Калі вы будзеце ў Пружанах, абавязкова пабывайце у гасцях у цудоўнага чалавека – Марыі Мікалаеўны Кулецкай.
У гэтай выдатнай творчай жанчыны ёсць чаму павучыцца. Марыя Кулецкая – сёння адзіная ў раёне ўладальніца ганаровага звання “Народны майстар Рэспублікі Беларусь”. Рукі майстрыхі не ведаюць суму, і ўсё, да чаго яны датыкаюцца, ператвараецца ў сапраўдны цуд: папера, саломка, тканіна ці шкло.
Здаецца, няма матэрыялу, з якім не працавала б гэтая майстрыха. І як выдатна, што свае веды і ўменні яна перадае дзецям. Пад пільным кіраўніцтвам Марыі Мікалаеўны ў гарадскім палацы культуры сёння працуе ўзорная студыя “Шклянка-маляванка”. Яе выхаванцы засвойваюць такія тэхнікі, як арыгамі (складаюць фігуркі з паперы) і квілінг (са скручаных у спіраль папяровых палосак складаюць цэлыя кампазіцыі), плятуць з саломкі і папяровай лазы кветкі, капелюшы і “павучкоў”, вышываюць шаўковымі стужкамі карціны, шыюць і ўпрыгожваюць экаторбы, са шматкоў ільняной тканіны вырабляюць традыцыйныя лялькі-матанкі і ткуць паясы. А яшчэ захапляюцца выцінанкай (мастацкім выразаннем з паперы) і роспісам па тканіне, палатне, дрэве і нават па шкле.
Марыя Мікалаеўна адкрыта для зносін і, нягледзячы на занятасць, заўсёды гатова правесці для ўсіх жадаючых майстар-класы па любой тэхніцы. У Год малой радзімы, згадзіцеся, гэта асабліва актуальна. Таму, даведаўшыся, што яе студыя адзначыла ў гэтым годзе наваселле, мы з дзецьмі накіраваліся да жанчыны ў госці.
У новым, больш прасторным і светлым памяшканні палаца культуры куды ні зірні – казка: мастацкія работы, выкананыя ў розных тэхніках, упрыгожваюць сцены, стэлажы і паліцы. Тут жа стаяць загатоўкі для будучых работ.
Гаспадыня гэтага чароўнага царства сустрэла нас каля дзвярэй, пасадзіла за вялікі стол і правяла для сваіх гасцей майстар-клас па выцінанцы. З вялікім задавальненнем пад яе кіраўніцтвам мы выразалі папяровых анёлаў. А для таго, каб праца ішла больш жвава, кожны атрымаў у падарунак салодкую “дапамагайку”. Натхніў на творчасць і цікавы аповед Марыі Мікалаеўны пра свае захапленні і творчыя планы.
За размовай час праляцеў хутка. Стараліся ўсе, і анёлкі атрымаліся выдатныя. На жаль, настала пара развітвацца. Дамовіўшыся з Марыяй Мікалаеўнай аб новай сустрэчы, мы сыходзілі ў добрым настроі і з “татушкамі” на шчочках, якія нам на развітанне намалявала майстрыха.
Аксана КЛІМАВА,
настаўнік пачатковых класаў сярэдняй школы № 1 г. Пружаны імя ЧБВА Брэсцкай вобласці