Праблема раскрыцця індывідуальнасці кожнага дзіцяці не можа быць вырашана без уліку дзейнасці, якая арганізуецца ў вольны ад навучання час. Ад таго, як арганізавана жыццё і дзейнасць дзіцяці ў групе падоўжанага дня, наколькі правільна зроблены адбор зместу, відаў дзейнасці, яе формаў і іх спалучэння ў адзінай сістэме выхаваўчага ўздзеяння, залежыць поспех выхаваўчай работы ў цэлым.
Першым чынам, лічу сваёй задачай дапамагчы дзіцяці ў авалоданні культурай паводзін. Праводжу такія мерапрыемствы, як «Азбука паводзін», гульня-вандраванне «Па моры ветлівасці», этычныя гутаркі, інсцэніроўкі: «У тэатры», «Ветлівыя словы», «Памятай пра іншых». Вялікае значэнне надаю выпрацоўцы навыкаў самастойнасці – арганізуецца самастойная навучальная дзейнасць – заняткі, самападрыхтоўка.
Па змесце дзейнасць дзяцей у вольны ад урокаў час павінна быць прывабнай і адпавядаць рознабаковым інтарэсам дзіцяці. Па арганізацыі – абапірацца на ініцыятыву і самакіраванне дзяцей, даваць магчымасць свабоды выбару зместу і формаў дзейнасці настолькі, наколькі гэта мэтазгодна.
Важна прадумваць адпачынак дзяцей, як у памяшканні, так і на паветры. Прагулка – актыўны адпачынак, арганізаваны на паветры, калі праводзяцца гульні малой і сярэдняй рухомасці. Яна мае вялікае значэнне, бо аказвае спрыяльны ўплыў на функцыянальны стан цэнтральнай нервовай сістэмы навучэнцаў. Правядзенне прагулкі патрабуе такой жа прадуманасці і падрыхтоўкі, як і ўсе іншыя віды дзейнасці. Для таго каб зрабіць яе больш цікавай для дзяцей, імкнуся ўносіць больш разнастайнасці.
Да выхаваўчых мерапрыемстваў адносяцца падзеі, заняткі, сустрэчы з цікавымі людзьмі, экскурсіі. Будую сваю выхаваўчую работу такім чынам, каб спалучаліся разнастайныя формы.
Асабліва спадабаліся дзецям выхаваўчыя мерапрыемствы «Кветачка-вясёлка», «Давайце гаварыць адзін аднаму кампліменты», «Мае правы – мая свабода», «Арыфметычная мазаіка», «Правілы сумленнай спрэчкі», «Тры пяцёркі па святлафоры».
Калектыўная творчая справа – справа, якая плануецца і праводзіцца самімі дзецьмі на карысць калектыва. На першым этапе я стаўлю мэту, вызначаю месца творчай справы ў сістэме іншых формаў выхаваўчай работы. Потым праводжу стартавую гутарку, падчас якой абмяркоўваецца, як і для каго яе правесці. Трэці этап – калектыўная падрыхтоўка, дзе распрацоўваецца канчатковы варыянт справы, размяркоўваюцца даручэнні ў мікрагрупах і калектыўнае ажыццяўленне задуманага. Кожная мікрагрупа дэманструе тое, што нарыхтавала. Апошні этап – аналіз, які дапамагае выявіць значнасць дадзенай справы з дапамогай пытанняў накшталт: «Што было добра і чаму? Што трэба ўлічыць на будучыню?». Галоўнае – арганізаваць абмеркаванне ў мікрагрупах і выслухаць меркаванне дзяцей. Дзеці любяць гэту форму работы, паколькі тут яны адчуваюць сябе дарослымі. Часцей за ўсё ў сваёй рабоце выкарыстоўваю такія формы як: турнір-віктарына, аўкцыён ведаў, творчы конкурс, свята.
Вывучэнню дзіцячай гульні прысвяцілі свае даследаванні многія навукоўцы. Аўтары аднадушныя ў тым, што гульня – гэта ўнутранае запатрабаванне дзяцей у актыўнай дзейнасці, сродак спазнання свету. «У дзіцячым узросце, як казаў Антон Макаранка, гульня – гэта норма жыцця, дзіця гуляе нават тады, калі робіць сур’ёзную справу». Вось чаму гульня з’яўляецца асноўным відам дзейнасці маіх выхаванцаў.
Кожная гульня выконвае пэўныя функцыі. У гульні вялікія выхаваўчыя магчымасці, бо яна заўсёды пажадана. У групе дзеці з задавальненнем гуляюць у пазнавальныя гульні (гульні-конкурсы, гульні-вандраванні, «Поле цудаў», «Шчаслівы выпадак», «Разнабой», «О, шчасліўчык!», «Хто жадае атрымаць прыз» і інш.) і інтэлектуальныя гульні (рэбусы, крыжаванкі). Важна падыходзіць да дзяцей індывідуальна, улічваць узровень развіцця. Трэба разнастаіць гульні па ступені складанасці, каб кожны выхаванец адчуваў сваю значнасць і мог выявіць свой інтэлект.
Рухомыя гульні – не толькі форма актыўнага адпачынку дзяцей, але і сродак далучэння дзіцяці да здаровага ладу жыцця. Лічу мэтазгодным далучаць дзяцей да рухомых, эмацыянальных гульняў і гульняў-спаборніцтваў, эстафет, якія развіваюць у іх кемлівасць, шпаркасць рэакцыі, памяншаюць скаванасць і эмацыйную затарможанасць. У сваёй рабоце я выкарыстоўваю такія гульні, як «Рыбаловы», «Перамена», «Фарбы», «Буслы», «Чарапахі», «Святлафор», «Касманаўты», «Чорнага і белага не браць», «Так і не не казаць С», «Стой спакойна», «Вавёркі, арэхі, гузы». Любімымі рухомымі гульнямі дзяцей групы падоўжанага дня з’яўляюцца гульні з мячом, са скакалкай.
Напрыканцы хачу адзначыць, што рэжым падоўжанага дня павінен спрыяць паспяховаму праходжанню выхаваўчай работы ў групе. Я, як выхавальнік, імкнуся прытрымвацца дэмакратычнага стаўлення да дзяцей, напаўняць кожны іх дзень цікавымі і карыснымі справамі. Толькі правільная арганізацыя вольнага часу навучэнцаў групы падоўжанага дня фарміруе ўсебакова развітую асобу.
Ірына ЖАРАНКОВА,
выхавальнік Бушаўскага дзіцячага сада – сярэдняй школы
Буда-Кашалёўскага раёна