Таццяна КУХАРЧЫК. У адной асобе – настаўнік, кіраўнік музея і кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні

- 10:45Персона

Таццяна Аляксандраўна Кухарчык працуе ў дзяржаўнай установе адукацыі “Поразаўская сярэдняя школа”, дзе паспяхова спраўляецца з абавязкамі настаўніка гісторыі, кіраўніка школьнага гісторыка-краязнаўчага музея і кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні. Складана? Напэўна! Аднак, працуе педагог эфектыўна і плённа.

Педагагічны стаж Таццяны Аляксандраўны складае звыш трыццаці пяці гадоў. Гэта час перадачы ведаў аб мінулых падзеях, эпохах, культурах, гістарычных асобах і працэсах. У педагагічнай дзейнасці настаўніца выкарыстоўвае праблемныя, даследчыя, інтэрактыўныя метады, інфармацыйна-камунікатыўныя тэхналогіі. Рэалізуючы задачы прадметаў “Сусветная гісторыя” і “Гісторыя Беларусі”, фарміруе гістарычнае мысленне, развівае аналітычныя і крытычныя навыкі ў сваіх навучэнцаў, якія амаль кожны год становяцца пераможцамі ІІ этапа рэспубліканскай алімпіяды па гісторыі, пераможцамі і прызёрамі шматлікіх анлайн-віктарын і конкурсаў.

Таццяна Аляксандраўна пастаянна працуе над сабой, займаецца самаадукацыяй. Настаўніца ахвотна дзеліцца набытым вопытам работы не толькі з калегамі з Поразаўскай школы, але і на пасяджэннях раённых метадычных аб’яднанняў, на семінарах. У ліку ўдзельнікаў абласной творчай групы настаўнікаў гісторыі займалася падрыхтоўкай практычных заданняў да экзамену па гісторыі Беларусі.

У лютым 2024 года Т.А.Кухарчык прыняла ўдзел у рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі “Дзейнасць маладзёжных аб’яднанняў як аснова фарміравання патрыятычнай свядомасці і захавання гістарычнай памяці”, дзе падзялілася вопытам выкарыстання эфектыўных форм уключэння дзяцей і падлеткаў у вывучэнне ваеннай гісторыі сваёй малой радзімы, захаванне гістарычнай спадчыны праз музейна-краязнаўчую работу.

У тандэме з Таццянай Аляксандраўнай з задавальненнем працуюць калегі. Разам з настаўніцай інфарматыкі Аленай Вячаславаўнай Анісеняй удзельнічала ў Міжнародным конкурсе творчых работ і вучэбна-метадычных распрацовак “Педагог-прафесіянал 2024”, дзе была прадстаўлена работа “Віртуальны каляндар падзей Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Свіслацкага раёна” (атрыманы дыплом II ступені ў намінацыі “Лепшы сайт”).

З 2016 года Т.А.Кухарчык з’яўляецца кіраўніком школьнага гісторыка-краязнаўчага музея “Млын часу”. Фонды музея пастаянна абнаўляюцца і налічваюць 645 экспанатаў, у сярэднім за год больш за 4 000 наведвальнікаў знаёмяцца з матэрыяламі музея. Дзякуючы прыкладзеным намаганням, мэтанакіраванай дзейнасці (у тым ліку і асабіста Таццяны Аляксандраўны), у чэрвені 2022 года музею прысвоена званне “Народны”.

Аб сваіх трапяткіх адносінах да музейнай справы не раз прызнавалася Таццяна Аляксандраўна калегам і гасцям. “Музей – гэта месца, дзе захоўваецца засяроджаная ў рэчах гістарычная памяць. Лічу сваім абавязкам данесці ўсім наведвальнікам гісторыю кожнага экспаната, імёны людзей, якія зрабілі свой унёсак у развіццё адукацыі, культуры, сельскай гаспадаркі на Поразаўшчыне…” – гаворыць педагог.Шмат увагі кіраўніком музея ўдзяляецца тэме вайны: праводзяцца тэматычныя экскурсіі, папаўняецца экспазіцыя, наладжваюцца цесныя ўзаемаадносіны з зацікаўленымі асобамі па ўстанаўленні страчаных звестак аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны.

У таленавітага настаўніка – не менш таленавітыя навучэнцы. Кожны год пад кіраўніцтвам Таццяны Аляксандраўны ўдзельнікамі савета музея “Млын часу” наладжваецца даследчая праца, вынікі якой прадстаўляюцца на Міжнароднай маладзёжнай навукова-практычнай канферэнцыі “Вялікая Айчынная вайна 1941–1945 гадоў у гістарычнай памяці народа”. Юныя даследчыкі – уладальнікі дыпломаў пераможцаў у 2023, 2020, 2019, 2017, 2016 гадах. Але галоўная каштоўнасць гэтай працы – ва ўстаноўленых фактах. Удзельнікамі даследаванняў удакладняюцца імёны і званні загінуўшых, аднаўляюцца падзеі і факты далёкай вайны.

Дзмітрый Анісеня, навучэнец 10-га класа, прыняў удзел у адкрытай абласной краязнаўчай навукова-практычнай канферэнцыі “Купалаўская вышыня”. Разам з кіраўнікамі, настаўніцай гісторыі Т.А.Кухарчык і настаўніцай інфарматыкі А.В.Анісеняй, вучань ствараў агульнадаступны прадукт, які акумулюе звесткі аб ваенных падзеях на тэрыторыі Свіслацкага раёна. За работу “Мемарыялізацыя падзей Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Свіслацкага раёна” Дзмітрый узнагароджаны дыпломам I ступені. Спасылка на работу размешчана не толькі на сайце школы, але і на афіцыйным сайце Свіслацкага райвыканкама (https://sites.google.com/view/mlynchasu).

З верасня 2022 года Таццяна Аляксандраўна паспяхова спраўляецца з ускладзенымі на яе абавязкамі кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні: умела арганізуе і каардынуе дзейнасць, накіраваную на фарміраванне ў вучняў патрыятычнай свядомасці, пачуцця вернасці сваёй Радзіме, гатоўнасці да выканання задач па забеспячэнні абароны Айчыны і авалоданні неабходнымі для гэтага ведамі. Гульня “Зарніца”, традыцыйная ваенна-патрыятычная гульня “Нашчадкі Перамогі”, Вахта памяці – час асаблівага хвалявання для выхаванцаў Таццяны Аляксандраўны. Вось ужо чацвёрты год на базе Поразаўскай сярэдняй школы праходзіць раённы агляд-конкурс строю і песні “Чаканячы крок”, і чацвёрты год кубак пераможцы дастаецца камандзе поразаўскіх навучэнцаў.На працягу трох гадоў пад кіраўніцтвам Таццяны Аляксандраўны працуе клуб “Патрыёт”. Юльяна Хлусевіч, адна з трох навучэнцаў 11-га класа, якія наведвалі аб’яднанне дадатковай адукацыі, сёлета стала курсанткай Ваеннай Акадэміі Рэспублікі Беларусь.

Некалькі апошніх гадоў Таццяна Аляксандраўна асаблівую ўвагу ўдзяляе тэме генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Настаўніца пераканана, што шанаваць подзвіг свайго народа абавязаны кожны жыхар краіны, а яшчэ абавязкова захоўваць гэтую памяць і перадаваць яе наступным пакаленням. Аб вайне педагог заўсёды расказвае ўзрушана, з болем, без пафасу… І вучыць гэтаму школьных экскурсаводаў. Найбольшую эфектыўнасць маюць мерапрыемствы гэтай тэматыкі, праведзеныя з удзелам супрацоўнікаў пракуратуры Свіслацкага раёна.

Таццяна Аляксандраўна Кухарчык – прагрэсіўны педагог, які любіць сваю справу, імкнецца да новых адкрыццяў, умела стварае ўмовы для развіцця здольнасцей навучэнцаў, ніколі не спыняецца на дасягнутым. Гэта педагог, які стварыў унікальнае месца, дзе гісторыя ажывае і становіцца даступнай для ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу.

Таццяна АСТАПЧЫК,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Поразаўскай сярэдняй школы
Свіслацкага раёна Гродзенскай вобласці

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий