Мерапрыемства накіравана на выхоўванне любові і павагі да сваёй Радзімы, узаемадапамогі і падтрымкі паміж дарослымі і дзецьмі.
Святлана ПРЭДКА,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
ДУА “Старадварэцкая базавая школа” Бераставіцкага раёна,
Гродзенская вобласць
Задачы:
– сістэматызаваць веды дзяцей і бацькоў пра Рэспубліку Беларусь;
– развіваць у дзяцей звязнае маўленне, цікавасць да роднай мовы;
– выхоўваць пачуццё любові і павагі да сваёй Радзімы, узаемадапамогі і падтрымкі паміж дарослымі і дзецьмі.
Абсталяванне: малюнкі з сімваламі Беларусі, паштоўка з заданнем, шкатулка з заданнем, песня пра Беларусь, ліст паперы з намаляваным воскам сэрцам, рознакаляровыя фарбы, пэндзлікі, кошык, кветкі васількі з паперы, пазлы малюнка “Квітней, Беларусь”, запіс песні “Беларусь мая”, пазлы “Карта Беларусі”.
Ход мерапрыемства
Дзеці пад песню “Беларусь мая сінявокая” (“Сябры”) заходзяць у групу, становяцца ў круг і вітаюцца.
Дзеці: Станем разам мы па кругу, павітаем адзін другога, калі кожны ўсміхнецца – добра раніца пачнецца.
Выхавальнік: Сёння мы будзем размаўляць пра нашу краіну. Як называецца наша краіна? (Беларусь)
Паглядзіце ўважліва на экран, што гэта? (карта Беларусі)
Дзіця чытае верш.
На экране з’яўляюцца малюнкі з краявідамі Беларусі
Мой край
Мая зямля, мой родны дом
Завецца Беларуссю.
Я знаю: пад тваім крылом
Заўсёды прытулюся.
У час трывогі і бяды
З табою мы адзіныя,
З любоўю шчыраю заўжды
Заву цябе Радзімаю.
(Валерыя Бароўская)
Дзеці сядаюць на стульчыкі. Гучыць музыка, з’яўляецца госць з іншай краіны.
Замежны госць (размаўляе з акцэнтам па-руску):
Здравствуйте, мои друзья! Я приехал к вам из другой страны и почти совсем ничего не знаю о вашей Беларуси. Помогите мне, пожалуйста, узнать вашу культуру.
Выхавальнік: Ну што, дзеці, дапаможам нашаму госцю?
Дзеці: Так, дапаможам!
Выхавальнік: Але, каб вам было цікавей і заданні выконваліся хутчэй, да вас прыйшлі памочнікі – вашы бацькі.
Вы будзеце выконваць розныя заданні пра Беларусь і за правільны адказ атрымоўваць пазлы. А што будзе ў канцы занятку – гэта сакрэт, мы даведаемся потым.
Каб атрымаць першае заданне, вам трэба знайсці сярод цацак паштоўку з заданнем.
Выхаванцы разам з бацькамі знаходзяць паштоўку
Заданне “Скласці карту Беларусі”
З прапанаваных частак скласці карту Беларусі, за выкананае заданне атрымліваюць 2 пазлы.
Замежны госць: Разрешите мне загадать вам загадку?
Ящик на столе открыт,
Дивной он резьбой покрыт.
В нём колечки, перстни, брошки,
Ожерелье и серёжки. (Шкатулка)
Дзеці разам з бацькамі адгадваюць загадку і знаходзяць шкатулку з заданнем
Заданне “Сімвалы Беларусі”
З прапанаваных карцінак трэба выбраць нацыянальныя сімвалы Беларусі (бусел, зубр, васілёк, трактар, нацыянальная бібліятэка, бульба).
Госць разам з дзецьмі разглядвае выбраныя карцінкі і паўтарае разам з усімі словы па-беларуску.
Замежны госць: Как интересно, у меня даже получается говорить на белорусском языке!
За правільны адказ дзеці і бацькі атрымліваюць 2 пазлы.
Музычная хвілінка
Выхаванцы выконваюць беларускую песню “Міхасёк гасцей збірае”.
Выхавальнік: Наступнае заданне зашыфравана на гэтым лісце паперы. Каб даведацца, трэба размаляваць паперу яркімі фарбамі.
Калі прамалююць, на ім праяўляецца сэрца (зараней намаляваць воскам).
Заданне “Люблю Беларусь”
Узяць кветачку (васілёк) і прадоўжыць выраз “Я люблю Беларусь, таму што…”. Удзельнічаюць дзеці і бацькі, кветкі ставяць у кошык, а потым дораць госцю. Атрымліваюць 2 пазлы
Заданне “Імёны”
Бацькі па чарзе называюць найбольш вядомыя беларускія імёны хлопчыкаў і дзяўчынак. Атрымліваюць 2 пазлы
Выхавальнік: Малайцы і дарослыя, і дзеці, вы справіліся з усімі заданнямі. А цяпер давайце складзем усе пазлы і паглядзім, што атрымаецца.
Атрымаецца малюнак са словамі “Квітней Беларусь”, малюнак з’яўляецца на экране.
Дзіця:
Зямля бацькоў
Зямля бацькоў, мая зямліца,
Блакітны ранак над табой.
Ты мой выток, мая крыніца,
І я – навек сын верны твой.
Плыве пах кветак і жывіцы,
Не ціхне песня салаўя,
Дазволь жа нізка пакланіцца
Табе, бацькоў маіх зямля.
(Іосіф Скурко)
Замежны госць: Спасибо, вам! Я узнал много интересного про Беларусь. Мне пора уезжать домой, но я обязательно вернусь и буду опять путешествовать по вашей прекрасной стране! До свидания!
Дзеці: Да пабачэння!
Выхавальнік: Давайце, успомнім, якія заданні мы сёння выконвалі? (Адказы дзяцей)
Ці рады вы, што вам дапамагалі бацькі?
Давайце, скажам ім вялікі дзякуй!
Дзеці пад беларускую песню раздаюць бацькам малюнкі “Квітней Беларусь”.