Напярэдадні святкавання 75-годдзя Вялікай Перамогі піянерскія дружыны Бераставіцкай раённай піянерскай арганізацыі ўключыліся ў рэалізацыю раённага арт-праекта «30 дзён да Пераможнага мая».
Усё далей у глыб гісторыі адыходзяць падзеі, звязаныя з Вялікай Айчыннай вайной. Але памятаюць і ўшаноўваюць подзвіг народа юныя нашчадкі Перамогі. Перадаць эстафету памяці, адлюстраваць сваё стаўленне да подзвігу людзей, якія заваявалі Перамогу, – адна з задач раённай патрыятычнай арт-акцыі «30 дзён да Пераможнага мая».
Для ўдзелу ў арт-акцыі кожны юны грамадзянін краіны Піянерыі ўдзельнічаў у падрыхтоўцы сваёй творчай працы, якая адлюстроўвала сувязь пакаленняў, стаўленне да падзей Вялікай Айчыннай вайны, працяг традыцый, памяць пра гераічныя подзвігі салдат. Творчыя працы ўдзельнікаў праекта былі прадстаўлены ў выглядзе малюнкаў, віншавальных паштовак, вершаў, лістоў, калажаў, ілюстрацый да твораў на ваенную тэматыку і сталі часцінкай адной вялікай калектыўна-творчай справы – «Палатна Пераможнага мая».
Піянеры і акцябраты яшчэ раз пацвердзілі сваёй творчасцю, што Дзень Перамогі застаецца самым душэўным, самым хвалюючым і кранальным святам для ўсіх пакаленняў грамадзян нашай краіны.
Святлана РОЗЕЛЬ,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Бераставіцкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, старшыня РС ГА «БРПА».