Выкарыстанне відэатэкі буктрэйлераў у рабоце ўстаноў адукацыі для папулярызацыі дзіцячых кніжак

- 11:43Дошкольное образование. Идеи, Методичка

Дыдактычны арсенал педагогаў Светлагорскага раёна папоўніўся бібліятэкай буктрэйлераў, створанай у выніку конкурсу, які выклікаў вялікую цікавасць

Людміла ЯВАР,
мет
адыст
ДУ “Светлагорскі раённы вучэбна-метадычны кабінет”,
Гомельская вобласць

 

 

Сёння ўсім знаёмыя трэйлеры да фільмаў, якія за кароткі час выклікаюць у нас цікавасць да новага твора кінематаграфіі. Не так даўно ідэя трэйлера знайшла сваё развіццё ў буктрэйлеры – відэароліку да кнігі. Цяпер гэта ідэя выкарыстоўваецца ў рабоце ўстаноў адукацыі Светлагорскага раёна для папулярызацыі дзіцячых кніжак. Мы робім буктрэйлеры. І такім чынам рэкламуем літаратурныя творы для дзетак.

У нашым Светлагорскім раёне падведзены вынікі раённага онлайн-конкурсу буктрэйлераў “Ды роднай мовы крок зрабі”. Конкурс быў нацэлены на ўдасканаленне формаў і метадаў узаемадзеяння з законнымі прадстаўнікамі выхаванцаў па папулярызацыі беларускай мастацкай літаратуры і сямейнага дзіцячага чытання, стварэнне дадатковых умоў для выхавання патрыятычных пачуццяў і фарміравання духоўна-маральных і сацыяльных каштоўнасцей у дзяцей дашкольнага ўзросту.

Пра папулярнасць гэтага конкурсу кажа колькасць удзельнікаў: трыццаць устаноў дашкольнай адукацыі выказалі жаданне і прадставілі для ацэнкі свае работы. Неабходна адзначыць, што аўтарамі буктрэйлераў сталі не толькі педагагічныя супрацоўнікі, але і бацькі. Значыць, праблема адраджэння чытацкай культуры, выхавання асобы дашкольніка праз сродкі народнай культуры зразумелая і прынятая сям’ёй.

Мультфільмы і гульнявыя ролікі, кароткаметражныя фільмы і відэаперформансы, рэкламныя ролікі і камп’ютарная графіка… Разнастайнасць ідэй і падыходаў уразілі журы і паставілі яго перад складаным выбарам пераможцаў.

У даступнай форме педагагічныя супрацоўнікі з удзелам выхаванцаў і іх бацькоў распавялі пра кнігі беларускіх аўтараў, творы беларускага фальклору. Найбольш часта выкарыстоўвалі беларускія народныя казкі “Лёгкi хлеб”, “Каза-манюка”, “Дзедава рукавiчка”. Гэты выбар не выпадковы, бо менавіта даступныя і зразумелыя сюжэты беларускага фальклору самыя зразумелыя і эфектыўныя для далучэння выхаванцаў да твораў мастацкай літаратуры, для фарміравання чытацкай культуры.

Арыгінальнасць ідэі пясочнага мультфільма спецыяльнага ясляў-сада № 17 адлюстравала атмасферу і жанр казкі А.Дударава “Сiнявочка”. Сродкі настольнага тэатра буктрэйлера ясляў-сада № 7 распавялі пра сюжэт і герояў твора “Сем мастакоў” А.Р.Кобец-Філімонавай, педагогі ясляў-сада № 6 зацікавілі і пераканалі пазнаёміцца бліжэй з беларускай казкай “Лёгкі хлеб” у буктрэйлеры з ноткай рэкламы. Пераможцамі сталі дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці № 22, санаторны яслі-сад № 4, яслі-сад № 10 і Каранёўскі яслі-сад – сярэдняя школа Светлагорскага раёна.

Галоўны вынік конкурсу – у педагогаў Светлагорскага раёна з’явілася відэатэка буктрэйлераў, якая ў далейшым паслужыць дыдактычным арсеналам у працы з выхаванцамі па рэалізацыі задач адукацыйных абласцей навучальнай праграмы дашкольнай адукацыі “Мастацкая літаратура” і “Дзіця і грамадства”. Немалаважным з’яўляецца і тое, што творы беларускай мастацкай літаратуры і фальклору стануць адным з сучасных сродкаў выхавання юных грамадзян Рэспублікі Беларусь.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий