Шляхі стварэння здароўезберагальнага асяродку для захавання эмацыянальнага мікраклімату і павышэння якасці адукацыйнага працэсу ў школе  

- 16:08Стиль работы, Стиль работы. Педагогический лайфхак

Стварэнне станоўчага эмацыянальнага мікраклімату на занятках – адна з першачарговых задач у плане здароўезберажэння, якое ўплывае на якасць адукацыйнага працэсу. Калі, зыходзячы з патрабаванняў да сучаснага ўрока, разглядаць яго структуру, то арганізацыйны момант, фізкультхвілінка, выстаўленне адзнак, рэфлексія і заключнае слова з’яўляюцца тымі важнымі элементамі, якія ствараюць здароўезберагальны мікраклімат на занятках.

Таццяна ЛОЙША,
настаўнік беларускай мовы і  літаратуры
сярэдняй школы № 41 імя А.М.Кузняцова г. Гродна

 

 

 

 

 

 

Стан здароўя падрастаючага пакалення – важны паказчык дабрабыту грамадства і дзяржавы. Сёння сітуацыя такая, што практычна няма здаровых школьнікаў. Адзначаецца нізкі ўзровень матывацыі на захаванне і ўмацаванне індывідуальнага здароўя, нізкая культура ці адсутнасць культуры здароўя.

Задача сучаснай школы – падрыхтаваць вучня да самастойнага жыцця, стварыўшы ўсе ўмовы для таго, каб жыццё склалася ўдала. І здароўе тут мае не апошнюю ролю, бо ў школе дзіця праводзіць значную частку свайго часу, расце і развіваецца фізічна і маральна. Кожны школьнік павінен атрымаць за час вучобы веды, якія спатрэбяцца яму ў далейшым жыцці, у тым ліку і веды пра захаванне і ўмацаванне ўласнага здароўя.

У Статуце Сусветнай Арганізацыі Аховы здароўя напісана, што “здароўе – гэта стан поўнага фізічнага, душэўнага і сацыяльнага дабрабыту, а не толькі адсутнасць хвароб і фізічных дэфектаў” [3]. Гэта ж адзначаў і вядомы педагог В.А.Сухамлінскі: «Клопат пра чалавечае здароўе, тым больш здароўе дзіцяці – гэта, у першую чаргу, клопат аб гарманічнай сукупнасці ўсіх фізічных і духоўных сіл, і стрыжнем гэтай гармоніі з’яўляецца радасць творчасці» [2, с. 92].

Паўстае пытанне: як пабудаваць навучальны працэс, выбудаваць адукацыйнае асяроддзе, каб захаваць здароўе дзіцяці? Адным з адказаў на гэта пытанне сталі запатрабаваныя здароўезберагальныя тэхналогіі, якія рэалізуюць кампетэнтнасны падыход да навучання і выхавання. Нас цікавяць здароўезберагальныя адукацыйныя тэхналогіі, што пабудаваны на імкненні педагога не нанесці шкоду здароўю вучняў. Здароўезберагальныя адукацыйныя тэхналогіі – гэта «ўсе тыя псіхолага-педагагічныя тэхналогіі, праграмы, метады, якія накіраваны на выхаванне ў вучняў культуры здароўя, асобасных якасцяў, якія спрыяюць яго захаванню і ўмацаванню, фарміраванне ўяўлення пра здароўе як каштоўнасці, матывацыі на вядзенне здаровага ладу жыцця» [1, с. 36].

Стварэнне станоўчага эмацыянальнага мікраклімату на занятках – адна з першачарговых задач у плане здароўезберажэння, якое ўплывае на якасць адукацыйнага працэсу. На жаль, няма ў нас тэрмометра настрою, трывожнасці або ўзроўнямеру разумення, аднак ёсць мноства сродкаў, якія дазваляюць зарыентавацца ў абставінах.

Навукоўцы сцвярджаюць, што ў дзейнасці любой групы можна выдзеліць два аспекты – дзелавы і сацыяльна-псіхалагічны, якія цесна ўзаемазвязаны і аказваюць уплыў на адукацыйны працэс. 

Дзелавы аспект уключае:

– працу вучняў над зместам вучэбнага матэрыялу;
– выкананне імі розных вучэбных заданняў;
– атрыманне і запамінанне матэрыялу.

Сацыяльна-псіхалагічны аспект – гэта:

– жаданні і страхі вучняў;
– пачуцці і перажыванні вучняў;
– сімпатыі і антыпатыі;
– атмасфера даверу або недаверу;
– адчуванне бяспекі.

Дзелавы аспект як бы ляжыць на паверхні, таму мы часцей за ўсё і арыентуемся на яго: вывучыў школьнік урок ці не, выканаў заданне ці не, вядзе сябе дысцыплінавана ці не. Калі настаўнік у сваёй дзейнасці ўлічвае толькі дзелавы аспект, то гэта пагражае выліцца ў патрабаванне выніку любой цаной. Але эфектыўнасць дзейнасці на дзелавым узроўні залежыць перш за ўсё ад камфорту ў сацыяльна-псіхалагічным аспекце.

Калі, зыходзячы з патрабаванняў да сучаснага ўрока, разглядаць яго структуру, то арганізацыйны момант, фізкультхвілінка, выстаўленне адзнак, рэфлексія і заключнае слова з’яўляюцца тымі важнымі элементамі, якія ствараюць здароўезберагальны мікраклімат на занятках.

Пачатак урока – адзін з самых яго важных момантаў, яго завязка, якая паступова пераходзіць у працу над разуменнем прадметнага зместу. Арганізацыйны момант патрабуе ад настаўніка творчага падыходу, пошуку формы, якая б адпавядала зместу кожнага ўрока і ўласнага стылю педагагічнай дзейнасці. Арганізацыйны момант вызначае псіхалагічны настрой урока, праводзіцца для стварэння станоўчай рабочай атмасферы ў класе, каб усе зразумелі, што ім рады, іх чакалі.

Арганізацыйныя моманты можна падзяліць на традыцыйныя і нетрадыцыйныя. Да традыцыйных адносіцца праверка адсутных, праверка знешняга стану рабочага месца, знешняга выгляду вучняў, арганізацыя ўвагі.

Звернемся да нетрадыцыйных пачаткаў урокаў:

– рыфмаваны пачатак урока;
– загадкі;
– эпіграф;
– прыказка;
– песня;
– малюнак;
– фантазійнае падарожжа;
– пытанне;
– просьба;
– пажаданне і інш.

Пакажам гэта на прыкладах.

1. Загадкі

Усё, што патрэбна сёння на ўроку, – у адгадках на загадкі:

1) У адным клубочку ды сем дзірачак (Галава).
2) Брат з братам цераз дарогу жывуць, адзін другога не бачаць (Вочы).
3) У дзвюх маці па пяць сыночкаў (Рукі).

2. Малюнак

Паглядзіце на малюнак, дзе змешчаны камень з надпісам. Выберыце для сябе тое, што вам бліжэй.

Налева пойдзеш – выхад знойдзеш.
Направа пойдзеш – сябра знойдзеш.
Прама пойдзеш – веды не знойдзеш.
А тут застанешся – мудрасці набярэшся.

3. Рыфмаваны пачатак урока.

Празвінеў званок,
Пачынаецца ўрок,
Хутка час прабяжыць,
Трэба ім даражыць.

4. Праца з прыказкай.

Якую прыказку вы б узялі з сабою сёння на ўрок? Чаму?

Як навучышся, так і ведаць будзеш.
Сляпому і ліхтар не паможа.
Без працы не будзе шчасця.
Як хто дбае, так і мае.
Як зробіш, так і будзе.

5. Просьба

Усміхніцеся мне, усміхніцеся адно аднаму. Я ўпэўнена, што ў нас з вамі ўсё атрымаецца.

6. Пажаданне

Жадаю вам добрага настрою, поспехаў на ўроку і выдатных адзнак.

7. Фантазійнае падарожжа

Заплюшчыце вочы і здзейсніце падарожжа да зор. Што там можна ўбачыць?

8. Смяшынка

– Не ведаю, сыночак, хто з цябе вырасце, – бядуе матуля.
– А я ведаю, – адказвае Сяргейка. – З мяне вырасце вішня, бо я костачку праглынуў.

 

Добра вядома, што чым лепш дзіця адчувае сябе падчас навучання, тым вышэй будзе ўзровень яго паспяховасці. Захаванню і ўмацаванню здароўя вучняў спрыяюць хвілінкі адпачынку або фізкультхвілінкі. Гэта нескладаныя фізічныя практыкаванні, накіраваныя на памяншэнне негатыўнага ўплыву вучэбнай нагрузкі.

З-за недахопу часу на ўроку на разгляд тэмы або яе замацаванне мы, настаўнікі, вельмі часта забываем пра адпачынак для вучняў. Нам трэба помніць словы К.Д.Ушынскага: “Дайце дзіцяці трохі парухацца, і яно адорыць вас зноў дзесяццю хвілінамі ўвагі, а дзесяць хвілін жывой увагі, калі вы здолелі іх правільна скарыстаць, дадуць вам у выніку больш за цэлы тыдзень напаўсонных заняткаў” [4, с. 348].

Правядзенне фізкультхвілінак на ўроку спрыяе не толькі рэлаксацыі, але зноў-такі карэкціруе эмацыянальны стан да лепшага, што станоўча ўплывае на вынікі працы. Фізкультурныя хвілінкі неабходна праводзіць на кожным уроку. Час пачатку фізкультхвілінкі вызначаецца самім настаўнікам. Часцей яна ажыццяўляецца на 12–20 хвіліне ад пачатку ўрока.

Вылучаюць некалькі відаў фізкультхвілінак.

1. Аздараўленча-гігіенічныя (для органаў зроку, слыху).
Вочкамі малюем сэрца, зорачку, банцік, шарык, васьмёрку. Глядзім у акно, на дзверы, на падлогу і на столь. Моцна заплюшчваем вочы, расплюшчваем, глядзім у адну кропку.

2. Рытмічныя (пад музыку, песню).

3. Фізкультурна-спартыўныя (з дапамогай фізічных практыкаванняў).

4. Рухальна-маўленчыя (калі і гаворым, і выконваем практыкаванні).
Той, хто лічыць сябе патрыётам,
Падыміся!
Той, хто ўдзячны зямлі Беларусі,
Пакланіся!
Хто лічыць сябе шчаслівым,
Усміхніся!
Хто да добрых ведаў імкнецца,
Падцягніся!
Хто сябру жадае дабра,
Прывітайся!
І хутчэй да кнігі, за парту
Вяртайся!

5. Гульнёвыя (з дапамогай гульні).
У якасці яе выкарыстоўваецца гульня “Джунглі”. Удзельнікі дзеляцца на чатыры групы: “змеі”, “ільвы”, “малпы” і “паляўнічыя”. Кожнай з іх адпавядаюць пэўныя жэсты і гукі:

– “змеі” шыпяць і адной рукой адначасова робяць хвалепадобны рух наперад;
– “ільвы” рыкаюць і дзвюма рукамі паказваюць пашчу звера;
– “малпы” крычаць “о! о! о! о!” і цярэбяць макаўку галавы;
– “паляўнічыя” паказваюць рукамі стрэльбу і вымаўляюць гукі, падобныя да стрэлаў.

6. Псіхалагічныя (уздзейнічаюць на псіхалагічны стан).
Пакладзіце далоні на парту і ўявіце зіму, як хмаркі зацягнулі неба, пайшоў снег. Спачатку ён падаў павольна (рухі пальцаў павольныя), затым усё хутчэй і хутчэй (рукі пальцаў хуткія), пасля  сцішыўся (пальцы рухаюцца павольна). Нарэшце снег скончыўся, выглянула зімовае сонейка (усміхаюцца).

Як бачым, фізкультхвілінка – гэта не выключэнне ў комплексным інтэлектуальным развіцці вучняў, а своеасаблівы структурны этап урока, які ўяўляе сабою ўніверсальнае практыкаванне, дзе фізічная нагрузка спалучаецца з разумовай дзейнасцю. Таму кожны педагог павінен лічыць сваім абавязкам падчас урокаў выкарыстоўваць гэту аздараўленчую форму, якая эфектыўна ўплывае на ўмацаванне здароўя вучняў, іх эмацыянальны стан і прадуктыўнасць заняткаў.

У сучаснай сістэме адукацыі вельмі востра стаіць пытанне ацэнкі дасягненняў вучняў. Калі настаўнік паставіць нізкую адзнаку, то амаль кожнае дзіця пакрыўдзіцца. Многія школьнікі ўспрымаюць такую адзнаку як асабістую крыўду, а некаторыя нават губляюць цікавасць да школьнага прадмета. Як жа быць настаўніку ў такой няпростай сітуацыі? Кожны педагог хоча, каб яго прадмет вучань любіў, таму вельмі важна, каб дзеці ўспрымалі адзнаку як ацэнку яго працы, а не ацэнку маральных якасцей.

Зразумела, што ў нас выкарыстоўваецца 10-балавая сістэма адзнак, і, каб паставіць адзнаку вучням, мы кіруемся нормамі, якія прыводзяцца ў дзяржаўных праграмах па кожным школьным прадмеце. Для вучня адзнака – гэта пэўны стымул, станоўчы ці адмоўны, для далейшага развіцця і прагрэсу, альбо ж наадварот, магутны тормаз на яго інтэлектуальным шляху. Акрамя абавязковага выстаўлення адзнак, можна выстаўляць адзнакі па жаданні або нават «даваць у крэдыт». Такі прыём у некаторых выпадках дзейнічае эфектыўна. Гэта дае шанс вучню праявіць сябе, а настаўніку паказаць, што ён верыць у гэтага вучня, што ў яго ёсць усе магчымасці для дасягнення поспеху. Яшчэ можна як бы дамовіцца дапрацаваць на наступным уроку ці заслужаны бал дабавіць да іншай адзнакі.

Але для школьнікаў вельмі важнай з’яўляецца і эмацыянальная ацэнка, якой настаўнік выказвае сваё адабрэнне або неадабрэнне (незадаволенасць) паводзінамі, намаганнямі і ведамі вучня. Эмацыянальная ацэнка можа “выстаўляцца” на працягу ўсяго ўрока, калі настаўнік адзначае ўслых (“малайчына”, “цудоўны адказ”, “вельмі слушная думка”) ці жэстам кожны поспех вучня, або ў канцы ўрока падчас выстаўлення адзнак. Канечне, добры настрой вучня, а значыць і захаванне здароўя, узнікае ад добрай пахвалы. Задача настаўніка – пастаянна знаходзіць станоўчыя падставы для слоўнага заахвочвання сваіх выхаванцаў. Але ж як пахваліць вучня на ўроку і не аказаць яму тым самым мядзведжую паслугу? Для гэтага педагогу важна выконваць наступныя правілы.

1. Хваліць за стараннасць.

Хваліць вучня трэба за тыя намаганні, якія ён прыклаў пры выкананні задання або даручэння, а не за добрыя здольнасці і інтэлект, дадзеныя яму прыродай. Напрыклад, “Малайчына! Ты шмат чытаеш, старанна падрыхтаваўся да працы, паўтарыў усе правілы!”.

2. Хваліць дзеянні, а не асобу.

У пахвале вельмі важна выказаць адабрэнне дзеянням і дасягненням вучня, а не ацаніць яго асобу. У адваротным выпадку ў школьніка можа сфарміравацца неаб’ектыўна завышаная самаацэнка і ганарлівасць.

3. Дакладна вызначыць, за што хваліць.

Важна, каб школьнік разумеў, за што канкрэтна яго пахвалілі, што менавіта яму ўдалося зрабіць добра. Агульная пахвала мае невысокую эфектыўнасць, выклікае сумненні ў яе шчырасці.

4. Хваліць у меру і па справе.

Настаўніцкая пахвала павінна быць заслужанай, умеранай і абгрунтаванай, каб не выклікаць зайздрасць з боку іншых вучняў. Бязмерная пахвала губляе ўсякую каштоўнасць і сэнс, прывучае дзіця да лёгкага поспеху. Школьнік, якога хваляць за кожную дробязь, падсвядома чакае адабрэння практычна кожнага свайго дзеяння. А калі не атрымлівае яго, шчыра здзіўляецца.

5. Хваліць без параўнанняў.

Не параўноўвайце поспехі, вынікі і асабістыя якасці вучня з дасягненнямі аднагодкаў. Не трэба гаварыць, што Раман – малайчына, таму што ён справіўся з заданнем лепш, чым яго аднакласнік Мікіта.

Такім чынам, адабрэнне настаўніка здольнае тварыць цуды! Вада, якая трапіла на амаль засохлую кветку, дзейнічае так жа, як і добрае настаўніцкае слова на дзіця, якое патрабуе падтрымкі і ўвагі.

Сёння ўжо немагчыма ўявіць сучасны ўрок без рэфлексійнага этапу. Рэфлексія – разважанне чалавека, накіраванае на аналіз самога сябе (самааналіз) – уласных станаў, сваіх учынкаў і мінулых падзей. Рэфлексія ў спрошчаным вызначэнні, – гэта “гутарка з самім сабой”. На занятках рэфлексія – гэта сумесная дзейнасць вучняў і настаўніка, якая дазваляе ўдасканальваць навучальны працэс, арыентуючыся на асобу кожнага вучня. На рэфлексію любога ўрока ніколі не трэба шкадаваць часу. Рэфлексія да ўсяго іншага сама па сабе – выдатная маўленчая сітуацыя. Тым не менш рэфлексійны этап павінен быць дакладным і сціслым.

Да асноўных відаў рэфлексіі адносяцца:

1) рэфлексіі настрою і эмацыянальнага стану;
2) рэфлексіі дзейнасці;
3) рэфлексіі зместу вучэбнага матэрыялу.

Сёння многія лічаць, што найбольш прадуктыўнымі з’яўляюцца два апошнія віды рэфлексіі – дзейнасці і зместу вучэбнага матэрыялу, што эмацыянальная рэфлексія сама па сабе неэфектыўная. Зразумела, што прымяняць гэты від рэфлексіі на кожным уроку не мае сэнсу, але менавіта яна служыць сродкам здароўезберажэння, бо ў ходзе такой рэфлексіі вучні і настаўнік аналізуюць свой эмацыянальны стан, адзначаюць сваю актыўнасць альбо пасіўнасць, ступень задавальнення сваёй работай на занятках, даюць псіхалагічную ацэнку сваёй дзейнасці.

Існуе вялікая колькасць прыёмаў эмацыянальнай рэфлексіі. Прапануем у якасці прыкладу некаторыя з іх.

1. “Астравы”

Малюецца карта з адлюстраваннем эмацыянальных «астравоў»: в. Радасці, в. Суму, в. Задавальнення, в. Чакання, в. Здзіўлення, в. Прасвятлення, в. Трывогі, в. Асалоды, в. Нявызначанасці, в. Натхнення. Карта вывешваецца, і кожнаму прапаноўваецца назваць свой востраў, які адлюстроўвае душэўны, эмацыянальна-пачуццёвы стан пасля занятку.

2. “Каляровыя паперкі”

Кожны выбірае сабе адну з трох фігурак, якая падыходзіць яму сёння па настроі.
Сонейка – цудоўны настрой;
Навальніца – нехта сапсаваў настрой;
Месяц – яшчэ да гэтага часу «не прачнуліся».

3. “Тэрмометр”

Неабходна намаляваць шкалу ад -10 да +10 і адзначыць свой эмацыянальны стан у дадзены момант.

4. “Кубак”

Вучні напаўняюць кубак сваім настроем на ўроку (неабходна запісаць свае пачуцці на картцы і ўкінуць яе ў кубак).

5. “Кубік”

На кожным баку кубіка знаходзіцца пытанне, на якое неабходна адказаць.

6. Ліст самаадчування

Кожны вучань у канцы занятку атрымлівае ліст самаадчування. На гэтым лісце ён адзначае, як сябе адчуваў на ўроку (падкрэсліць патрэбнае)
Было цікава; 
я сумаваў; 
актыўна працаваў;
хацелася працаваць;
я стаміўся; 
ледзь дачакаўся канца ўрока;
не заўважыў, як праляцеў урок.

7. “Тварык настрою”

Вучні выбіраюць твар, адпаведны іх настрою на ўроку.

 

Сёння рэфлексія з’яўляецца не дадатковай часткай урока, а яе паўнапраўным элементам. Рэфлексійная дзейнасць на ўроку – гэта своеасаблівая падрыхтоўка да развіцця важных якасцей асобы: самастойнасці, умення ацэньваць свае ўчынкі і іх вынікі.

Яшчэ адзін важны момант – правільна закончыць занятак. Заключнае слова настаўніка павінна быць шчырым, у нейкай ступені павучальным, суправаджацца пажаданнем або падзякай. Каму ж непрыемна пачуць, што вы “сёння парадавалі мяне паспяховымі адказамі”, “мне сёння было лёгка працаваць з вамі”, “вашы вочы свецяцца радасцю”, “шчыра дзякую, сябры мае, за сур’ёзную і адказную працу”, “сёння наша праца сапраўды была спакойнай, дружнай і стваральнай”.

Народная мудрасць сцвярджае, што “здароўе – гэта не ўсё, але без здароўя ўсё – нішто”. Мы, настаўнікі, не абавязаны быць у ролі ўрача ці медсястры, але павінны стварыць такія псіхолага-педагагічныя ўмовы, якія дазволілі б працаваць так, каб не нанесці ўрону здароўю вучняў на сваіх уроках.

 

Спіс літаратуры

1 Смирнов, Н.К. Здоровьесберегающие образовательные технологии и психология здоровья в школе / Н.К.Смирнов. – Москва : Аркти, 2006. – 306 с.
2 Сухомлинский, В.А. Сердце отдаю детям / В.А.Сухомлинский. – 2-е изд. – Киев : Рад. школа, 1972. – 244 с. 
3 Устав (Конституция) Всемирной организации здравоохранения https://docs.cntd.ru/document/901977493 (дата звароту: 03.11.2022).

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий