Па меры таго, як дзіця расце, яго эмацыйны свет становіцца багацейшым, больш разнастайным. Ад страху і радасці яно пераходзіць да больш складанай гамы пачуццяў: радуецца і злуецца, захапляецца і здзіўляецца, раўнуе і сумуе.
Сучасныя дзеці сталі менш спагадлівымі да пачуццяў іншых. Таму работа, накіраваная на развіццё эмацыйнай сферы дзяцей, вельмі важная. Бо дзіця, якое разумее пачуцці іншага, актыўна адгукаецца на перажыванні навакольных, імкнецца аказаць дапамогу іншым і ў будучыні не будзе праяўляць варожасць і агрэсіўнасць.
Дашкольнае дзяцінства – важны перыяд развіцця асобы дзіцяці. Паступова змяняецца эмацыйная сфера, мяняюцца погляды на свет і адносіны з навакольнымі; маленькі чалавек пачынае ўсведамляць і кантраляваць свае эмоцыі.
Эмоцыі адыгрываюць важную ролю ў жыцці дзяцей: дапамагаюць успрымаць рэчаіснасць і рэагаваць на яе. Праяўляючыся ў паводзінах, яны інфармуюць дарослага пра тое, што дзіцяці падабаецца ці засмучае яго.
У дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці Хойнікаў педагог-псіхолаг Наталля Жыглова праводзіць з выхаванцамі групавыя і індывідуальныя карэкцыйна-развіццёвыя заняткі, накіраваныя на пашырэнне эмацыйна-валявой сферы, сацыялізацыі, камунікатыўных уменняў і навыкаў, умацаванне псіхалагічнага здароўя.
Значнае месца ў дзейнасці дзяцей вылучаецца для гульняў і практыкаванняў, накіраваных на знаёмства з эмоцыямі чалавека, усведамленне сваіх эмоцый, а таксама на распазнаванне эмацыйных рэакцый іншых дзяцей, на развіццё ўмення адэкватна выказваць свае эмоцыі. Для гэтага праводзяцца гульні “Я радуюся, калі…”, “Кола эмоцый”, “Складзі партрэт” і інш., выкарыстоўваюцца псіхагімнастыка (эцюды), гульні і практыкаванні на зняцце псіхаэмацыйнай напругі, фарміраванне эмацыйнай стабільнасці (“Цудоўны сон”, “Вясёлка настрою”, “Пасмяемся над страхамі”), элементы арт-тэрапіі і казкатэрапіі, разгляд сітуацый з асабістага вопыту.
Усё гэта дазваляе дапамагчы дзіцяці ўсвядоміць характэрныя асаблівасці і перавагі, зразумець, што яно, як і кожны чалавек, унікальнае і непаўторнае. І не важна, што магчымасці дзіцяці абмежаваныя, важна пастаянна падтрымліваць кожнага малога ў розных сітуацыях, як у поспеху, так і пры няўдачах, дапамагчы яму паверыць у свае сілы, надаць упэўненасці, што заўтра ён абавязкова зробіць тое, што не здолеў зрабіць сёння.
Менавіта праз эмоцыі і пачуцці дзіця спазнае навакольны свет. Вось чаму так важна ў гэтым перыядзе развіваць эмацыйную сферу дзіцяці. А гэта галоўнае, таму што эмацыйны дабрабыт спрыяе нармальнаму развіццю асобы дзіцяці, выпрацоўцы ў яго станоўчых якасцей, добразычлівага стаўлення да іншых людзей.
Валянціна ЛЕШЧАНОК,
загадчык дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Хойнік