У гэтым годзе спаўняецца 75 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Педагогі нашай дашкольнай установы ў сувязі з гэтай важнай датай правялі з дзецьмі шэраг мерапрыемстваў.
Арганізавана фотазона, дзе можна не толькі сфатаграфавацца, прымерыўшы ваенную форму, але і ўбачыць лісты, якія пісалі салдаты сваім блізкім з фронту. Нашы выхаванцы падрыхтавалі выставу малюнкаў, прысвечаных Дню Перамогі. У сваіх работах дзеці перадалі падзяку ветэранам за мірнае неба над галавой. Педагогі разам з выхаванцамі падтрымалі акцыю «Песні Перамогі» і перадалі віншавальную эстафету іншым установам адукацыі.
На жаль, ветэранаў становіцца з кожным годам усё менш і менш. У сілу свайго ўзросту яны не могуць прыйсці да нас і распавесці пра свае франтавыя будні. Але заўсёды застаецца жаданым госцем у нас Свістуноў Рыгор Іванавіч. Шмат гадоў ён прапрацаваў у нашай дашкольнай установе рабочым па абслугоўванні будынкаў. Сціплы, працавіты, заўсёды падцягнуты і з добрымі вачыма. Дзядуля Грыша, як называюць яго дзеці, не любіць распавядаць пра ваеннае дзяцінства. Ён не трымаў зброю ў руках, не вызваляў ад фашыстаў гарады і вёскі. Але Перамогу чакаў не менш, чым іншыя. Калі яму было 5 гадоў, яго разам з бацькамі фашысты загналі ў Германію, у лагер пад Кёнігсбергам. Бацькі працавалі, а дзяцей там трымалі асобна ад дарослых. Было ўсё: слёзы, голад, холад. На шчасце, яго сям’я вытрымала гэтыя выпрабаванні і пасля вызвалення вярнулася дадому. Напэўна, таму ён так часта кажа дзецям: «Шануйце тое, што маеце», «Любіце і слухайце сваіх бацькоў», «Хіба гэта бяда…».
Памяць не мае ўзросту, а любоў да сваёй Радзімы не ўзнікае з ніадкуль. Вялікая Айчынная вайна – самы яркі прыклад праявы гераізму і патрыятызму нашага народа. І каб захаваць памяць, мы, дарослыя, павінны сфарміраваць у дашкольнікаў усвядомленае разуменне тых гістарычных падзей, гатоўнасць абараніць сваю Радзіму, ганарыцца яе мірным росквітам.
Алена БІНКЕВІЧ,
выхавальнік дашкольнай адукацыі ясляў-сада № 72 Гродна