У памяць пра подзвігі, у памяць пра прадзеда

- 21:53МОГИЛЕВЩИНА, Регионы

Напярэдадні 75-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне навучэнцы 4 “Б” класа гімназіі Мсціслава сумесна з бацькамі прадставілі праект “У памяць пра подзвігі, у памяць пра прадзеда”. Мэта праекта – паказаць, што людзі жывыя, пакуль жыве памяць пра іх. Важна, каб ланцужок памяці пра салдат Вялікай Айчыннай вайны не абарваўся. І пачаць пошук інфармацыі трэба з сям’і, бо ў кожнай ёсць свае героі, мужныя і моцныя людзі.

У рамках рэалізацыі праекта малодшыя школьнікі не толькі пазнаёміліся з гістарычнымі фактамі часоў Вялікай Айчыннай вайны, але і падзяліліся гісторыямі пра лёсы сваіх прадзядуль і прабабак, якія прайшлі праз горан вайны. Вучні з бацькамі збіралі інфармацыю пра сваякоў і іх подзвігі. Старыя фатаграфіі з сямейных альбомаў, ордэны і медалі, лісты, пасведчанні прадстаўлялі аднакласнікам малодшыя школьнікі на класнай гадзіне. Пачуццё гонару за сваіх продкаў перапаўняла дзіцячыя сэрцы.

 Праектная дзейнасць ажыццяўлялася паэтапна. Навучэнцам і іх бацькам было прапанавана прыняць удзел у сеткавым праекце гімназіі “Я памятаю і ганаруся”. Аўтар праекта – настаўнік інфарматыкі Сяргей Аляксандравіч Кальцоў. Чацвёртакласнікі актыўна ўключыліся ў працу. Паступова запаўняліся новыя старонкі электроннай кнігі пра Мацвея Архіпавіча Курачкіна (аўтар Аляксандр Лівановіч), Міхаіла Ягоравіча і Піліпа Ягоравіча Крываруцкіх (аўтар Мікіта Мішчанка), Рыгора Сцяпанавіча Пруднікава (аўтар Ніка Мацвеенка), Аляксандра Васільевіча Шэндалева (аўтар Юлія Селіванава), Уладзіміра Антонавіча Глушакова (аўтар Ягор Марозаў) і інш.

Быў аформлены альбом “1941–1945. Мы памятаем!” аб прадзедах і прабабках чацвёртакласнікаў. Творы розных жанраў і аўтараў былі прадстаўлены на выставе кніг “Людзі! Пакуль сэрцы стукаюць – памятайце!”. Дзіцячыя малюнкі і плакаты (гэта яшчэ адзін з этапаў праекта) ўтрымлівалі важныя словы “Няхай заўсёды будзе сонца!”, “Няхай заўсёды будзе неба!”, “Няхай заўсёды будзе мама!”, “НЕ вайне!”, “Свету – мір!”, “Памятаем, якім коштам заваяванае шчасце!”, “Я памятаю, я ганаруся!”.

Творчая праца “Вечны агонь” стала завяршальным этапам праекта. Полымя ў выглядзе дзіцячых далонек – гэта ПАМЯЦЬ, гэта МІР, гэта ЛЮБОЎ, гэта ВЕРА, гэта НАДЗЕЯ.

Іна ШАРЫЛАВА,
настаўнік пачатковых класаў гімназіі Мсціслава

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий