Пазнавальныя забавы

- 10:12В СВЕЖИХ НОМЕРАХ "НАСТАЎНІЦКАЙ ГАЗЕТЫ"

Лета ў дзіцячых садах — сапраўды як маленькае жыццё. Гэта час гульняў, забаў, свят на вуліцы, дзе цёпла і сонечна. І, канечне ж, летнія месяцы — самыя прыдатныя для аздараўлення хлопчыкаў і дзяўчынак, таму ў гомельскіх садах летні час выкарыстоўваецца напоўніцу. Тут па-майстэрску спалучаюць гульнявую, вучэбную і аздараўленчую дзейнасць.

Весела і прадукцыйна

Тэрыторыя ясляў-сада № 8 Гомеля напоўнена дзіцячымі галасамі. Мы завіталі туды ў час прагулкі. Усе гульнявыя пляцоўкі заняты. Вось дзеткі танцуюць. З аўтаномнай калонкі даносяцца рытмы знаёмай песенькі. Малышня радасна падпявае і паўтарае за выхавальніцай танцавальныя рухі.

Крыху далей на траве стаіць сапраўдная палатка, побач раскладзены дровы, ёсць посуд для гатавання юшкі. Абсталяваная турыстычная пляцоўка вабіць не толькі малых, але і дарослых. Як адзначыла загадчыца дзіцячага сада Ірына Малая, тут гадаванцы не толькі забаўляюцца, але і вучацца адпаведным турыстычным паводзінам. Галоўнае, каб дзеці засвоілі правілы бяспекі, ведалі, што можна, а што нельга рабіць побач з палаткай, дзе можна распаль­ваць вогнішча, а дзе забаронена. Ву­чыць гуляючы — асноўны закон для дашкольных устаноў — выконваецца бездакорна.

Далей загадчыца запрашае наведаць пляцоўку, абсталяванне для якой дапамагалі на­быць бацькі. Домік, вулічныя цацкі, міні-басейн — усё для прыдатнага летняга адпачынку. Малыя ахвотна паказ­ваюць сваю “гаспадарку”, заўважаючы, што ў домік абутым заходзіць нельга. Паважлівае стаўленне да дамашняга распарадку — таксама патрэбны навык. Ірына Міхайлаўна заўважае, што ўзаемаадносіны з бацькамі ў сваёй навучальнай установе яна будуе выключна на прынцыпах узаемапавагі.

Пераходзім у будынак дзіцячага сада. Тут летам па-за канкурэнцыяй басейн. З дашкольнікамі працуе педагог-інструктар, які і плаваць, і ныраць навучыць. Дзеці радасна плёскаюцца ў вадзе, але і плавальныя навыкі прадэманстраваць не забываюць. Калі ж час прыходзіць вяртацца ў групу, то і тут сумаваць няма калі, бо можна, напрыклад, пагуляць у лялечны тэатр. Як бачым, лета ў яслях-са­дзе № 8 Гомеля цікавае, вясёлае і прадукцыйнае.

У дашкольнай установе сфарміравана 14 груп з 360 гадаванцаў. Для развіцця дзяцей абсталяваны музычная зала, спартыўная зала і пляцоўка, ёсць магчымасць атрымліваць харэаграфічныя навыкі, вывучаць замежную мову, створана мацярынская школа. Працуюць адаптацыйныя групы, дзяцей вучаць дэкаратыўна-прыкладному мастацтву, развіваецца дзіцячае ручное ткацтва, тэхнічнае канструяванне.

Пры арганізацыі выхаваўча-вучэбнай прасторы дзіцячага сада мы зыходзім найперш з унікальнасці і непаўторнасці кожнага дзіцяці, таму імкнёмся прымаць дзіця такім, якое яно ёсць. Заўсёды шукаем баланс паміж свабодай і кантролем, імкнёмся развіваць дух супрацоўніцтва.

“У нас можна атрымаць карэкцыйна-кампенсавальныя паслугі: педагагічную карэкцыю, карэкцыю цяжкасцей у засваенні праграмы, псіхалагічную карэкцыю, карэкцыю цяжкасцей інтэлектуальнага развіцця, эмацыянальных парушэнняў, асобасных праблем у дзяцей. Дзейнічае пункт карэкцыйна-педагагічнай дапамогі”, — адзначыла загадчыца. 

Дарэчы, на рахунку дашкольнай установы дыплом І ступені гарадскога конкурсу “Лепшы пункт карэкцыйна-педагагічнай дапамогі”. Увогуле, педагогі ясляў-сада — актыўныя ўдзельнікі конкурсаў, інавацыйных праектаў. У прыватнасці, у мінулым навучальным го­дзе тут рэалізоўваўся псіхалагічны праект для выхаванцаў “Краіна самацветаў”, адукацыйны — “Інфарматыка без разеткі”. З гэтага года пачаў сваю рэалізацыю інавацыйны праект “Укараненне методыкі правядзення ранішняй гімнастыкі ва ўстановах дашкольнай адукацыі”. 

“Пры арганізацыі выхаваўча-вучэбнай прасторы дзіцячага сада мы зыходзім найперш з унікальнасці і непаўторнасці кожнага дзіцяці, таму імкнёмся прымаць дзіця такім, якое яно ёсць. Заўсёды шукаем баланс паміж свабодай і кантролем, імкнёмся развіваць дух супрацоўніцтва”, — падсумавала Ірына Міхайлаўна.

Развіццёвыя лакацыі

Развіваць прыродныя таленты і схільнасці дзіцяці імкнуцца і ў Гомельскім дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці “Званочак”. Тут стварылі зоны рознай тэматыкі. 

У выніку тэрыторыя ў цэнтры развіцця падзелена на тэматычныя пазнавальна-забаўляльныя лакацыі. Здзіўляцца пачынаеш з увахода. На спартыўнай пляцоўцы нацягнута сетка для валейбола. Шчыра кажучы, я вельмі здзівілася (мне здавалася, што такая гульня будзе цікавай для больш дарослых дзяцей), але, паглядзеўшы на тое, з якім азартам лётае праз сетку мячык, зразумела, што дарма. Прынамсі, пасаваць і адбіваць мяч дзеці дакладна могуць. А тэхніка — справа нажыўная. 

Далей мы трапілі на метэапляцоўку. Яна агароджана і з інтэрактыўным абсталяваннем. На вочы адразу трапляе метэабудка, флюгер, сонечны гадзіннік, спецыяльны стэнд з рухомымі часткамі (візуалізатар надвор’я), дзе пазначаны дні тыдня, можна адзначыць тэмпературу паветра, зафікса­ваць умовы надвор’я (сонечнае, пахмурнае, воблачнае, дажджлівае). 

Як адзначыла загадчыца да­школьнага цэнтра развіцця дзіцяці “Званочак” Наталля Шэвелева, дзейнасць іх дашкольнай установы арыентавана на актыўнае набыццё дзецьмі навыкаў экалагічнай культуры і павышэнне экалагічнай пісьменнасці. “Дашкольны ўзрост важны для развіцця пазнавальных патрэб, якія знаходзяць адлюстраванне ў пошукавай, даследчай дзейнасці, накіраванай на адкрыццё новага, раней нязведанага”, — падкрэсліла Наталля Міхайлаўна.

Агарод у дзіцячым садзе і пасільная праца дзяцей на яго тэрыторыі аказваюць уплыў на фарміраванне элементарных экалагічных уяўленняў у дашкольнікаў.

Развіццё даследчых навыкаў і пашырэнне экалагічнай культуры працягваецца на невялічкім агародзе. Прызнацца, і тут я здзівілася. Найперш таму, што дзецям пад кіраўніцтвам выхавальнікаў удаецца вырошчваць. Агуркі, памідоры, цыбуля, баклажаны, клубніцы, кветкі — і гэта толькі тое, што змагла пазнаць па форме і колеры лістоў!

Лічыцца, што агарод у дзіцячым садзе патрэбен для таго, каб знаёміць дашкольнікаў з прыродай і яе сезоннымі зменамі. Акрамя гэтага, агарод у дзіцячым садзе і пасільная праца дзяцей на яго тэрыторыі аказваюць уплыў на фарміраванне элементарных экалагічных уяўленняў у дашкольнікаў. Гэтую думку па­дзяляюць у “Званочку” цалкам. Нават проста сачыць за тым, як з’яўляецца, расце і чырванее клубніца, — сапраўднае чараўніцтва. 

Канечне, дзеці, якія не проста бачаць увесь працэс, а становяцца яго ўдзельнікамі, набываюць унікальны пазнавальны і практычны вопыт. Яны разумеюць, як насенне ператвараецца ў плады. Да таго ж знаёмяцца з культурай вырошчвання розных раслін. На тэрыторыі цэнтра маецца яшчэ і фітаагарод.

Ёсць у цэнтры і аўтагарадок са святлафорамі, дарогамі, пешаходнымі зебрамі. Тут, зразумела, малых вучаць правілам дарожнага руху. Побач, для набыцця сацыяльных навыкаў, усталявана невялічкая гульнявая пляцоўка — “бензакалонка”. Па меркаванні Наталлі Міхайлаўны, дзеці павінны ве­даць правілы паводзін у такім месцы. Для набыцця правільных сацыяльных навыкаў было вырашана ўсталяваць сапраўдны рыначны прылавак пад навесам. Зноў-такі, дзеці — актыўныя ўдзельнікі грамадства, таму ім неабходна ра­зумець, што такое базар, што там можна на­быць, як сябе паводзяць прадаўцы і пакупнікі. 

На стадыі дапрацоўкі знахо­дзіцца этнакуток у невялічкім закрытым дворыку — вельмі атмасфернае месца, дзе ў будучыні можна будзе праводзіць, напрыклад, святы. 

Падчас нашага наведвання дашкольнага цэнтра дзятва гудзела на ўсіх пляцоўках. Не сумняваюся, што прыходзяць яны ў свой садок з вялікім задавальненнем. У цэнтры функцыянуе 14 груп, у якіх 342 гадаванцы. Гэтак жа, як і ў яслях-садзе № 8, тут ёсць басейн, абсталяваныя музычная і спартыўная залы. Можна атрымаць карэкцыйна-кампенсавальныя паслугі. Дзеткі маюць магчымасць займацца харэаграфіяй, фітнесам, вывучаць замежную мову, працуе мацярынская школа.  

Абедзве дашкольныя ўстановы супрацоўнічаюць з Гомельскім педагагічным каледжам імя Л.С.Выгоцкага, Гомельскім дзяржаўным універсітэтам імя Ф.Скарыны, Гомельскім абласным інстытутам развіцця адукацыі. Заўсёды гатовы пераймаць і дзяліцца вопытам. 

Па словах начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Цэнтральнага раёна Гомеля Людмілы Крылісценка, спектр паслуг у дашкольных установах раёна ўвесь час пашыраецца. “Усе імкнуцца своечасова рэагаваць на запыты бацькоў. Акрамя таго, час не стаіць на месцы, таму арганізацыйна-метадычная дзейнасць у дашкольных установах адукацыі павінна адпавядаць сучасным трэндам”, — заўважыла Людміла Уладзіміраўна.

Дарэчы, для зручнасці бацькоў у Гомельскай вобласці працуюць карты візуалізацыі свабодных месцаў ва ўстановах дашкольнай адукацыі рэгіёна.

Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий