Закінуты мяч

- 10:03В СВЕЖИХ НОМЕРАХ "НАСТАЎНІЦКАЙ ГАЗЕТЫ"

Сёлета ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Францыска Скарыны на факультэце фізічнай культуры ўпершыню будзе весціся набор па спецыяльнасці “Спартыўна­педагагічная дзейнасць (трэнер па баскетболе)”. 

На факультэце фізічнай культуры ГДУ імя Ф.Скарыны ў межах спецыяльнасці “Спартыўна-педагагічная дзейнасць” ажыццяўляецца падрыхтоўка трэнерскіх кадраў па 7 відах спорту: лёгкая атлетыка, спартыўная гімнастыка, гандбол, футбол, вольная барацьба, бокс і дзюдо. Сёлета ў гэтым пераліку з’явіцца яшчэ
адзі­н кірунак — баскетбол. Падрыхтоўка такіх спецыялістаў у першую чаргу звязана з недахопам трэнерскіх кадраў у галіне спартыўных гульняў. 

“На трэнерскую работу па баскетболе плануем залічыць 6 абітурыентаў, — расказ­вае дэкан факультэта фізічнай культуры Сяргей Сеўдалеў. — Мы ўжо прайшлі акрэдытацыю па новай спецыяльнасці, а зна­чыць, будзем яе развіваць. Безумоўна, калі прымалі такое рашэнне, кіраваліся патрэбамі рэгіёна. Увогуле, на спецыяльнасць “Спартыўна-педагагічная дзейнасць” збіраемся набіраць 26 чалавек. У наступным навучальным годзе будзе працягнута навучанне студэнтаў па ўжо традыцыйных для нашага ўніверсітэта відах спорту, такіх як лёгкая атлетыка, гандбол, дзюдо.

Абітурыенты, якія паступаюць на спецыяльнасць “Спартыўна-педагагічная дзейнасць”, павінны быць прафарыентаваны: займацца спортам і мець першы разрад па тым кірунку, які выбіраюць для будучай прафесіі.

Будучыя трэнеры па баскетболе павінны прадаставіць у прыёмную камісію сертыфікаты ЦТ па біялогіі, беларускай (рус­кай) мове, а таксама здаць ва ўніверсітэце тэсты па агульнай і спецыяльнай фізічнай падрыхтоўцы.

“Такі падыход дазволіць адабраць найбольш падрыхтаваных і прафесійна арыентаваных абітурыентаў, — упэўнены С.Сеўдалеў. — Безумоўна, яны павінны мець добры бал атэстата. У нашым рэгіёне баскетбол вельмі папулярны, таму спадзяёмся, што і попыт на гэты кірунак, і конкурс будуць высокімі. У гэты спіс таксама трэба дадаць валейбол. Трэнераў па гэтым відзе спорту нашаму рэгіёну не хапае. Зараз абмяркоўваем з упраўленнем спорту і турызму Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта магчымасць адкрыцця ў наступным годзе гэтай спецыя­лізацыі”. 

Спецыяльнасць: “Спартыўна-педагагічная дзейнасць”. Кваліфікацыя: “трэнер па баскетболе. Выкладчык фізічнай культуры”. Тэрмін навучання: 4 гады.
Сертыфікаты ЦТ: беларуская (руская) мова, біялогія.

Сярод абітурыентаў, якія паступаюць на факультэт фізічнай культуры ГДУ імя Ф.Скарыны, заўсёды ёсць спартсмены, якія маюць высокія дасягненні ў спорце. Для іх прадугледжаны шэраг ільгот. Так, удзельнікі Алімпійскіх, Параалімпійскіх і Дэфлімпійскіх гульняў, чэмпіёны і прызёры чэмпіянатаў свету і Еўропы, Еўрапейскіх гульняў, Еўрапейскіх юнацкіх алімпійскіх фестываляў, пераможцы чэмпіянатаў Беларусі па тых відах спорту, якія ўвахо­дзяць у праграму Алімпійскіх гульняў, залічваюцца ва ўніверсітэт без уступных іспытаў. 

“Як правіла, штогод 5—6% абітурыентаў паступаюць без экзаменаў, — заўважае С.Сеўдалеў. — У асноўным яны выбіраюць спецыяльнасць “Спартыўна-педагагічная дзейнасць”. Дарэчы, выпускнікі вучылішча алімпійскага рэзерву і пераможцы алімпійскіх дзён моладзі таксама залічваюцца па-за конкурсам, у прыярытэтным парадку. Што тычыцца мэтавай падрыхтоўкі, то, калі рэгіёны заяўляюць такія месцы, для іх рыхтуем спецыяліста, які пасля адпрацоўвае 5 гадоў”.

Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий