачаць, як тэарэтычныя веды знаходзяць прымяненне на практыцы.
Як заўважае Таццяна Яўгенаўна, асабліва зручна займацца ў такім кабінеце навучэнцам профільных класаў, якія той ці іншы прадмет вывучаюць на павышаным узроўні. У анлайн-рэжыме арганізуецца работа з высокаматываванымі навучэнцамі.
Актыўна карыстаюцца магчымасцямі кабінета настаўніца пачатковых класаў Вольга Кулічык, настаўніца біялогіі і хіміі Таццяна Кукса-Юркавец, настаўніца гісторыі Алена Петухова, настаўнік геаграфіі Аляксандр Рыбакоў. Удзельніца гарадскога конкурсу “Акадэмія ўрока — 2019” настаўніца англійскай мовы Наталля Сіняк практыкуе вучэбныя гульні, дзе дзеці спачатку чуюць англійскае слова, паўтараюць яго, а потым злучаюць з прадметам. Настаўніца матэматыкі Вольга Гарбацэвіч прапануе вучням вэб-квесты, у якіх толькі правільна рашыўшы задачу і атрымаўшы кодавае слова, яны пераходзяць да наступнага ўзроўню. Элемент спаборнасці павышае матывацыю навучэнцаў.
— Кабінет дазваляе сфарміраваць кожнаму педагогу тую адукацыйную нішу, у якой ён найбольш поўна зможа рэалізаваць свае прафесійныя магчымасці, а навучэнцам — уменне працаваць у камандзе, развіваючы ключавыя кампетэнцыі і інфармацыйную камунікацыю, — адзначае Таццяна Шчэрба. — Падрыхтоўка ўрокаў у смарт-кабінеце патрабуе ад педагога шмат часу, але разам з тым гэта ўдзячная работа — настаўнік бачыць водгук навучэнцаў: ім падабаецца, яны зацікаўлены. Адным словам, такая дзейнасць прыносіць задавальненне як вучням, так і настаўнікам.
У планах адміністрацыі гімназіі — далейшае развіццё смарт-кабінета: абсталяваць панарамны клас з вялікім мультыбордам і закупіць 3D-акуляры, што дазволіць вучням паглыбіцца ў вучэбны матэрыял і вучыцца з яшчэ большай ахвотай і задавальненнем.
Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара