Калі пацыент — робат

- 13:26В СВЕЖИХ НОМЕРАХ "НАСТАЎНІЦКАЙ ГАЗЕТЫ"

Пацыент ні жывы ні мёртвы, а… штучны! Такімі пацыентамі запоўнена лабараторыя па адпрацоўцы навыкаў у Гомельскім медыцынскім каледжы. На манекенах, якія выглядаюць і паводзяць сябе, як жывыя, навучэнцы адточваюць свае навыкі.

Развіццё важнае для любой установы адукацыі. А для ўстановы, якая рыхтуе мед­работнікаў, важнае асабліва, бо вымяраецца яно ў чалавечых жыццях. І таму радасна, што ў медыцынскіх каледжах сёння ёсць тэхналогіі, здольныя эфектыўна вучыць і здзіўляць.

Спачатку медыцынскія прыгоды

Год назад у каледжы была адкрыта лабараторыя па адпрацоўцы навыкаў. У штодзённым жыцці яе называюць сімуляцыйным цэнтрам, бо тут сапраўды можна трапіць у сімуляцыю самых розных медыцынскіх прыгод. Лабараторыя з’явілася ў рамках праекта “Мадэрнізацыя сістэмы аховы здароўя Рэспублікі Беларусь”.  

Лабараторыя займае практычна цэлы паверх у каледжы. Яна падзелена на 4 тэматычныя модулі — асобныя памяшканні, дзе сабраны вучэбныя матэрыялы па пэўным кірунку. У сваю чаргу кожны модуль падзелены на дзве зоны — тэарэтычную, дзе навучэнцы атрымліваюць заданне, абмяркоўваюць яго, а ў канцы аналізуюць сваю работу, і непасрэдна рабочую, дзе і пачынаецца самае цікавае. 

Апынуўшыся ў першым модулі “Тэрапія. Сястрынская справа ў тэрапіі”, быццам трапляеш у палату сапраўднага аддзялення бальніцы. Тут размешчаны бальнічныя ложкі, а на іх — пацыенты. Пацыенты не сапраўдныя, аднак часам пачынаеш у гэтым сумнявацца. Робаты-сімулятары вельмі падобныя да чалавека — не толькі па памерах і форме, але і навобмацак — скура вельмі рэалістычная. Ды і паводзяць яны сябе, як людзі, — імітуюць фізіялагічныя рэакцыі чалавека на розныя маніпуляцыі, якія праводзяць мед­работнікі.

Гэтыя манекены выкарыстоўваюцца для адпрацоўкі навыкаў сястрынскага догляду. Навучэнцы могуць трэніравацца выконваць безліч маніпуляцый: можна ўзяць мазкі з зева і носа, кроў для лабараторных даследаванняў, паставіць клізму ці катэтар, увесці лекавыя сродкі, прамыць страўнік, пакарміць праз назагастральны зонд. І манекен рэагуе, як і цела чалавека. Напрыклад, калі катэтар устаноўлены правільна, то праз яго пацячэ вадкасць. Дарэчы, для такога роду маніпуляцый манекену можна “мяняць пол”. Таксама навучэнцы вучацца на гэтых манекенах прафілактыцы пролежняў і правядзенню ранішніх гігіенічных працэдур цяжкахворым пацыентам. “Пацыенты” пры гэтым важаць нямала, што дапамагае трэніравацца беражліва пераварочваць, перамяшчаць хворых людзей.  

Ёсць тут і трэнажоры — асобныя часткі цела. Напрыклад, рука, на якой навучэнцы трэніруюцца браць кроў з вены. І зноў жа — максімальная рэалістычнасць: педагогі, якія ўжо маюць вопыт забору крыві ў чалавека, адзначаюць, што вены муляжа зроблены настолькі праўдападобна, што пры праколе сасуда адчуванні такія, як пры праколе сценкі сасуда чалавека. 

Выратаваць Антона

Зоркай наступнага модуля “Хірургія і траўматалогія, рэаніматалогія” з’яўляецца робат-манекен для адпрацоўкі сардэчна-лёгачнай рэанімацыі з сістэмай кантролю. Калі з ім працуюць навучэнцы, то на некаторы час здаецца, што ты глядзіш кіно, — гэтую працэдуру нярэ­дка паказваюць у кінастужках. У манекена рухаецца галава, шыя, сківіца. Падчас вентыляцыі лёгкіх у яго рэалістычна ўзнімаецца грудная клетка. Акрамя эфектнага выгляду, манекен яшчэ і надзвычай функцыянальны — сістэма кантролю выводзіць на экран вынікі паслядоўнасці дзеянняў, глыбіні кампрэсіі сэрца і вентыляцыі дыхальных шляхоў. Гэта вельмі важна, каб навучэнец мог адчуць, напрыклад, з якой сілай трэба націскаць на грудную клетку. Бо калі націскаць занадта моцна, то можна зламаць рэбры, а калі націскаць слаба, то рэанімацыя можа аказацца не­эфектыўнай. 

“Таварыш па палаце” ў гэтага манекена — манекен Антон. Так ён названы ў тэхнічным пашпарце, і гэтае імя прыжылося. Яго яшчэ можна было б на­зваць “33 няшчасці”: манекен прызначаны для адпрацоўкі навыкаў пры траўме. І розных траўм для Антона аж 2 чамаданы — гэта розныя часткі цела і органы з разнастайнымі траўмамі, якія прымацоўваюцца да манекена. Напрыклад, можна прычапіць яму нагу з адкрытым пераломам, шчаку з апёкам, брушыну з ірванай ранай. Так навучэнцы адпрацоўваюць хірургічныя маніпуляцыі пры розных пашкоджаннях: апёках, пераломах, ударах, раненнях, ранах брушной поласці з эвісцарацыяй, некрозах ступняў і траўмах пальцаў.

— Дапамажыце! Мне ба­ліць! — а гэта ўжо крыкі з лабараторыі “Акушэрства і генекалогія”. Такімі гукамі суправаджаюцца роды ў манекена Ніны. А роды ў яе адбываюцца даволі часта — усё для лепшага навучання. Манекен-сімулятар родаў незаменны ў падрыхтоўцы будучых акушэраў. Манекен дазваляе праца­ваць па самых розных сцэнарыях — калі роды праходзяць фізіялагічна і калі ёсць паталогіі. Можна запраграмаваць розныя віды размяшчэння плода, абвіццё пупавіны вакол шыі, пасляродавы крывацёк і яшчэ безліч сітуацый, якія могуць здарыцца ў родавай зале. Манекен дазваляе дыягнаставаць родавыя анамаліі, адпрацоўваць сястрынскі догляд і дзеянні персаналу пры неадкладных сітуацыях.

А ў наступным модулі лабараторыі — лагічны працяг — “Педыятрыя, сястрынская справа ў педыятрыі”. Тут самыя маленькія трэнажоры — памер цела і прапорцыі манекена аналагічныя целаскладу нованароджанага. Калі ў яго ёсць нейкая праблема — ён плача. Калі навучэнец вызначыў і выправіў праблему, то пла­каць малое перастае і ўсміхаецца. Зусім як сапраўднае дзіця! А праблемы яму можна запраграма­ваць самыя розныя: голад, паніка, змена падгузніка, увага, зрыгванні, атручэнне лекавымі прэпаратамі.

Ёсць і манекен неданошанага дзіцяці, які дазваляе ажыццяў­ляць кармленне праз зонд, пальпацыю цемечка і швоў чэрапа, адсмоктваць макроту і право­дзіць іншыя маніпуляцыі. 

Галіна Уладзіміраўна Саланец, дырэктар каледжа:

—Гомельскі дзяржаўны медыцынскі каледж у гэтым го­дзе адзначыць 90-годдзе. Сёння каледж з’яўляецца шматпрофільным і вядзе падрыхтоўку медыцынскіх работнікаў сярэдняга звяна па спецыяльнасцях “Сястрынская справа”, “Лячэбная справа”, “Медыка-прафілактычная справа”, “Зубалячэбная справа”. Штогод дыпломы ўручаюцца каля 300 выпускнікам, прычым 100 працэнтаў атрымліваюць размеркаванне або накіроўваюцца на першае працоўнае месца. Каледж выпусціў ужо больш за 24 тысячы спецыя­лістаў. 

Асноватворны прынцып падрыхтоўкі кадраў — практыкаарыентаванасць. Рэалізацыі гэтага прынцыпу са­дзейнічае і лабараторыя адпрацоўкі навыкаў, якая працуе ва ўстанове ўжо год. 

Важным новаўвядзеннем у адукацыйны працэс з’яўляецца стварэнне школы каманды ўрача агульнай практыкі — сумеснага праекта каледжа з Гомельскім дзяржаўным медыцынскім універсітэтам. Яго мэта — адаптацыя будучых членаў каманды ўрача, іх зладжаная работа ў брыгадзе. 

У сучасных умовах каледж паспяхова спраўляецца з пастаўленымі задачамі — удасканаленнем якасці адукацыйнага працэсу шляхам павышэння ўзроўню ведаў і практычных навыкаў медыцынскіх работнікаў праз стварэнне сістэмы практыка-арыентаванай падрыхтоўкі, бесперапыннай прафесійнай адукацыі, ажыццяўленне пераемнасці паміж тэарэтычнай, навуковай і практычнай падрыхтоўкай спецыя­лістаў.

Не лялькі, а вучэбныя дапаможнікі

Праз кожны модуль гэтай лабараторыі за час навучання праходзіць кожны навучэнец кале­джа. Практычнаму навучанню ў каледжы надаецца значная ўвага, і ў лабараторыю навучэнцы трапляюць вельмі хутка — праз пару тыдняў пасля пачатку заняткаў у верасні. Спачатку яны знаёмяцца з тэорыяй, потым адпрацоўваюць навыкі ў звычайных тэматычных лабараторыях, дзе размешчаны больш простыя трэнажоры, якія даюць агульнае разуменне маніпуляцыі. А потым ужо трапляюць у лабараторыю адпрацоўкі навыкаў, дзе працуюць з амаль рэальнымі пацыентамі. І гэта ўнікальны і вельмі карысны вопыт. 

— Лабараторыя па адпрацоўцы навыкаў — гэта імітацыя бальнічнага памяшкання, дзе пацыенты ніколі не скардзяцца і дзе медыцынскаму персаналу дазволена вучыцца на сваіх памылках, — цудоўная магчымасць для будучых медыцынскіх работнікаў. Добра адпрацаваўшы практычныя навыкі і ўменні, яны будуць больш упэўненымі ля ложка хворага, — дзеліцца меркаваннем Галіна Рыгораўна Песенка, загадчыца лабараторыі. 

Муляжы і манекены — гэта, па сутнасці, вучэбныя дапаможнікі, і ў педагога ёсць розныя магчымасці, як іх выкарыстаць. Можна ўключаць розныя рэжымы — напрыклад, рэжым навучання, калі трэнажор падказвае, як лепш зрабіць, або экзаменацыйны рэжым, які дапамагае правяраць навыкі. Працуюць у лабараторыі маленькімі падгрупамі па 7—9 чалавек, так што ў кожнага ёсць магчымасць адшліфаваць навыкі. А колькасць разнастайных дапаможнікаў і варыяцыі работы з імі даюць магчымасць атрымаць самыя розныя ўменні. З такім багажом не страшна ісці да сапраў­днага пацыента. 

Аналагічныя лабараторыі сёння ёсць практычна ва ўсіх медкаледжах краіны. Дарэчы, у іх можна не толькі вучыцца. Зараз творчая група педагогаў медкаледжаў з усёй краіны працуе над распрацоўкай аб’ектыўнага клінічнага структураванага экзамену, які стане часткай выніковай атэстацыі. Практычная частка яго будзе праходзіць на сімулятарах такіх лабараторый.

 

Дар’я РЭВА

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий