Многія лічаць, што бібліятэкі ўжо не вельмі патрэбныя, таму што існуе мноства больш тэхналагічных спосабаў атрымання інфармацыі. Вядома, немагчыма адмовіцца ад сучасных дасягненняў, але ж, нягледзячы на лічбавыя фарматы, бібліятэкі застаюцца запатрабаванымі. Каб пазнаёміць з іх работай дзяцей, выхаванцаў старшых груп санаторнага яслі-сада Брагіна традыцыйна запрашаюць наведаць дзіцячую бібліятэку.
Дзеці з вялікім захапленнем паглядзелі на мноства кніг у прыгожых вокладках, на аформленыя стэлажы. Такой колькасці кніг яны яшчэ ніколі не бачылі. У бібліятэцы дзяцей ветліва сустрэла бібліятэкар Алена Уласенка. Яна распавяла ім пра тое, што кніга – крыніца ведаў, што свет кніг цікавы і разнастайны, пазнаёміла з правіламі абыходжання з кнігамі.
Вядомы прынцып “ад цацкі – да кнігі” дазваляе бібліятэкарам шукаць арыгінальныя падыходы да дзіцяці, тым самым выклікаць цікавасць да чытання і да кніг. Алена Мікалаеўна паказала лялечны спектакль “Маша і Мядзведзь” на любімай усімі дзецьмі батлейцы. Здзівілі малых не толькі фігуркі, якія рухаюцца, але і магчымасць пасля прадстаўлення самім паспрабаваць “вадзіць” герояў, а пасля ўсе з цікавасцю разглядалі малюнкі ў кнізе “Маша і Мядзведзь”.
У канцы экскурсіі бібліятэкар выканала жаданне кожнага дзіцяці: малыя заказвалі кнігі па сваіх захапленнях – пра зоркі, дыназаўраў, тэхніку – і атрымлівалі магчымасць пазнаёміцца з імі. У дзяцей было вялікае жаданне самім паглядзець цікавыя яркія кнігі, якія стаяць на паліцах.
Напрыканцы сустрэчы Алена Мікалаеўна прапанавала сваім гасцям запісацца ў бібліятэку. Экскурсія ўразіла дашкольнікаў. Яны абавязкова прыйдуць сюды яшчэ раз, ужо разам з бацькамі, і стануць пастаяннымі чытачамі бібліятэкі.
Алена АСКЕРКА,
намеснік загадчыка санаторнага яслі-сада Брагіна