Дзякуючы намаганням калектыва мазырскай школы № 14 навучальна-выхаваўчы працэс у школе максімальна адкрыты, інфарматыўны і даступны для бацькоў, якія імкнуцца да актыўнага супрацоўніцтва са школай і педагогамі.
Паразуменне нараджаецца ў сумеснай дзейнасці пры падрыхтоўцы і правядзенні пазакласных мерапрыемстваў. Іх на працягу навучальнага года ў школе праводзіцца нямала.
Сёлета прайшла дэкада сям’і і духоўнага выхавання “Сямейная жамчужына”. У яе межах праведзена конкурсная праграма “Мая сям’я – мой гонар”. Гэта было свята для ўсёй школы, у якім узялі ўдзел педагогі, навучэнцы, бацькі, а таксама грамадскасць нашага горада. Канкурсанты прадэманстравалі каштоўнасць дружнай сям’і: агульныя побытавыя справы, падзеі, якія адбываюцца ў іх сямейным, грамадскім і школьным жыцці, і, першым чынам, актыўны сямейны адпачынак. Усе сем’і паказалі, як яны спрыяюць яднанню, згуртаванню, усталяванню ўзаемаадносін бацькоў і дзяцей, стварэнню камфортных умоў для дзяцей. Бо бацькоўская любоў – своеасаблівы каталізатар, які паскарае развіццё асобы. Кожная сям’я атрымала ўзнагароды, падзячныя пісьмы і каштоўныя падарункі.
Кацярына РУДАЯ,
ветэран педагагічнай працы СШ № 14 Мазыра