Дашкольны ўзрост – самы каштоўны этап у развіцці экалагічнай культуры асобы. З мэтай атрымання ведаў аб прадметах і з’явах прыроды і фарміравання навыкаў беражлівых адносін да яе выхавальнікі ясляў-сада № 10 Навагрудка распрацавалі дыдактычныя гульні па экалагічным выхаванні “Поры года”, “Чароўнае дрэва”, “Сад і агарод”, “Падарожжа па экалагічнай сцежцы”.
Экалагічныя гульні вучаць дзяцей не толькі разважаць, але і рабіць высновы, абагульняць атрыманую інфармацыю, пры гэтым трэніруюць увагу, памяць, развіваюць адвольнае ўспрыманне. У працэсе экалагічных гульняў узбагачаецца слоўнікавы запас: малыя пазнаюць назвы жывёл, птушак, раслін, насякомых, вучацца апісваць іх знешні выгляд і характэрныя асаблівасці. А пераймаючы рухі жывёл, дзіця ўдасканальвае такія якасці, як спрыт, хуткасць, каардынацыя рухаў.
Гульні экалагічнай накіраванасці дапамагаюць педагогам вырашыць многія задачы выхавання і развіцця дашкольніка, а таксама аказваюць неацэнную дапамогу ў фарміраванні асобасных якасцей.
Інеса САФАРЭВІЧ,
намеснік загадчыка ясляў-сада № 10 г. Навагрудка