Выкарыстанне тэстаў на уроках беларускай мовы

- 8:12Беларуская мова і літаратура. Ідэі, Методичка

 

Павел ЛІЧЭЎСКІ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры,
ДУА “Гімназія № 1 імя Ф.Я.Перца г.Пінска”

e-mail:pavellichevsky@gmail.com

 

 

Традыцыйныя метады навучання маюць некалькі недахопаў. Напрыклад, пры апытанні правяраецца абмежаваная колькасць вучняў, пісьмовая работа хоць і ахоплівае клас, але яе вынікі стануць вядомы праз некалькі дзён, а адзнака, як вядома, з’яўляецца адным з кампанентаў навучальна-пазнавальнай дзейнасці, яе рэгулятарам, паказчыкам выніковасці.

Высокая эфектыўнасць тэставых праграм абумоўлена тым, што яны ўмацоўваюць адваротную сувязь паміж настаўнікам і вучнем. Выкананне тэстаў дае магчымасць настаўніку хутка ацаніць вынік работы вучня, дакладна вызначыць тэмы, у якіх ёсць прабелы ў ведах. Выконваючы тэсты па ўсіх тэмах вучэбнага прадмета, навучэнцы ажыццяўляюць самакантроль, вызначаюць ступень засваення той ці іншай тэмы з тым, каб паўтарыць тэарэтычны матэрыял або атрымаць кансультацыю настаўніка па пэўнай тэме.

У сваёй педагагічнай практыцы сутыкаюся з наступнымі супярэчнасцямі:

     – паміж мэтамі традыцыйнай педагогікі, арыентаванай на перадачу ведаў, і мэтамі, якія ставіць грамадства, бацькі, вучні (г. зн. атрыманне запатрабаваных ведаў, практычных навыкаў);

     – паміж адсутнасцю матывацыі да вывучэння беларускай мовы і высокімі патрабаваннямі праграмы, стандартаў, ЦТ;

     – паміж імкненнем кожнага вучня да самаразвіцця, самарэалізацыі і недасканалымі формамі індывідуалізацыі і дыферэнцыяцыі навучання.

Вырашыць пералічаныя супярэчнасці дапамагае тэставы кантроль. Тэсціраванне павышае якасць адукацыі. Яго выкарыстанне дапамагае ў пошуку шляхоў фарміравання ў вучняў матывацыі, унутранага імкнення да вывучэння беларускай мовы. Работа па гэтым накірунку дазваляе вырашыць праблему павышэння якасці адукацыі і матывацыі да вывучэння прадмета, рацыянальнага размеркавання часу на ўроку.

Інструментарыем для выяўлення праблемы з’яўляюцца дыягностыка, самааналіз вучэбных заняткаў, аналіз работ вучняў, маніторынг.

На першым этапе мной быў вывучаны стан даследуемай праблемы ў педагогіцы, зроблены тэарэтычны аналіз педагагічнай літаратуры, якая датычыць праблемы стварэння і выкарыстання тэставых заданняў. У ходзе працы я абапіраўся на навуковыя падыходы, якія апісаны ў працах В.С.Аванэсава[1], Д.Т.Алахвердзіевай[2,], С.І.Брызгалавай[3], Т.П.Дзіндзікавай і А.І.Герасімавай[4], М.Б.Чэлышкавай[5].

Тэставае заданне – гэта сукупнасць узаемазвязаных заданняў узрастаючай цяжкасці (паводле В.А.Аванэсава). Праверку ведаў, уменняў, навыкаў у такой форме ў сваёй педагагічнай дзейнасці прымяняю даўно і бачу ў гэтым перавагу перад іншымі метадамі і сродкамі кантролю, таму што тэсты за кароткі тэрмін дазваляюць грунтоўна праверыць засваенне матэрыялу па пэўнай тэме ва ўсіх вучняў адначасова, пры гэтым вучні знаходзяцца ў аднолькавых умовах. Тэсты развіваюць пільнасць, увагу, уменне выбіраць і знаходзіць галоўнае, дапамагаюць аналізаваць і рабіць вывады.

Пры распрацоўцы тэставых заданняў кіраваўся тым, што заданні павінны быць рознай ступені цяжкасці: ад простага да складанага, «…ад пазнання аб’екта вывучэння і распазнання асобных вядомых тэрмінаў і фактаў да свабоднага аперыравання праграмным вучэбным матэрыялам рознай ступені складанасці» (Дзесяцібальная сістэма ацэнкі вынікаў вучэбнай дзейнасці вучняў//Беларус. мова і літ. – 2002. – №3. – С.12 – 14). Пры іх складанні ўлічваў, што неабходна:

     – зразумела і правільна ставіць пытанні ў заданнях;

     – не дапускаць фармулёвак з няправільным або недакладным выкарыстаннем тэрмінаў;

     – не дапускаць пытанняў, якія патрабуюць удакладненняў, дадатковых тлумачэнняў;

     – пазбягаць заданняў, у якіх ёсць падказка;

     – захоўваць патрабаванні логікі і псіхалогіі.

У аснову гэтага віду кантролю пакладзены такія агульнадыдактычныя прынцыпы, як навуковасць, сістэмнасць, паслядоўнасць, актуальнасць, даступнасць, пераемнасць, сувязь тэорыі з практыкай.

Пры складанні заданняў асноўную ўвагу скіроўваю на тое, каб праверыць засваенне тых ведаў, уменняў і навыкаў, якія прадугледжваюць праграма па беларускай мове, канцэпцыя літаратурнай і моўнай адукацыі і адукацыйныя стандарты.

Задача настаўніка – забяспечыць станоўчую матывацыю, сфарміраваць у школьнікаў зацікаўленасць, стымуляваць да навучальнай дзейнасці.

Асноўнымі паказчыкамі набыцця вучнямі базавых моўных кампетэнцый з’яўляюцца:

     – фарміраванне ў вучняў камунікатыўных уменняў на аснове авалодання лексічным і фразеалагічным багаццем беларускай мовы;

     – авалоданне вучнямі фанетычнымі, арфаэпічнымі, акцэнталагічнымі, марфалагічнымі нормамі;

     – фарміраванне арфаграфічных, сінтаксічных і пунктуацыйных навыкаў.

На другім этапе працы над тэмай праводзілася работа па ўкараненні выкарыстання тэставых заданняў у вывучэнне прадмета.

Тэставыя заданні выкарыстоўваю на розных этапах урока. Праводжу тэсты для праверкі засваення тэарэтычнага матэрыялу, разгледжанага на папярэдніх уроках, для актуалізацыі ведаў вучняў пры вывучэнні новага матэрыялу, для кантролю і карэкцыі новага матэрыялу, разглядаемага на ўроку.

Напрыклад, для актуалізацыі ведаў вучняў пры вывучэнні тэмы “Правапіс не(ня), ні з дзеясловамі” (дзеепрыметнікамі, дзеепрыслоўямі, прыслоўямі) карысна паўтарыць і абапірацца на ранейшыя веды, набытыя пры вывучэнні тэм “Правапіс не(ня) з назоўнікамі” і “Правапіс не(ня) з прыметнікамі”. На інтэрнет-рэсурсе “Learning Apps” ствараю тэставае заданне “Правапіс не(ня) з назоўнікамі і прыметнікамі”, яго можна вывесці на экран у класе ці напярэдадні ўрока адправіць вучням па электроннай пошце спасылку http://LearningApps.org/view1775998 або QR Codе (які яны чытаюць з дапамогай праграмы QR Code Reader), і яны, выканаўшы тэст дома, успомняць раней набытыя веды. А на ўроку прапаноўваю аналагічны тэст, і тыя вучні, якія не паленаваліся дома выканаць тэставае заданне, лепш і хутчэй справяцца з заданнем у класе, змогуць атрымаць вышэйшую адзнаку і пры правядзенні ўзаемаправеркі змогуць растлумачыць матэрыял суседу. Калі у вучняў ёсць планшэты, можна на ўроку раздаць раздрукаваны на паперы QR-код і вучні, прачытаўшы яго, хутка выходзяць на выкананне задання.

Кантроль засваення ведаў вучня па новай тэме і карэкцыю новага матэрыялу таксама праводжу з дапамогай тэставых заданняў. Напрыклад, вывучаючы тэму “Віды сінтаксічнай сувязі слоў у словазлучэнні” (8 клас) праводжу тэставае апытанне з дапамогай праграмы Plickers, якая дазваляе адразу ўбачыць вынікі тэставання і правесці зваротную сувязь.

https://drive.google.com/open?id=0B87UNOL28CFBbGVGa2o2aXhlbU0

http://aacenka.by/?p=9570

Калі ёсць магчымасць правесці ўрок у кабінеце інфарматыкі, то для правядзення тэста выкарыстоўваю Google Формы. На камп’ютары вучняў адпраўляецца спасылка, адкрыўшы якую, яны выконваюць тэставае заданне і адпраўляюць яго на камп’ютар настаўніка, дзе яно аўтаматычна правяраецца і вызначаецца працэнт выканання задання.

http://goo.gl/forms/wAe1Wb2QJt

Пры абагульненні і кантролі ведаў па тэме раздзела ці правядзенні кантрольнай тэставай работы загадзя паведамляю пра будучую работу, для таго каб вучні паўтарылі тэарэтычны матэрыял, па якім будзе праводзіцца апытанне. Для кожнага рыхтуецца асобны экзэмпляр з заданнямі. Вучні знаёмяцца з мэтай работы і крытэрыямі ацэнкі тэста, яго зместам і колькасцю заданняў, вызначаецца час, які адводзіцца на яе выкананне. Перад пачаткам работы праводзіцца інструктаж (указанні па выкананні запісаны на дошцы ці выводзяцца на экран або раздаюцца кожнаму). Звяртаецца ўвага на тое, каб вучні ўважліва чыталі ўмову кожнага задання. Іх мэтазгодна выконваць у той паслядоўнасці, у якой прапанаваны. Але калі нехта не ведае адказу, то можа перайсці да наступнага задання. Асноўная мэта настаўніка – максімальна і поўна забяспечыць самастойную работу кожнага вучня.

Пры абагульненні і кантролі ведаў па тэмах раздзела таксама выкарыстоўваю тэставыя заданні з дапамогай Google Формы або раздрукаваныя на лістах для кожнага вучня.

Вучу школьнікаў дакладна прымяняць на практыцы вывучаныя на ўроках і падчас паўтарэння і сістэматызацыі правілы, умець арыентавацца ў азначэннях, класіфікацыях і г.д. Бачу сваю задачу як настаўніка ў тым, каб на гэтым этапе дапамагаць вучням даводзіць пэўныя практычныя ўменні да аўтаматызму.

Адзнаку за выкананне тэста вылічваю наступным чынам:

усяго правільных адказаў у тэксце – зробленых памылак   х100
    усяго правільных адказаў

 

Сістэмнае выкарыстанне тэстаў на розных этапах урока як сродку кантролю і дыягностыкі ведаў, уменняў і навыкаў вучняў садзейнічае эфектыўнасці вучэбна-выхаваўчага працэсу, павышае матывацыю да навучання.

Каб вызначыць паспяховасць майго вопыту педагагічнай дзейнасці па выкарыстанні тэстаў на ўроках беларускай мовы, было праведзена анкетаванне і маніторынг вучэбных дасягненняў.

Аналіз тэсціравання дазваляе зрабіць вывад, што пры пераходзе вывучэння ад адной тэмы да другой назіраецца павелічэнне колькасці вучняў, якія здавальняюча выконваюць заданні (павялічваецца сярэдні бал і якасць ведаў па прадмеце).

Цяжкасці, з якімі вучні сутыкаюцца пры выкананні тэставых заданняў: не заўсёды хапае часу, пачынаю сумнявацца, цяжка вызначыцца з адказамі, калі яны блізкія па сэнсе (напрыклад, словы-сінонімы або калі фармулёўкі адказаў падобныя). Недахопаў выкарыстання тэставых заданняў вучні не адзначылі, лічаць, што іх няма.

Тэставы кантроль дапамагае:

     – ажыццявіць дыферэнцыраваны падыход, улічыць індывідуальныя асаблівасці кожнага вучня ў час праверкі вынікаў навучання;

     – ажывіць працэс навучання;

     – зэканоміць час, які адводзіцца на апытанне і які затрачваецца на праверку тэстаў.

Тэставы кантроль забяспечвае аператыўнасць праверкі вучнёўскіх работ, зводзіць да мінімуму суб’ектывізм настаўніка і дае яму магчымасць аб’ектыўна ацаніць якасць засваення вучнямі праграмнага матэрыялу, выяўляе прабелы ў ведах вучняў з мэтай іх наступнай ліквідацыі, актуалізуе самастойную працу вучняў, арыентаваных на індывідуальны поспех, робіць урок сучасным. Выкарыстанне тэстаў фарміруе сістэмнасць і глыбіню ведаў, удасканальвае навыкі вучэбнай работы, дазваляе павялічыць цікавасць да прадмета. А гэта, у сваю чаргу, развівае асобу вучня: вучыць уменню пераадольваць цяжкасці, годна перажыць поспехі і няўдачы, выхоўвае ўпэўненасць у сваіх ведах. Выкарыстанне тэставых заданняў абумоўлена і аб’ектыўным фактарам: у наш час для паступлення ў вышэйшыя навучальныя ўстановы патрэбна здаць экзамен ў форме цэнтралізаванага тэсціравання. Прымяненне тэставых заданняў на ІІ ступені навучання дазваляе вучням перайсці на ІІІ ступень навучання з цвёрдымі ведамі па прадмеце, уменнямі і навыкамі працы з тэставымі заданнямі.

 

Спіс выкарыстаных крыніц

1 Аванесов, В.С. Научные проблемы тестового контроля знаний/В.С.Аванесов. – М.:Исследовательский центр, 1994. – 112с.

2 Аллахвердиева, Д.Т. Опыт применения тестов для дидактической экспертизы обучения / Д.Т.Аллахвердиева//Высшее образование в России. – 1993. – № 2. – С.102–104.

3 Брызгалова, С.И. Введение в научно-педагогическое исследование: учеб. пособие / С.И.Брызгалова. – 3-е изд. испр. и доп. – Калининград, 2003. – 151 с.

4 Дзіндзікава, Т.П. Сістэма падрыхтоўкі да экзамену ў форме тэставага кантролю/ Т.П.Дзіндзікава, А.І.Герасімава //Народная асвета. – 2011. – № 4.

5 Майоров, А.Н. Теория и практика создания тестов для системы образования/А.Н.Майоров. – М.: Нар. образование, 2000. – 351с.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий