На аснове аналізу створаных аўтарам вобразаў герояў настаўнік падводзіць вучняў да вываду аб асабістай адказнасці кожнага за лёс Бацькаўшчыны і свой асабісты лёс, аб адказнасці бацькоў за выхаванне сваіх дзяцей.
Вераніка АДАМОВІЧ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Сярэдняя школа № 5 г. Мазыра”,
Гомельская вобласць
Мэта: дапамагчы вучням асэнсаваць ідэйны змест казкі “Хмарка” ў адпаведнасці з эпіграфам.
Задачы:
– на аснове аналізу створаных аўтарам вобразаў герояў падвесці вучняў да вываду аб асабістай адказнасці кожнага за лёс Бацькаўшчыны і свой асабісты лёс, аб адказнасці бацькоў за выхаванне сваіх дзяцей;
– развіваць вобразнае і асацыятыўнае мысленне, аналітычныя навыкі вучняў;
– садзейнічаць выхаванню патрыятычных пачуццяў, імкненню да лепшага, адказнасці за свае ўчынкі і за выхаванне падрастаючага пакалення.
Тэхналогія: французская педагагічная майстэрня.
Абсталяванне: падручнік па беларускай літаратуры для 8-га класа, запіс класічнай музыкі.
Эпіграф: “Не шукай ты шчасця, долі / На чужым далёкім полі” (Янка Купала).
Ход урока
1 Арганізацыйны момант
– Добры дзень, сябры! Мне вельмі прыемна зноў пабачыцца з вамі. Яшчэ старажытныя грэкі сцвярджалі: “Добры настрой – гэта палова перамогі”. І таму паглядзіце адно на аднаго, усміхніцеся, а зараз усміхніцеся мне. Так, мы пачынаем наш урок! А сёння ў нас не проста ўрок літаратуры, а ўрок жыцця. А чаму так – вы ў хуткім часе зразумееце.
2 Індукцыя
На фоне класічнай музыкі педагог-майстар чытае выказванні, запісаныя на дошцы:
– Як ад нараджэння звяры, што ходзяць у пустыні, ведаюць ямы свае; птушкі, што лётаюць у паветры, ведаюць гнёзды свае; рыбы, што плаваюць па моры і ў рэках, чуюць віры свае; пчолы і тым падобныя бароняць вуллі свае, – так і людзі, дзе нарадзіліся і ўскормлены, да таго месца вялікую ласку маюць (Ф.Скарына).
– Кожны чалавек носіць сваё неба з сабой (У.Караткевіч).
– Добра быць у дарозе, якую ты сам сабе выбіраеш (Я.Колас).
– Лёс выпраўляе такія нашы недахопы, якіх не мог бы выправіць нават розум. (Ф.Ларашфуко).– Людзі – гаспадары свайго лёсу (У.Шэкспір).– Жыццё – люстэрка, якое само паказвае, што нам трэба зрабіць з сабой і сваім лёсам. Калі мы прачынаемся раніцай і разумеем, што мы незадаволены, трэба нешта з гэтым рабіць (Уіл Сміт).– Змяніць лёс мы не можам, а вось змяніць сябе – магчыма (Т.Саловава).
3 Самаканструкцыя
– Вы праслухалі выказванні пра лёс, прызначэнне чалавека.
Заданне: на аркушы паперы абвядзіце ручкай сваю далонь і на кожным графічным пальцы ў адзін радок запішыце асацыяцыі да слова “лёс”, гэта могуць быць розныя часціны мовы. (Асацыяцыі зачытваюцца і дапаўняюцца прапанаванымі іншымі ўдзельнікамі майстэрні. Прыклады асацыяцый: жыццё, шчасце, вучоба, імкненні, падзеі, поспех, страх, пачуцці, будучыня, прызначэнне, каханне, задавальненне, становішча, трывога, шкадаванне, зменлівы, не шкадуе, адорвае, выпрабоўвае і інш.)
– Перачытайце яшчэ раз дапоўненыя асацыятыўныя рады, адно паняцце, якое на гэты момант для вас самае значнае, запішыце ў цэнтры далоні і пранумаруйце яго. (Робіцца першы індывідуальны выбар, як правіла, выбіраецца паняцце, звязанае з асабістым вопытам дзяцей.)
– Адкладзіце “асацыятыўныя далоні” ўбок, яны нам яшчэ спатрэбяцца на працягу ўрока. На мінулым уроку мы з вамі прачыталі казку-навелу Я.Коласа “Хмарка”, разгледзелі, чаму апавяданне называюць алегарычным, яго мастацкія асаблівасці, разабраліся, у чым падабенства і адрозненне народнай і літаратурнай казак.
Як жа склаўся лёс галоўнай гераіні казкі? Хто вінаваты ў яе нешчаслівым лёсе?
Сёння на гэты твор мы паглядзім з іншага боку.
4 Сацыяканструкцыя
Вучні разбіваюцца на групы. Кожная атрымлівае пытанні і заданні для падрыхтоўкі. (Дадатак)
1-я група: вобраз Хмаркі
1) Як ставіцца Хмарка да родных мясцін?
2) Ахарактарызуйце паводзіны і перакананні Хмаркі ў пачатку і ў канцы казкі.
3) Як адносіцца аўтар да Хмаркі?
4) Чаму, на вашу думку, так склаўся лёс галоўнай гераіні?
2-я група: вобразы іншых герояў
1) Як ставяцца да Хмаркі іншыя героі?
2) З якой мэтай аўтар уводзіць вобраз Старога Дуба, Арла, Бусла, Скалы?
3) З кім можна параўнаць Старога Дуба?
3-я група: праца з эпіграфам
1) Прачытайце эпіграф да ўрока і да казкі.
2) Якая галоўная думка твора?
3) Як галоўная думка суадносіцца з эпіграфам?
5 Сацыялізацыя
Справаздачы груп (Дадатак). (Ідэальнай абаронай будзе тая, у якой удзельнічаюць усе вучні групы. Праекты могуць прадстаўляцца ў любым выглядзе.)
– Выслухаўшы адказы адно аднаго, вярніцеся, калі ласка, да сваіх “асацыятыўных далоней” і зрабіце выбар (другі выбар) найбольш значнага для вас паняцця на гэты момант, пранумаруйце яго. (Паняцце хутчэй за ўсё зменіцца.)
– Усё пералічанае якім выразам можна аб’яднаць? (Кожны ў адказе за лёс Бацькаўшчыны і свой асабісты лёс.)
6 Разрыў
– Вядомы педагог Антон Сямёнавіч Макаранка гаварыў: “Выхоўвае ўсё: людзі, рэчы, з’явы, але перш за ўсё і даўжэй за ўсё – людзі. З іх на першым месцы – бацькі і педагогі”.
Пытанне класу: Ці можна знайсці прычыну няўдзячных паводзін Хмаркі да зямлі ў пачатку твора? Хто вінаваты ў тым, што ў галоўнай гераіні так няўдачна склаўся лёс?
Трэці выбар: Прыйшлі да высновы, што чалавек не нараджаецца такім, якім ён ёсць, а яго такім выхоўвае сям’я, закладвае ў ім усе чалавечыя якасці. “Хмарка не ведала, з чаго і як радзілася на свет, адкуль узялася яна; не ведала нават, ці ёсць у яе маці”. Не Хмарка ж вінаватая ў тым, што яна не ведала сваёй маці. Дзе была яе прамаці, чаму яна не выхоўвала сваё дзіця? Так у апавяданні Бусел увасабляе ў сабе безадказных бацькоў, якія не жадаюць прыслухоўвацца да парад сталага пакалення. “Бусел маўчаў. Відаць, ён іначай пазіраў на гэту з’яву, а можа, і недачуў слоў свайго сябра”.
Толькі педагогі прымусілі Хмарку задумацца над сваім жыццём, зразумець свае памылкі. Наш лёс залежыць у першую чаргу ад таго, што ў нас залажылі бацькі, а потым ужо мы куём яго самі.
7 Творчая праца
Напісанне мініяцюры на тэму апошняга выбару. (Калі вучні не паспеюць напісаць мініяцюру ў класе, выкарыстаць у якасці дамашняга задання.)
8 Рэфлексія
– Складзіце сінквейн з ключавым словам “лёс”:
Лёс
Таямнічы, шчаслівы.
Навучыць, “паб’е”, раскрые.
У кожнага свой лёс.
Жыццё.(Сям’я)
9 Дамашняе заданне
Дапісаць мініяцюру на тэму апошняга выбару, прачытаць твор У.Караткевіча “Паром на бурнай рацэ”.
Дадатак
Праект групы 1
Вучань 1: Хмарка нарадзілася ў пакутах, але адчувае сябе радасна і шчасліва, ёй не хацелася ведаць пра няшчасці і беды тых, хто спарадзіў яе, бо гэта азмрочвае яе камфортнае існаванне. Таму і паднялася яна высока, каб не бачыць, што робіцца на роднай зямлі.
Вучань 2: Гераіня спадзявалася трапіць у такія краіны, дзе ёй будзе камфортна, дзе вернецца ранейшае адчуванне бесклапотнасці існавання і задавальнення сабой.
Вучань 3: Жыццё на чужыне аднак прынесла ёй горкі жыццёвы ўрок. Але Хмарцы было сорамна за свой эгаізм, горка і балюча за гаротнае жыццё тых, хто даў ёй жыццё, хто не прагнаў яе, а нават вітаў вяртанне на радзіму. Хмарка забылася пра сябе і горка заплакала, чым і апладніла наваколле, вярнула да жыцця.
Вучань 4: Пра Хмарку і яе паводзіны Я.Колас гаворыць то з лёгкім гумарам, то з прыхаваным сумам, ён перажывае за сваю гераіню, нібы яна яго ўласнае дзіця.
Вучань 5: Хмарка пакінула родны край і асудзіла сябе на бадзянне па шырокім свеце, страціла свае карані, згубіла самае галоўнае – Бацькаўшчыну. У гэтым вінавата толькі яна сама.
Праект групы 2
Вучань 1: Скала і Арол адносяцца да Хмаркі як да неразумнага дзіцяці, стараюцца навучыць яе жыццю.
Чытанне па ролях:
Яна скурчылася ўся, зрабілася маленькай і тонкай, знайшла зацішак між гор і спынілася, прыхіліўшыся да старой Скалы. Страшна стала Хмарцы.
– Адкуль прыпаўзла, нябога? – спытала Скала Хмарку.
Яшчэ большы страх агарнуў яе.
– Не ведаю, – боязна адказала яна.
– Што робіш, чым займаешся?
Хмарка зрабілася яшчэ меншай і маўчала.
– Я люблю паслухаць, што робіцца на свеце, – апраўдвала Скала сваё пытанне. – Што ж ты бачыла, раскажы мне.
Хмарка крыху асмелілася і пачала расказваць, як хораша на зямлі, як усе там шчаслівы і радасны, як спяваюць мошкі, конікі, травы, збажына.
– Хто сам шчаслівы, таму здаецца, што і ўсе шчаслівы, – сказаў Арол на гутарку Хмаркі. – Быў і я ў тых краях, адкуль прыблыталася імасць. Там, гаворыш, – шчасце? А што ж, па-твойму, няшчасце? Там палі выплакалі апошнія слёзы, каб даць табе жыццё, шчаслівая Хмарка! І цяпер там нават расы не бывае. Але не для таго назначаліся слёзы, каб радзіць цябе на свет для бадзяння па чужых краях… – І доўга яшчэ гаманіў Арол, наракаў на Хмарку.
Слухала Хмарка нараканні Арла і прыкра зрабілася ёй… Цяпер яна ўжо не чула сябе шчаслівай і вольнай, як наўперад: так глыбока запалі ёй арліныя словы.
Вучань 2: Хмарка прыслухалася да слоў Арла.
Вучань 3: Стары Дуб – гэта стары мудры чалавек, які сваім наказам Буслу, нагадвае нам пра абавязак чалавека перад зямлёй, што яго нарадзіла, пра яго прызначэнне – чалавекам звацца. Бусел – гэта моладзь, якая з’язджае з краіны і не слухае сталае пакаленне.
Чытанне па ролях:
Стары Дуб, абмыўшыся дажджом, павесялеў і сказаў да Бусла, з якім даўно ўжо быў у дружбе:
– От навука для тваіх дзяцей. Моцна ж накажы ты ім, дружа, каб не лёталі дарэмна па свеце, не бадзяліся: у сваім родным кутку работы досыць для кожнага.
Бусел маўчаў. Відаць, ён іначай пазіраў на гэту з’яву, а можа, і недачуў слоў свайго сябра.
Праект групы 3
Свой праект група прадставіла ў выглядзе буктрэйлера:
Вучань 1: Асоба, якая губляе сваю Радзіму…
Вучань 2: агульначалавечыя, маральныя вартасці жыцця…
Вучань 3: асоба, якая забылася пра тое, што ўсё ўзаемазвязана і падпарадкавана ў прыродзе.
Вучань 4: “Не шукай ты шчасця, долі/На чужым далёкім полі”.
Вучань 5: Задумайся над словамі Купалы.
Вучань 6: Не забудзь пра свае абавязкі перад Радзімай і бацькамі
Разам: Да гэтага заклікае апавяданне “Хмарка” Я.Коласа.