У аб’яднанні па інтарэсах «Ваўняныя цуды» дзеці ахвотна ствараюць модныя аксесуары, цацкі і прадметы адзення

- 16:53Без рубрики, В СВЕЖИХ НОМЕРАХ "НАСТАЎНІЦКАЙ ГАЗЕТЫ"

Людзі з даўніх часоў пачалі ўжываць тэхнікі валення для апрацоўкі воўны дзікіх жывёл і стваралі з лямцу, які ўтвараецца ў працэсе ўшчыльнення воўны, цёплую вопратку і абутак. Цяпер гэтыя тэхнікі з задавальненнем выкарыстоўваюць нават дзеці. Падрабязней – у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты».

У аб’яднанні па інтарэсах “Ваўняныя цуды” Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі пад кіраўніцтвам педагога Ірыны Шуміла хлопчыкі і дзяўчынкі з 6 гадоў ахвотна ствараюць сучасныя і модныя аксесуары, цацкі, прадметы адзення і інтэр’ера.

Валенне з воўны, або фелтынг, — просты і цікавы від творчасці для заняткаў у гуртках, школах і садках, які развівае дробную маторыку рук, фантазію, крэатыўнае мысленне. Воўну валяюць двума спосабамі — сухім (фальцаванне) і мокрым, з выкарыстаннем мыльнага раствору.

Сёння ў аб’яднанні займаюцца тры групы дзяцей у залежнасці ад тэрміну навучання. Заняткі доўжацца дзве гадзіны і праходзяць двойчы на тыдзень, — расказ­вае Ірына Шуміла. — Пачаткоўцы спачатку асвойваюць тэорыю, а затым практыкуюць мокрае валенне, паколькі яно больш бяспечнае. Перш за ўсё педагог вучыць сваіх падапечных маляваць эскіз, у якім будучы выраб прадумваецца да дробязей з улікам памеру, колеравай гамы, дэкору. Спачатку дзеці майструюць невялікія вырабы: каралі, брошкі, завушніцы, цацкі.

Мокрае валенне добра падыходзіць для стварэння плоскіх вырабаў, а дакладней, палатна, з якога затым можна ра­біць сумкі, шалікі, пледы, тапачкі, адзенне… Спачатку шэрсць выкладваецца ў пэўным парадку на рабочую паверхню, затым змоч­ваецца цёплай мыльнай вадой. Валокны пераплятаюцца паміж сабой, а калі зверху іх шматкроць прымінаць рукой, то яшчэ і ўшчыльняюцца, ствараючы тоўстае палатно. Затым з высушанага матэрыялу можна рабіць розныя вялікія вырабы, такія як плед, посцілка, шалік, або раскраіць сумку.

А ўжо праз два месяцы навучання юныя рукадзельніцы асвойваюць тэхніку сухога валення. Педагог тлумачыць, з чаго ўсё пачынаецца:

— Спачатку дзеці вывучаюць віды іголак і запамінаюць, на якім этапе работы кожная з іх прымяняецца, засвойваюць правілы тэхнікі бяспекі, каб не параніцца іголкай. А затым я дэманструю ім, як адбываецца працэс сухога валення (фальцавання): накладваю адзін на аднаго некалькі жмуткоў воўны і пачынаю доўга-доўга пратыкаць іх спецыяльнай тоўстай іголкай з няроўнымі насечкамі, пакуль яны не стануць адзіным цэлым.

Першую аб’ёмную цацку метадам сухога валення пачаткоўцы ствараюць некалькі заняткаў, а ўжо праз паўгода-год, набраўшыся вопыту, ствараюць некалькі цацак за адны заняткі.

Калі да канца першага года навучання хлопчыкі і дзяўчынкі ствараюць простае пано, дэманструючы атрыманыя навыкі, то выніковай работай другога года навучання становіцца карысная і неабходная ў побыце сумка. Адвучыўшыся 3 гады, падапечныя педагога ствараюць аб’ёмнае пано ў камбінаванай тэхніцы, сумяшчаючы сухое і мокрае валенне.

Многія гурткоўцы з задавальненнем удзель­нічаюць у творчых конкурсах, ствараючы калекцыю ёлачных шароў і камплект рукавіц з воўны. Так, пасля прачытання беларускай казкі “Рукавічка” юныя рукадзельніцы змайстравалі нябіткія шары “Лясная казка” з выявай жывёл — персанажаў казкі. А на рукавіцах з лямцу з камплекта “Мы з матуляй і татулем зранку сталі на лыжню” адлюстравалі мішак-хакеістаў, вавёрачак-фігурыстак, лісічак-лыжніц, якія сімвалізуюць любоў да спорту і імкненне стаць майстрам у любой справе. А нядаўна для ўдзелу ў конкурсе “Прывітанне, свет!” юныя рукадзельніцы метадам фальцавання стварылі калекцыю з сямі персанажаў казкі “Дзедава рукавічка”.

Марына КУНЯЎСКАЯ

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий