Сіла — у сумеснай рабоце

- 13:40В СВЕЖИХ НОМЕРАХ "НАСТАЎНІЦКАЙ ГАЗЕТЫ"

“Нам патрэбен новы падыход у арганізацыі прафарыентацыйнай работы, — заявіў міністр адукацыі Андрэй Іванец. — Прадстаўнікі прадпрыемстваў і арганізацый павінны непасрэдна ўзаемадзейнічаць з будучым абітурыентам”. 

Пытанні прафарыентацыйнай работы былі сярод тых, што абмяркоўвалі падчас рэспубліканскага семінара “Узаемадзеянне арганізацый і ўстаноў адукацыі ў кадравым забеспячэнні эканомікі: стан і перспектывы развіцця”. Міністр адукацыі адзначыў, што забеспячэнне эканомікі краіны кадрамі, у першую чаргу прадстаўнікамі рабочых прафесій, — задача вельмі актуальная і шматбаковая. Якасць падрыхтоўкі кадраў залежыць ад эфектыўнасці ўзаемадзеяння заказчыкаў і ўстаноў прафесійнай адукацыі на ўсіх этапах: ад прафарыентацыі і стварэння пазітыўнага іміджу рабочых прафесій да працаўладкавання і замацавання маладых спецыялістаў. Таму да абмеркавання пытання запрасілі прадстаўнікоў фактычна ўсіх зацікаўленых органаў дзяржкіравання і цэлы шэраг прадпрыемстваў і канцэрнаў. 

У семінары ўзялі ўдзел кіраўнікі міністэрстваў адукацыі, архітэктуры і будаўніцтва, працы і сацыяль­най абароны, канцэрна “Беллег­прам”, шэрага прадпрыемстваў, а таксама прадстаўнікі РІПА, дырэктары прафесійных каледжаў і ліцэяў, кіраўнікі галоўных упраўленняў па адукацыі аблвыканкамаў і камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама. Месцам сустрэчы стала ААТ “Камволь”.

“Сёння мы сабраліся, каб выпрацаваць выразныя, гнуткія механізмы, для таго каб, з аднаго боку, нашы спецыялісты былі запатрабаваны на рынку працы, а з другога боку, каб работадаўцы, якія прымаюць нашых спецыялістаў, былі поўнасцю задаволены ўзроўнем іх падрыхтоўкі, іх кампетэнцыямі. І ўсё гэта разам дасць адпаведны сінергетычны эфект для развіцця эканомікі нашай краіны”, — падкрэсліў А.І.Іванец. 

Прадпрыемствы нашай краіны разлічваюць на пастаянны прыток кадраў. Кожнае прадпрыемства хоча атры­маць спецыяліста кваліфікаванага і з тымі кампетэнцыямі, якія неабходны для работы на гэтым прадпрыемстве. Гэта абумоўлівае неабходнасць пошуку новых падыходаў да развіцця ўзаемадзеяння арганізацый і ўстаноў адукацыі.

Актуальная задача — фарміраванне выразнага якаснага і колькаснага заказу на падрыхтоўку кадраў. Важную ролю ў гэтым адыгрываюць органы дзяржкіравання, якія курыруюць пэўныя віды эканамічнай дзейнасці, — яны павінны сфарміраваць не толькі колькасныя паказчыкі патрэбы кадраў, але і вызначыць функцыі, якімі павінны валодаць рабочыя, спецыялісты. Міністэрства адукацыі, у сваю чаргу, ставіць перад сабой задачу аператыўна рэагаваць на ўсе змены, карэкціраваць аб’ёмы, структуру і змест падрыхтоўкі кадраў.  

Міністр падкрэсліў неабход­насць актыўнага ўключэння за­каз­чы­каў кадраў у праф­арыентацыйную работу. Зараз праф­арыентацыяй у асноўным заняты школы і ўстановы прафадукацыі. Аднак, хто, як ні прадпрыемствы і арганізацыі, найбольш зацікаўлены, каб у прафесійныя ліцэі і каледжы, а зна­чыць, потым і да іх на работу, прыхо­дзі­лі матываваныя юнакі і дзяўчаты? Прадстаўнікі прадпрыемстваў і арганізацый павінны непасрэдна ўзаемадзейнічаць з будучым абітурыентам. Яны павінны агучваць не толькі патрэбу ў кадрах, але і перспектывы далейшага прафесійнага і працоўнага росту для маладых спецыялістаў на іх прадпрыемстве. 

Якасць падрыхтоўкі кадраў залежыць ад эфектыўнасці ўзаемадзеяння заказчыкаў і ўстаноў прафесійнай адукацыі на ўсіх этапах.

З сакавіка гэтага года пашыраюцца магчымасці мэтавай падрыхтоўкі. Заказчыкамі кадраў могуць выступаць прадпрыемствы, якія знаходзяцца ў любым населеным пункце. Раней такой магчымасцю маглі скарыстацца толькі арганізацыі, што знаходзяцца ў гарадах і мястэчках з колькасцю жыхароў да 20 тысяч.  

Андрэй Іванец адзначыў, што ў наступным годзе плануецца дасягнуць кантрольных лічбаў па мэтавай падрыхтоўцы для спецыя­лістаў у галіне аховы здароўя 80% ад агульнай колькасці бюджэтных месцаў, для спецыялістаў аграпрамысловага комплексу — 70%, для іншых — 60%. 

“Настаў час рыхтаваць кадры дакладна пад патрэбы эканомікі. Навучанне прафесіі — гэта вырашэнне цэлага шэрага пытанняў кадравага забеспячэння эканомікі краіны. Зыходзячы з гэтага пастулата, выбудоўваецца работа сістэмы адукацыі сёння”, — заўважыў міністр.  

Яшчэ адно актуальнае пытанне — замацаванне і прафесійны рост выпускнікоў на прадпрыемствах. Працэнт замацавання маладых спецыялістаў сёння пакідае жа­даць лепшага. А.І.Іванец падкрэсліў, што неабходна выкарыстоўваць усе матывацыйныя інструменты: кар’ерныя траекторыі, перспектывы самаразвіцця, павышэнне кваліфікацыі, удзел у праектах, сацыяльныя пакеты.

Яшчэ адным важным пытаннем з’яўляецца навучанне і перанавучанне дарослага насельніцтва. Другасная занятасць — гэта агромністы кадравы патэнцыял, які пакуль выкарыстоўваецца не ў поўнай меры. З-за негатыўных дэмаграфічных працэсаў моладзь не можа цалкам закрыць патрэбу ў рабочых і спецыялістах. Штогод з устаноў ПТА і ССА выпускаецца каля 60 тысяч чалавек, і гэтая лічба не закрывае ўсе вакансіі рынку працы. Таму неабходна працаваць з дарослымі — прадпрыемствам рэальнага сектара эканомікі трэба выбудоў­ваць стратэгію на перанавучанне дарослых, правядзенне прафесійнай дыягностыкі і вызначэнне, у якой галіне трэба павысіць кваліфікацыю работніка або навучыць новым кампетэнцыям, каб павялічыць прадукцый­насць працы. 

Шэраг праблемных пытанняў ак­рэсліў у сваім выступленні рэктар РІПА Валерый Мікалаевіч Галубоўскі. Так, ён звярнуў увагу на неабходнасць уключэння кампаній прыватнай формы ўласнасці ў работу па прагназаванні патрэбнасці працоўных рэсурсаў. Такія кампаніі з’яўляюцца актыўнымі спажыўцамі кадраў, прымаюць на работу многа рабочых і служачых. Аднак пры гэтым іх патрэбы пры фарміраванні заказу кадраў не ўлічваюцца — галіновыя міністэрствы і мясцовыя органы ўлады, забяспечваючы развіццё галіны і рэгіянальнай эканомікі, абапіраюцца, па сутнасці, толькі на патрэбы падначаленых ім дзяржарганізацый. Бачыцца мэтазгодным узмацненне ролі аб’яднанняў і наймальнікаў прыватных арганізацый у пытаннях заказу кад­раў і сумеснага фінансавання пад­рыхтоўкі кадраў.   

В.М.Галубоўскі лічыць, што для вырашэння пытанняў кадравага забеспячэння неабходна больш эфектыўна выкарыстоўваць існуючыя рэсурсы за кошт павышэння прадукцыйнасці працы, развіваць нацыянальную сістэму кваліфікацый, аператыўна ўкараняць частковыя кваліфікацыі і развіваць цэнтры прызнання кваліфікацый рабочых. 

Выступленні прадстаўнікоў рэальнага сектара эканомікі на семінары паказалі, што і ў іх ёсць разуменне неабходнасці праца­ваць у цеснай сувязі з сістэмай адукацыі. Настаў час гэтае разуменне ўвасобіць у рэальных справах. 

Дар’я РЭВА.

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий