Прыназоўнікі простыя, складаныя і састаўныя, іх ужыванне і правапіс. Урок беларускай мовы ў 7-м класе

- 16:00БЕЛАРУСКАЯ МОВА І ЛІТАРАТУРА, Беларуская мова і літаратура. Сцэнарыі, Методичка

Прыназоўнікі простыя, складаныя і састаўныя, іх ужыванне і правапіс. Урок беларускай мовы ў 7-м класе

Таццяна ШУЛЯК,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Гімназія г. Ганцавічы”,
Брэсцкая вобласць

 

 

Тэма: Прыназоўнікі простыя, складаныя і састаўныя, іх ужыванне і правапіс.

Тып урока: вывучэнне новага матэрыялу.

Мэты і задачы: дапамагчы вучням вывучыць будову прыназоўнікаў, засвоіць іх правапіс; выпрацоўваць уменні і навыкі знаходзіць простыя, складаныя і састаўныя прыназоўнікі ў тэксце і правільна пісаць іх; выкарыстоўваць спецыфічныя для беларускай мовы спалучэнні прыназоўнікаў з назоўнікамі, займеннікамі (пры перакладзе з рускай мовы); садзейнічаць развіццю маўлення; пашыраць слоўнікавы запас вучняў; падтрымліваць цікавасць да беларускага слова.

Выкарыстаныя педагагічныя тэхналогіі, метады, прыёмы, формы работы: актыўныя формы і метады навучання, элементы праблемнага навучання, элементы тэхналогіі сумеснай кааперацыі.

Час рэалізацыі ўрока: сакавік, 3-я чвэрць.

Веды, уменні, навыкі і якасці, якія набудуць вучні падчас урока: уменне адрозніваць вытворныя прыназоўнікі ад іншых часцін мовы, уменне адрозніваць простыя, складаныя і састаўныя прыназоўнікі, правільна іх пісаць (разам, асобна ці праз дэфіс), уменне перакладаць з рускай мовы спецыфічныя для беларускай мовы спалучэнні з прыназоўнікамі.

Абсталяванне: прэзентацыя да ўрока, апорныя схемы (кластары) па тэме “Прыназоўнік”, слоўнікі (тлумачальны, руска-беларускі, словаўтваральны, марфемны), надпісы  для рэфлексіі на сценах кабінета, выстава кніг, у назвах якіх ёсць прыназоўнікі.

Дыдактычнае забеспячэнне ўрока: камп’ютар, праектар.

Спіс вучэбнай і дадатковай літаратуры: часопісы “Беларуская мова і літаратура”, “Роднае слова”; Цыбульская С.І. “Школьны курс беларускай мовы ў табліцах і тэстах”, частка 1; Солахаў А.В. “Займальны матэрыял па беларускай мове”; слоўнікі.

 

Ход урока

1 Псіхалагічны настрой

Слайд 1

Рада вітаць усіх у гэтую вясновую раніцу! Няхай яна будзе цёплай ад вашых усмешак. Перад вамі выказванні рымскіх філосафаў. Растлумачце афарызмы. Якія з іх вы возьмеце з сабою на ўрок? Чаму?

1. Чалавек народжаны для думкі і дзеяння (Цыцэрон).
2. Кропля дзяўбе камень (Авідзій).
3. Гэтая справа не цярпіць ніякага адкладу (Лівій).

 

2 Паўтарэнне. Падрыхтоўка да ўспрымання новага матэрыялу

Нагадайце, з якой часцінай мовы мы пазнаёміліся на папярэдніх уроках?

– Што называецца прыназоўнікам? Выканайце словаўтваральны разбор гэтага слова (1 вучань каля дошкі):

Прыназоўнік ← назоўнік (прыставачны спосаб)

– Якія прыназоўнікі называюцца вытворнымі? Невытворнымі? Прывядзіце прыклады.

– Як адрозніць вытворны прыназоўнік ад іншых часцін мовы? (Прапусціць другое самастойнае слова, замяніць вытворны сінанімічным невытворным).

Слайд 2

Перад вамі спалучэнні слоў у двух слупках. Калі гэта прыназоўнік з назоўнікам, то побач з нумарам пастаўце лічбу 9, калі іншая часціна мовы, –лічбу 0.

1) насустрач вясне
2) ляжала ўбаку
3) паблізу школы
4) відаць зверху
5) пасля абеду

6) згодна з загадам
7) паблізу рыпнуў
8) на чале атрада
9) цямнелася наперадзе
10) гаварыў наперакор

Запішыце атрыманыя лічбы ў два слупкі, злучыце лініямі. Якая лічба ў вас атрымалася?
Адказы:

Магічная лічба “3”, якая часта сустракаецца ў творах вуснай народнай творчасці. 

Слайд 3

Якая сёння дата і месяц? (Трэцяга сакавіка) (Няма памылак, чыста, без выпраўленняў – 10 балаў, 1 выпраўленне – 9 б., 1 памылка – 8 б., 2 памылкі – 7 б., 3 памылкі – 6 б., 4 памылкі – 5 б., 5 памылак – 4 б., 6-7-8 памылак – 3 балы).

 

3 Паведамленне тэмы і мэт урока

Слайд 4

Паглядзіце на верш. Чаго ў ім не хапае? Уставім прапушчаныя словы. Ці знаёмы вам гэты верш?  Хто яго аўтар?

… казачным дубам … Нёманам сінім
Хлапец прызнаваўся … каханні дзяўчыне.
І рэхам той шэпт адгукаўся … гаю:
– Кахаю… кахаю… кахаю… кахаю…
                   Данута Бічэль-Загнетава “Роднае слова”

– Якія часціны мовы былі прапушчаны? Так, прыназоўнікі пад, над, у, між.

– Якія паводле паходжання гэтыя прыназоўнікі? (Невытворныя)

– А якія яны паводле будовы, мы і высветлім з вамі сёння.

Слайд 5

Тэма нашага ўрока – “Прыназоўнікі простыя, складаныя і састаўныя, іх ужыванне і правапіс”.

Паспрабуйце па першых літарах сфармуляваць мэты нашага ўрока.

– Адрозніваць простыя, складаныя і састаўныя прыназоўнікі;

– Правільна пісаць прыназоўнікі;

– Ужываць у вусным маўленні.

 

4 Вывучэнне і замацаванне новага матэрыялу

Слайд 6

Работа па кластарах і з падручнікам у парах.

– Якія значэнні могуць выражаць прыназоўнікі ў спалучэнні з самастойнымі часцінамі мовы? Дапоўніце прабелы ў сваіх табліцах.

– На якія групы падзяляюцца прыназоўнікі паводле паходжання? Што трэба памятаць пры ўжыванні невытворных прыназоўнікаў перад збегам зычных? (с. 168 падручніка) Прывядзіце прыклады спалучэнняў прыназоўнікаў з назоўнікам, дзе ёсць збег зычных.

– Ад якіх часцін мовы могуць утварацца вытворныя прыназоўнікі? Прывядзіце прыклады спалучэнняў слоў вакол, міма, у выніку, каб яны былі прыназоўнікамі і іншымі часцінамі мовы.

– На якія групы падзяляюцца прыназоўнікі паводле будовы? Якая яшчэ самастойная часціна мовы мае такія разрады? (Лічэбнік). Якія прыназоўнікі называюцца простымі? Складанымі? Састаўнымі? Як пішуцца складаныя і састаўныя прыназоўнікі?

– Дапоўніце прабелы ў кластары, карыстаючыся зместам параграфа 36, с. 167–168.

1

Прыназоўнікі заўсёды пішуцца асобна ад тых слоў, перад якімі стаяць

2

Складаныя прыназоўнікі з-за, з-пад, з-над, па-за, па-над
пішуцца праз злучок.

Але: прыназоўнік паўз пішацца разам

3

Складаныя прыназоўнікі пішуцца ў адно слова, як і прыназоўнікі, утвораныя ад прыслоўяў (тыпу наперадзе, ззаду, насустрач, навокал, абапал, зверху, услед)

4

Састаўныя прыназоўнікі пішуцца ў два або ў тры словы: у адказ на, на чале з, на шляху да, разам з, нягледзячы на, у адрозненне ад

 ПРЫНАЗОЎНІК

прасторавае

часавае

аб’ектнае

прычыннае

мэтавае

азначальнае

спосабу дзеяння

дзе?

калі?

за што?
да чаго?
над чым?

чаму?

з якой мэтай?

які?

як?

адпачываць на возеры, спыніцца сярод лесу

пасля экзаменаў,
у нядзелю,
з раніцы
да вечара

адносіцца да прыроды,
расказваць пра жыццё

намокнуць ад дажджу,
з’явіцца
па просьбе,
спазніцца без прычыны

пайсці
па хлеб, дарожка для язды, рыхтаваць да ўрокаў

сукенка
з шоўку, рыба
пад соусам, дом на два паверхі

чытаць з захапленнем,
дзяліць
па справядлі-васці

 

невытворныя

вытворныя

а, ад, для, дзеля, праз, між, без, за каля (ля), пры, пра, цераз, на, па
 
перад –    + мною –    перада
пад –                       –    пада
над –                        –    нада
аб-                           –    аба 

к –              + мне    –    ка
аб –                          –   аба 

у –     + універсітэт     – ва 

з –     + з, с, ж, ш, м    – са
             (збег зычных)  

ад назоўнікаў

ад прыслоўяў

ад дзеепрыслоўяў

пры дапамозе
на працягу
з прычыны
за выключэннем
з мэтай
у час
у выніку
у імя
у ролі
на чале
у адпаведнасці
у адрозненне
у параўнанні
перад

шляхам
у напрамку да

насустрач
абапал
акрамя
вакол
замест
збоку
зверху
міма
пасля
паблізу
насуперак
насупраць
пасярод
уздоўж
упоперак
услед

выключаючы
дзякуючы
не лічачы
нягледзячы на
пачынаючы з
уключаючы

простыя

складаныя

састаўныя

аб, без, за, у, на, над, для, пад, пры, сярод, цераз, акрамя, да, з (са), у (ва), перад, дзякуючы, шляхам

з-за, з-над, з-пад, па-за, па-над, замест, уздоўж, побач, з-па-над,
з-па-за, паўз

поруч з, у залежнасці ад, з нагоды, у выпадку, у канцы, у параўнанні з, у галіне, у адказ на, на чале з, на шляху да, разам з, нягледзячы на, у адрозненне ад

         

Слайд 7

Трэба адрозніваць!

Прыназоўнік  нягледзячы на  ад дзеепрыслоўя  не гледзячы, якое з часціцай не пішацца асобна. Параўнайце:

1) Не гледзячы сабе пад ногі, хлопцы беглі штосілы.
2) Нягледзячы на вялікую стомленасць, мы працавалі.

Ахарактарызаваць прыназоўнік нягледзячы на паводле паходжання і будовы. (Вытворны, састаўны)

Слайд 8

Работа са словазлучэннямі. “У” ці “ва”?

Устаўце патрэбны прыназоўнік.

спытацца … урача
апынуцца … вадзе
сустрэцца … універмагу
плаваць … басейне

даведацца … знаёмых
жыць … Ушачах
пабываць … усіх
напісаць … узросце

Слайд 9

Адказы

спытацца ва ўрача
апынуцца ў вадзе
сустрэцца ва ўнівермагу
плаваць у басейне

даведацца ў знаёмых
жыць ва Ушачах
пабываць ва ўсіх
напісаць ва ўзросце

Узаемаправерка па ключы на слайдзе. Ацэньванне на палях. Звярніце ўвагу на правапіс “ў” пасля галосных. (Няма памылак, чыста, без выпраўленняў – 10 балаў, 1 выпраўленне – 9 б., 1 памылка – 8 б., 2 памылкі – 7 б., 3 памылкі – 6 б., 4 памылкі – 5 б., 5 памылак – 4 б.)

Слайд 10

Работа са словазлучэннямі. “З” ці “са”?

Устаўце патрэбны прыназоўнік.

выехаць … двара
вылепіць … снегу
падзяліся … мною
кампазіцыя … жалудоў

павітацца … знаёмым
усмешка … здымка
жартаваць … брата
выйсці … строю

Слайд 11

Адказы.

выехаць з двара
вылепіць са снегу
падзяліся са мною
кампазіцыя з жалудоў

павітацца са знаёмым
усмешка са здымка
жартаваць з брата
выйсці са строю

Узаемаправерка па ключы на слайдзе. Ацэньванне на палях. (Няма памылак, чыста, без выпраўленняў – 10 балаў, 1 выпраўленне – 9 б., 1 памылка – 8 б., 2 памылкі – 7 б., 3 памылкі – 6 б., 4 памылкі – 5 б., 5 памылак – 4 б.)


Хвілінка адпачынку

Слайд 12

Аўдыёпытанне. Праслухаць урывак з песні, выпісаць прыназоўнікі, ужытыя ў ёй (у, з, на), ахарактарызаваць іх паводле паходжання і будовы, вызначыць, хто аўтар слоў і як называецца песня. (“Жураўлі на Палессе ляцяць” А.Ставер, спявае група “Сябры”)

Слайд 13

– Успомніце творы, кнігі, у назвах якіх ёсць прыназоўнікі. У дапамогу вам – партрэты беларускіх класікаў (на слайдзе), з творчасцю якіх вы пазнаёміліся на ўроках літаратуры. (“На Каляды к сыну” З.Бядуля, “Па-над белым пухам вішняў” М.Багдановіч, “Рэквіем па кожным чацвёртым” А.Вярцінскі, “Зямля пад белымі крыламі” У.Караткевіч, “У старых дубах” Я.Колас, “Пра смелага ваяку Мішку і яго слаўных таварышаў” М.Лынькоў, “Жураўлі на Палессе ляцяць” А.Ставер, “Уцякала зіма ад вясны” Р.Барадулін, “У стоптаным жыце” М.Сурначоў, “Мы з Санькам у тыле ворага” І.Сяркоў; Дэманстрацыя выставы кніг). 

– Кніга пра Ганцаўшчыну “Паміж Бобрыкам і Ланню”. Тут сабраны цікавыя прыметы, запісаныя вядомым этнографам, фалькларыстам, мовазнаўцам Аляксандрам Сержпутоўскім. Працягніце прымету. Колькі на небе зор, столькі…  (на зямлі людзей)

Слайд 14

Размеркаваць на тры слупкі адпаведна напісанню прыназоўнікаў.

(Ад)імя, (з)боку, (у)час, (з)лева, (па)над, (па)міма, (з)пада, (за)між, (на)конт, (на)сустрач.

Слайд 15

Адказы

разам

асобна

праз злучок

злева, паміма, заміж, наконт, насустрач

ад імя, з боку,
у час

па-над, з-пада

Самаправерка па ключы на слайдзе. Ацэньванне на палях. (Няма памылак, чыста, без выпраўленняў – 10 балаў, 1 выпраўленне – 9 б., 1 памылка – 8 б., 2 памылкі – 7 б., 3 памылкі – 6 б., 4 памылкі – 5 б., 5 памылак – 4 б.)

Слайд 16

Узбагачаем мову народным словам. У “Тлумачальным слоўніку беларускай мовы” знаходзім слова бяроста.

Бяроста – верхні, белы слой бярозавай кары.

Падбярыце аднакаранёвыя словы да слова бяроста. (Берасц-ян-ы, берасц-ян-к-а). (Узоры берасцяных вырабаў на слайдзе).

Практыкаванне 262, с. 172.

Берасцяныя вырабы – рэчы ўтылiтарнага i дэкаратыўна-прыкладнога прызначэння, зробленыя з бяросты. Выканайце фанетычны запіс гэтага слова ў транскрыпцыі. Якія фанетычныя асаблівасці вы сустрэлі? ([б’эрас’ц’аный’а])

Запішыце тэкст практыкавання, устаўляючы патрэбныя прыназоўнікі і прапушчаныя літары. Расстаўце знакі прыпынку.

Слайд 17

Работа з дэфармаванымі сказамі

Запісаць спалучэнні назоўнікаў з прыназоўнікамі, раскрываючы дужкі. Растлумачыць правапіс прыназоўнікаў. Абазначыць простыя, складаныя і састаўныя прыназоўнікі. Выканаць сінтаксічны разбор 6-га сказа.

1) (З) выпадку сустрэчы яны нават песню заспявалі.
2) Дзякуй небу, сонцу, зорам (па) над роднаю зямлёю.
3) Вось як цяпер, (перада, перад) мною ўстае куточак той прыгожы.
4) За тое месца над ракою не знаю большае красы, яно заўжды, заўжды (з, са) мною, дзе б я ні быў, (у, ва) усе часы.
5) Здалёк заўважыла: з(за) бяроз паказаліся сані.
6) (Ня, не) гледзячы на цяжкія выпрабаванні, мы не страцілі сваёй годнасці.    

Слайд 18

Адказы

Сінтаксічны разбор 6-га сказа. Годнасць (бел.) – достоинство (русск.)

[│-.-.-.-│, ─  ═ ].

1) З выпадку сустрэчы (састаўны)
2) па-над зямлёю (складаны)
3) перада мною (просты)
4) са мною, ва ўсе часы. (простыя)
5) з-за бяроз (складаны)
6) нягледзячы на выпрабаванні (састаўны)

Слайд 19

Сумеснае вырашэнне праблемы

Яшчэ адна пастка для вас. Уважліва сочым за маёй фармуліроўкай задання.

Знайдзіце ў сказе, запісаным на слайдзе, самастойную нязменную часціну мовы і запішыце яе.

Навокал мяне радасна пазіраюць на сонца, цешацца вясною дзьмухаўцы.

Кожны з вас павінен выказаць сваю версію і абараніць яе. Устаньце тыя, хто лічаць, што гэта слова навокал. Дазваляецца спрачацца, даказваць сваю правату. Калі памянялі сваю думку, вас пераканалі ў тым, што гэта слова радасна, то вам дазваляецца сесці.

Слайд 20

Перакладчыкі

А зараз папрацуем перакладчыкамі ў пары. З адваротнага боку кластара запісаны словазлучэнні на рускай і беларускай мовах. Адзін з вас зачытвае другому словазлучэнне з рускай мовы для перакладу на беларускую мову. А другі наадварот.

Па-беларуску

Па-руску

1. Смяяцца, жартаваць, кпіць, здзекавацца з суседзяў (Р. скл.)

1. Смеяться, шутить, издеваться над соседями (Т. п.)

2. Бегчы, ісці, ляцець, накіраваць, адправіць па (значэнне мэты) малако (В. скл.)  
Але: у грыбы, у ягады

2. Бежать, идти, лететь, направлять, отправить за молоком, за грибами, за ягодами, за земляникой (Т. п.)

3. Дзякаваць, выбачаць, дараваць мне, маці, бацьку (Д. скл.)

3. Благодарить, извинять, прощать меня, мать, отца (В. п.)

4. Адсутнічаць па суботах, прыязджаць па нядзелях, ісці па палях (М. скл.)

4. Отсутствовать по субботам, приезжать по воскресеньям, идти по полям (Д. п.)

5. Думаць, клапаціцца, марыць, непакоіцца пра дзяцей, пра родных (В. скл.)

5. Думать, хлопотать, мечтать, беспокоиться о (об) детях, о родных (П. п.)

6. Ажаніцца, жаніцца з Марынаю  (Т. скл.)

6. Жениться на Марине (П. п.)

7. Радавацца з нагоды дня нараджэння (Р. скл.)

7. Радоваться дню рождения (Д. п.)

8. Хварэць на ангіну,
хворы на сухоты (В. скл.)

8. Болеть ангиной, больной туберкулёзом (Т. п.)

9. Дом за дваццаць кіламетраў
ад чыгункі, прыпынак за трыста метраў ад метро (В. скл.)

9. Дом в двадцати километрах от железной дороги, остановка
в трёхстах метрах от метро (Р. п.)

10. Падобны да маці, да брата
(Р. скл.)

10. Похожий на мать, на брата (В. п.)

11. Не зрабіць праз ляноту (В. скл.)

11. Не сделать из-за лени (Р. п.)

12. Тлумачэнне памылак (Р. скл.)

12. Работа над ошибками (Т. п.)

13. Праспяваць на поўны голас
(В. скл.)

13. Пропеть во весь голос (В. п.)

14. Загадчык аддзела (Р. скл.)

14. Заведующий отделом (Т. п.)

15. Догляд хворага (Р. скл.)

15. Уход за больным (Т. п.)

16. Пісаць, дасылаць, адпраўляць
на адрас (В. скл.)

16. Писать, отсылать, отправлять
по
адресу (В. п.)

17. Вызначаць на смак, на густ,
на водар (В. скл.)

17. Определять по вкусу, по запаху (П. п.)

18. Ляціць хутчэй за птушку (В. скл.)

18. Летит быстрее птицы (Р. п.)

 

5 Заданне на дом

Слайд 21

§ 36, пр. 264. Запісаць тэкст, устаўляючы патрэбныя прыназоўнікі і знакі прыпынку.

 

6 Рэфлексія

Слайд 22

– Што было найбольш складаным на ўроку?

– Які від работы выклікаў цікавасць і задавальненне?

– Падыдзіце да тых слоў, якія характарызуюць вашу працу на ўроку, і дапоўніце іх.

… нягледзячы на памылкі …

не спынюся на палове дарогі…

паспеў дзякуючы …

згодна з загадам …

злучыў прыемнае з карысным …

у пастаяннай працы – надзея на …

 

7 Падвядзенне вынікаў урока

Мы не заканчваем працу над тэмай “Прыназоўнік”. На наступных уроках часта яшчэ будзем звяртацца да яе, папаўняць свае веды ўсё новай і новай інфармацыяй.

Адзнака за ўрок – сярэдняе арыфметычнае з тых балаў, якія запісаны ў вас на палях. Поспехаў вам! Дзякуй усім за працу! Да сустрэчы!    

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий