Канспект занятку для дзяцей рознаўзроставай групы сярэдняга і старэйшага дашкольнага ўзростаў з выкарыстаннем тэхналогіі макетавання па адукацыйнай галіне “Дзіця і прырода” з інтэграцыяй на адукацыйную галіну “Развіццё маўлення і культура маўленчых зносін”.
Ала ГІРЫС,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
ДУА “Любчанскі дзіцячы сад”Навагрудскага раёна,
Гродзенская вобласць
Праграмныя задачы:
сярэдні ўзрост
– фарміраваць уяўленні дзяцей пра лес, як згуртаванне раслін, жывёл птушак, насякомых;
старэйшы ўзрост
– замацаваць і пашырыць уяўленні дзяцей пра лес, як згуртаванне раслін, жывёл, птушак, насякомых; пазнаёміць з прафесіяй ляснічага – чалавека, які даглядае за лесам; фарміраваць уяўленні пра карысць лесу для чалавека;
агульныя для ўсіх выхаванцаў
– замацаваць веды пра жывёльны і раслінны свет Беларусі;
– абагачаць слоўнік дзяцей назоўнікамі і прыметнікамі па тэме;
– развіваць увагу, мысленне, памяць, уяўленне, маўленне;
– замацаваць уяўленне пра правільныя паводзіны ў прыродзе, выхоўваць імкненне берагчы прыроду.
Матэрыял: аўдыязапіс “Гукі лесу”, муляжы дзікіх жывёл і іх дзіцянят, дрэў, птушак, насякомых, кустоў, кветак, грыбоў, сюжэтныя карцінкі “Лес”, “Ляснічы, макет дрэў з лісцікамі.
Ход занятку
Выхавальнік. Дзеці, сёння мы з вамі адправімся ў падарожжа. Каб даведацца куды, давайце заплюшчым вочы і прыслухаемся.
Гучыць запіс “гукі лесу”.
Вось мы з вамі апынуліся на лясной палянцы.
Выстаўляецца макет дрэў, пад якімі размешчаны Лесавічок з карцінкамі “Правілы паводзін у лесе”.
Скажыце, што такое лес? (Месца дзе расце шмат дрэў).
Так, але не толькі дрэвы растуць у лесе. Давайце мы з вамі адправімся ў падарожжа па лясной сцежцы і даведаемся, што расце і хто жыве ў лесе. Перш чым адправіцца ў падарожжа, давайце заглянём пад дрэўцы.
Дзеці пад дрэвамі знаходзяць Лесавічка, які “прынёс карцінкі”. Кожнае дзіця бярэ сабе адну карцінку і разглядае яе.
Лесавічок вас хоча папярэдзіць, як патрэбна сябе паводзіць у лесе. Раскажыце, што намалёвана на карцінках.
Дзеці расказваюць па карцінках.
Выхавальнік. А зараз Лесавічок хоча пагуляць з вамі ў гульню.
Гульня “Можна – нельга”.
Можна любавацца дрэвамі?
Можна ламаць галінкі ці дрэвы?
Можна збіраць ягады?
Можна слухаць галасы птушак?
Можна чапаць птушыныя гнёзды?
Можна паліць вогнішча?
Можна кідаць смецце?
Можна моцна крычаць?
Можна дыхаць чыстым лясным паветрам?
Выхавальнік. Сапраўды, у лесе вельмі чыстае паветра, таму так лёгка тут дыхаецца. Давайце падыхаем (Дыхальная гімнастыка). А зараз ціхенька накіруемся па лясной сцежцы далей.
Падыходзяць да сюжэтнай карцінкі “Лес”, разглядаюць яе.
Што расце ў лесе? (Дрэвы, кусты, кветкі, ягады, грыбы, арэхі).
Давайце назавём, якія дрэвы растуць у лесе (Бяроза, сасна, елка, асіна, дуб…).
Якія кусты? (Шыпшына, ядловец, арэшнік)?
Якія ягады? (Чарніцы, суніцы, маліна, ажына, брусніцы)?
Якія грыбы растуць у лесе? (Баравік, лісічкі, апенькі…)?
Якія кветкі растуць? (Сон-трава, ветраніца, пралеска, падбел)?
Дзеці, за тое што вы добра адказвалі, Лесавічок вам падараваў вось гэту скрыначку з муляжамі раслін. Давайце мы імі дапоўнім наш лес.
Дзеці называюць і выстаўляюць муляжы на макет.
Дзеці, прыслухайцеся, як моцна зашумеў ветрык. Захацеў пагуляць з галінкамі дрэў. Спачатку ціха гуў (Гудуць – ууууууу – ціха, потым моцна, потым зноў ціха). Ветрык паляцеў далей, але паглядзіце, ён пазрываў лісцікі з дрэў. Давайце іх пазнаем і назавём, з якога яны дрэва.
Гульня “З якога дрэва лісцік?”
Дзеці называюць лісцікі і размяшчаюць іх на дрэвах.
Выхавальнік. Пад нашымі дрэўцамі з’явілася яшчэ адна скрыначка. Давайце заглянём у яе.
Дзеці бяруць са скрынкі муляжы жывёл, разглядаюць, называюць і выстаўляюць іх на макет.
Фізкультхвілінка. Пантаміма “Дзікія звяры”
Пад музыку дзеці паказваюць дзікіх жывёл.
Выхавальнік. Паслухайце, нехта плача, пойдзем далей па сцежцы. (Асобна пад дрэўцам дзеці знаходзяць муляжы дзіцянят дзікіх жывёл). Гэта дзіцяняты дзікіх жывёл згубіліся, давайце дапаможам знайсці ім матуль.
Выстаўляюць муляжы дзіцянят дзікіх жывёл на макеце каля бацькоў. (Слоўнік: У лісы – лісяня, у зайчыхі – зайчаня, у ваўка – ваўчаня).
А вось яшчэ адну скрыначку прынёс Лесавічок.
Дзеці ў ёй знаходзяць муляжы птушак, называюць іх: дзяцел, глушэц, крыжадзюб, сава, сарока; размяшчаюць на макеце дрэў; знаходзяць муляжы насякомых: мурашкі, конікі, божыя кароўкі; усе муляжы выстаўляюць на макет.
Давайце палюбуемся, які прыгожы лес у нас атрымаўся. Лес – гэта згуртаванне, дзе растуць дрэвы, кусты, ягады, грыбы, жывуць дзікія жывёлы, птушкі, насякомыя.
Дзеці, усе гэтыя расліны, жывёлы, птушкі, насякомыя растуць і жывуць у лясах нашай краіны – Беларусі.
Дзецям сярэдняга ўзросту прапануецца пагуляць з макетам. Занятак працягваецца з дзецьмі старэйшага ўзросту.
Выхавальнік. Што дае лес чалавеку? (Дзеці старэйшага ўзросту разглядаюць малюнкі).
Дзеці. Будаўнічы матэрыял, мэблю, ягады, грыбы, арэхі, лекавыя травы.
Выхавальнік. Лес – гэта наша багацце, і мы ўсе яго павінны берагчы. Ёсць такая прафесія чалавека – ляснічы. Гэты чалавек сочыць за лесам і дапамагае яму (разглядаюць сюжэтную карцінку “Ляснічы).
Выхавальнік. Заплюшчваем вочы, лічым да пяці. Вяртаемся ў садок.
Ці спадабалася вам падарожнічаць? Што каму больш запомнілася? (Адказы дзяцей).
Выхавальнік прапануе старэйшым дзецям пагуляць з макетам “Лес”.