Калі работа — частка жыцця

- 11:27Персона

Яўгенія Абухоўская педагог-дэфектолаг, малады спецыяліст Дзяржаўнага цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Гродна.

 

Пацікавіліся, якім быў яе шлях у прафесію і як атрымалася, што, прыйшоўшы ў ЦКРНіР у 2015 годзе, не толькі затрымалася на першым працоўным месцы, але і лічыць калектыў часткай свайго жыцця.

Яўгенія Аляксандраўна папраўляе мяне: не пасля заканчэння ўніверсітэта прыйшла ў цэнтр, а яшчэ падчас вучобы. Успамінае, як добра яе сустрэлі ў калектыве, дапамагалі ва ўсім, замацавалі куратара з ліку вопытных педагогаў. Безумоўна, тэарэтычная база была, ва ўніверсітэце арганізоўвалі шмат практык, у тым ліку і ў ЦКРНіР, шмат увагі ўдзялялася фарміраванню практычнага вопыту ў студэнта. Сёння Яўгенія Аляксандраўна ўдзячна і адміністрацыі, і ўсяму калектыву, бо далёка не ва ўсіх арганізацыях ідуць насустрач і дапамагаюць рэалізоўваць ідэі маладых спеціялістаў.

— Яшчэ калі вучылася ў школе, была ўпэўнена, што стану педагогам, — расказвае Яўгенія Абухоўская. — Хацелася працаваць менавіта з маленькімі дзецьмі. Выбірала паміж некалькімі спецыяльнасцямі і спынілася на дэфекталогіі. У родным Брэсце такіх кадраў не рыхтавалі, таму паступіла ў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы на спецыяльнасць “Алігафрэнапедагогіка-лагапедыя”. У Дзяржаўны цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Гродна трапіла яшчэ студэнткай. Прыйшла сюды на практыку, мне тут усё спадабалася: і атмасфера, і калектыў, і работа з дзецьмі. Не было боязі, што нешта не атрымаецца. Адразу стала ўспрымаць асаблівых дзетах як самых звычайных, можа, толькі з асаблівасцямі характару. Калі з’явілася вакансія, на 5 курсе мяне запрасілі на работу. У цэнтр атрымала і размеркаванне пасля заканчэння ўніверсітэта.

Педагог працуе з рознымі дзецьмі, у большасці з аўтыстычнымі парушэннямі ці з іншымі праблемамі ў паводзінах. Аказвае таксама лагапедычную дапамогу: займаецца пастаноўкай гукаў, развіццём граматычнага боку маўлення. Важнай часткай работы Яўгеніі Абухоўскай стала развіццё новага напрамку — сенсорнай інтэграцыі, распрацоўка новага метадычнага забеспя­чэння.

Яшчэ калі вучылася ў школе, была ўпэўнена, што стану педагогам. Хацелася працаваць менавіта з маленькімі дзецьмі.

Калі ўзнікла ідэя развіваць сенсорную інтэграцыю, малады спецыяліст вырашыла пашырыць свае веды і паступіла ў аспірантуру ў Нацыянальны інстытут адукацыі ў Мінску, пару месяцаў назад паспяхова яе скончыла. Напрамкам яе работы ў аспірантуры стала фарміраванне навыкаў у дзяцей з аўтыстычнымі парушэннямі на аснове сенсорнай інтэграцыі. На гэтую тэму ў Я.А.Абухоўскай ужо каля 20 публікацый, у тым ліку і ў часопісах, якія ўваходзяць у пералік, зацверджаны Вышэйшай атэстацыйнай камісіяй Рэспублікі Беларусь. А нядаўна выдадзены дапаможнік “Фарміраванне сацыяльна-камунікатыўных навыкаў у выхаванцаў з аўтыстычнымі парушэннямі на аснове сенсорнай інтэграцыі ва ўмовах Цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі”  ў суаўтарстве з навуковым кіраўніком загадчыкам кафедры тэорыі і методыкі спецыяльнай адукацыі ГрДУ імя Янкі Купалы Н.У.Крукоўскай. У дапаможніку прадстаўлены комплекс практыкаванняў і падрабязныя рэкамендацыі па іх выкарыстанні ў працэсе арганізацыі карэкцыйна-педагагічнай работы з дзецьмі з аўтыстычнымі парушэннямі.

— У аснову ўсіх работ пакладзены метад сенсорнай інтэграцыі, — тлумачыць Яўгенія Аляксандраўна. — Ён распаўсюджваецца ў нас апошнія гадоў 10, а ў Гродне менавіта ў апошнія пару гадоў сталі з’яўляцца пакоі сенсорнай інтэграцыі. Такі праект пры падтрымцы аддзела адукацыі Гродзенскага гарвыканкама быў рэалізаваны ў нашым ЦКРНіР, закуплена абсталяванне, якое пастаянна папаўняецца. Сутнасць работы заключаецца ў тым, што кожны з нас успрымае свет ва ўсёй яго разнастайнасці, а ў дзіцяці з парушэннямі часцей за ўсё не адбываецца ўзгаднення адчуванняў, акцэнт робіцца на зрок або слых, у выніку агульная карцінка не складваецца. Асноўная задача сенсорнай інтэграцыі — дапамагчы дзіцяці, навучыць яго адчуваць усё адначасова, больш якасна асвойваць навыкі, якія мы ў яго фарміруем, палепшыць якасць яго жыцця, наколькі гэта магчыма.

Яшчэ калі вучылася ў школе, была ўпэўнена, што стану педагогам. Хацелася працаваць менавіта з маленькімі дзецьмі.

У калектыве, дзе педагогі аказваюць дапамогу асаблівым дзеткам, не могуць працаваць нядобрыя людзі. Павінны быць і пэўныя рысы характару, і чалавечыя якасці. Яўгенія Аляксандраўна менавіта такі чалавек. Яна прызнаецца: “Дзеці сапраўды складаныя, але, працуючы з імі, успрымаеш іх з іх асаблівасцямі такімі, якія яны ёсць. Дзе можаш — дапамагаеш, бо разумееш, як гэта зрабіць для пэўнага дзіцяці”.

Малады педагог вельмі радуецца поспехам выхаванцаў. Нават калі ў дзіцяці складанае спалучэнне парушэнняў, у любым выпадку будзе вынік, проста для кожнага свой. У аднаго дзіцяці ён будзе хуткім, у другога працэс зойме не адзін год. Я.А.Абухоўская некалькі гадоў выкладала на кафедры тэорыі і методыкі спецыяльнай адукацыі ГрДУ імя Янкі Купалы. Яна лічыць, што гэта таксама пэўны вопыт, магчымасць паказаць студэнтам, што з такой катэгорыяй дзяцей працаваць цікава. Вынікаў дасягаеш не так хутка і большымі намаганнямі, але і задавальненне атрымліваеш большае.

На маё пытанне, што яна пажадала б выпускнікам устаноў вышэйшай адукацыі, якія толькі рыхтуюцца стаць маладымі спецыялістамі, Яўгенія Аляксандраўна адказала: “У першую чаргу імкнуцца развівацца, старацца спазнаваць нешта новае, не абмяжоўвацца атрыманымі ведамі, увесь час ісці наперад. І тады атрымаеш прафесійнае задавальненне”.

— Я ў сваім калектывае развіваюся. Гэта не толькі месца работы, а частка жыцця, кожны дзень ідзеш на работу з задавальненнем, бо там чакаюць дзеці, якім ты можаш і абавязаны дапамагчы, — падкрэсліла педагог.

Ірына АНІКЕВІЧ
Фота аўтара і прадастаўлена ЦКРНіР Гродна

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий