Група падоўжанага дня – гэта маленькі мір, дзе выхаванцы могуць прыемна адпачыць і цікава правесці свой час, праявіць свае творчыя здольнасці: ляпіць, маляваць, атрымліваць станоўчыя эмоцыі ад зносін з сябрамі, прымаць актыўны ўдзел у гульнях і тэатралізаваных пастаноўках.
Тэатралізацыя ўносіць у дзіцячыя будні атмасферу свята, добрага настрою. Менавіта таму я стараюся развіваць творчыя здольнасці дзяцей праз тэатралізаваную дзейнасць. Тэатралізацыя дапамагае дзіцяці пераадолець нясмеласць, няўпэўненасць у сабе, сарамлівасць. Тэатр вучыць бачыць прыгожае ў жыцці, у людзях і ўсебакова развівацца.
Такім чынам, тэатралізаванае прадстаўленне “Падарожжа з кветачкай вясёлкай”, прымеркаванае да тыдня казак у групе падоўжанага дня, прайшло з вялікім поспехам. Гэтаму мерапрыемству папярэднічала вялікая падрыхтоўчая работа: працавала касцюмерная, дзе сваімі рукамі дзеці разам з бацькамі выраблялі касцюмы, у спецмайстэрні “Умелыя ручкі” выхаванцы разам з выхавальнікам зрабілі неабходныя атрыбуты да прадстаўлення. Рэпетыцыі праходзілі кожны дзень, вучні актыўна развучвалі свае ролі.
І вось настаў доўгачаканы час! Актавая зала ледзь змясціла ўсіх жадаючых. Адкрывала гэта казачнае падарожжа Фея, якая сустрэлася з дзяўчынкай Жэняй і падарыла ёй чароўную кветачку вяселку. Дзякуючы гэтай кветцы выхаванцы змаглі акунуцца ў чароўны свет казак, сустрэцца з Чырвонай Шапачкай і Шэрым ваўком. Ім неабходна было прайсці праз перашкоды, пасябраваць з насельнікамі церамка, агульнымі намаганнямі пасадзіць агарод, выгадаваць і выцягнуць рэпку. Усюды гэтаму дапамагала магія кветкі. Падчас свайго падарожжа дзеці на сваім шляху сустрэлі Разбойніка, з якім пасябравалі і нават праспявалі вясёлую песню.
Актыўны ўдзел у прадстаўленні прынялі і гледачы, якім таксама было падрыхтавана заданне. Са слоў, якія хаваліся ў паветраных рознакаляровых шарах, неабходна было скласці назву казкі.
Заключным акордам гэтага мерапрыемства стаў флэшмоб з роставай лялькай. Масу ўражанняў атрымалі як маленькія артысты, так і гледачы.
Аксана СУХАНКО,
выхавальнік сярэдняй школы № 32 Гродна