Падарунак да 1 верасня

- 12:41В СВЕЖИХ НОМЕРАХ "НАСТАЎНІЦКАЙ ГАЗЕТЫ"

Новы навучальны год для настаўніка геаграфіі гімназіі № 2 Віцебска Сяргея Крывенкі стартаваў з перамогі яго вучня на XV Міжнароднай алімпіядзе па навуках пра Зямлю.

Радасная вестка даляцела з сонечнай Італіі літаральна напярэдадні Дня ведаў — цырымонія ўзнагаро­джання прайшла анлайн 31 жніўня. Алег Паўловіч дабавіў бронзавы медаль у скарбонку беларускай зборнай і адзінаццатую алімпіядную вучнёўскую перамогу міжнароднага ўзроўню ў асабісты залік любімага настаўніка. Сяргей Мікалаевіч прызнаецца: кожны, нават самы дробязны, на першы погляд, поспех свайго навучэнца ён заўсёды ўспрымае як падарунак. Калі дасягненне значнае, гэта яшчэ прыемней. А да 1 верасня — цудоўна, двайное свята атрымліваецца! Прычым яго падзяляе мноства людзей як у гімназіі, так і па-за яе сценамі. У тым ліку выпускнікі, сувязь з якімі ў Сяргея Крывенкі пасля апошняга званка не перапыняецца.  

— Калі гаварыць пра гімназію, то ў нас наладжана эфектыўная сістэма работы з высока­матываванымі і адоранымі навучэнцамі, — адзначае педагог. — У сваю чаргу, яна непарыўна звязана з падрыхтоўкай самых працавітых, здольных і дапытлівых да выступленняў на абласным і рэспубліканскім узроўнях. Для кожнага настаўніка складнікі паспяховасці, напэўна, па любым вучэбным прадмеце падобныя: найперш вучні, нацэленыя на вынік, уласная матывацыя і прафесіяналізм, дапамога ўсіх зацікаўленых, уключаючы калег і кіраўніцтва ўстановы адукацыі. У кантэксце міжнародных алімпіяд па геаграфіі апошняе вельмі істотна. Бо недастаткова грунтоўна ведаць прадмет — трэба яшчэ валодаць англійскай мовай і спецыяльнай тэрміналогіяй на абедзвюх мовах. Старэйшыя з маіх вучняў у гэтым нават больш дасведчаныя, чым я. Але і самому даводзіцца трымаць форму — напрыклад, з заданнямі папярэдніх алімпіяд разбірацца, англамоўныя тэсты рашаць перад заняткамі з дзецьмі. У гімназіі мы працуем у адзінай звязцы з настаўнікамі замежнай мовы. Што тычыцца аўтарскай мадэлі падрыхтоўкі, то існуе, безумоўна, пэўны графік, методыка, сістэма заняткаў на ўроках і факультатывах. У любым выпадку гэтага недастаткова. Глупства настаўніцкую працу вымяраць строга ў гадзінах рабочага часу. Мы з вучнямі ставім агульную, значную асабіста для кожнага з нас, мэту — і працуем на яе дасягненне, не ад званка да званка. Таму падзел на абавязковае і тое, што дыктуюць уласныя інтарэсы, даволі ўмоўны. Асабіста мяне на работу са школьнікамі найперш матывуюць зносіны. У кантакце з дзецьмі атрымліваеш зарад бадзёрасці і энергіі і сам аддаеш часцінку сябе. І, што важна, не спыняешся ў развіцці, пастаянна даведваешся штосьці новае.

Сяргей Крывенка амаль чвэрць стагоддзя настаўнічае ў роднай школе, якая цяпер мае статус гімназіі і лічыцца адной з лепшых у краіне ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Зараз тут вучацца тры яго дачкі. Старэйшая, дарэчы, мае дыплом заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па геаграфіі. Варта дадаць, што такіх пераможцаў у камандзе Сяргея Мікалаевіча некалькі дзясяткаў. Таму ў адказ на пытанне, колькі яго выпускнікоў атрымалі 100-бальныя вынікі на цэнтралізаваным тэсціраванні, педагог дазваляе сабе пажартаваць: ніводнага, яны туды элементарна не трапляюць. Бо ўсім, каму для паступлення ва ўстановы вышэйшай адукацыі патрэбна здаваць адпаведныя іспыты, на момант выпуску ўжо залічаны 100 балаў як пераможцам рэспубліканскай алімпіяды. Акрамя таго, каманда навучэнцаў пад кіраўніцтвам Сяргея Крывенкі практычна штогод радуе перамогамі ў фінале рэспуб­ліканскага чэмпіянату па інтэлектуальных гульнях сярод школьнікаў. Ёсць у скарбонцы эрудытаў і больш важкія ўзнагароды — напрыклад, з аналагічнага чэмпіянату Еўропы. 

Вывучэнне геаграфіі роднай краіны фарміруе пачуццё патрыятызму: адкрываючы для сябе новыя і новыя дасягненні Беларусі і яе людзей, нельга не адчуваць гордасці за Радзіму.

Гэтае лета выдалася ў настаўніка багатым на падзеі. Тры адказныя старты — XVIII Міжнародная і VII Еўрапейская геаграфічныя алімпіяды ў чэрвені і ліпені, XV Міжнародная алімпіяда па навуках пра Зямлю — у кожнай удзельнічалі ў скла­дзе зборных Беларусі яго вучні, вынік — тры бронзавыя медалі. У жніўні праходзіў рэс­публіканскі лагер для інтэлектуалаў з усёй рэспублікі, гімназію прадстаўлялі 19 чалавек. Характэрна, што ледзь не ўсе алімпіяднікі-географы падзяляюць захапленне свайго настаўніка інтэлектуальнымі гульнямі. 

— Хто сур’ёзна судакранаўся са спаборніцтвамі ў цэлым, пацвердзіць, наколькі важна паняцце школы, — дапаўняе настаўнік. — У цябе з’яўляецца першы абласны, рэспуб­ліканскі, міжнародны пераможца, які падае прыклад іншым дзецям, і яны следам імкнуцца да поспеху. Калі гэта не адзінкавы выпадак, а сістэма, то назапашваецца вопыт. Тым часам вырастаюць новыя пераможцы, матывуюць да штурму вяршынь малодшых — на кожным вітку ўсё вышэй. Акрамя таго, пастаянна адбываецца інтэнсіўны абмен інфармацыяй унутры каманды. Мае міжнароднікі з ліку цяперашніх навучэнцаў і выпускнікоў ведаюць такія нюансы, пра якія я магу і не падазраваць, бо сам на міжнародных алімпіядах не прысутнічаю. З рэальным вопытам увесці равеснікаў у курс спраў ім значна прасцей. Менавіта маленькая, нязначная на першы погляд дэталь можа стаць вырашальнай для новай перамогі. Плюс, безумоўна, удача. Як бы там ні было, многае зале­жыць і ад правільнага псіхалагічнага настрою. Геаграфія — полікультурны і полікаштоўнасны прадмет, вельмі разнапланавы і надзвычай прыцягальны. Каб у ім добра арыентавацца, неабходна быць дасведчаным у краязнаўстве, гісторыі, матэматыцы, фізіцы, хіміі — пералік можна працягваць бясконца. Вывучэнне геаграфіі роднай краіны, несумненна, фарміруе пачуццё патрыятызму: адкрываючы для сябе новыя і новыя дасягненні Беларусі і яе людзей, нельга не адчуваць гордасці за Радзіму. У свой час мой прафесійны выбар быў свядомы, сёння магу дадаць — правільны. Гэтаму таксама стараюся навучыць дзяцей, сарыентаваць іх у свеце прафесій. У маленстве і юнацтве кожны ўяўляе сябе будучым суперпрафесіяналам, а калі расказваеш аб раней не вядомай вучням спецыяльнасці ці набліжаеш ідэал да рэальнасці — ад перспектыў на рынку працы да неабходных уменняў, навыкаў, паказчыкаў здароўя, дзеці задумваюцца. Мая звышза­дача — матываваць і пракантраляваць, задача навучэнца — адшукаць неабходную інфармацыю. У каго ёсць мэта, унутраная дысцыпліна, імкненне да новых ведаў і развіцця, той з поспехам сябе рэалізуе. Гэтым засвоеным у гімназіі імператывам выпускнікі будуць кіравацца і ў самастойным жыцці.

Таццяна БОНДАРАВА

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий