Дзіўны праект «Супербабулі»

- 8:13Воспитательная работа, Опыт

 

Ніна ПАТРОЦЫНА,
настаўнік матэматыкі
сярэдняй школы № 3 Глыбокага,
аўтар праекта “Супербабуля”

 

Нашы бабулі – гэта ўнікальныя людзі. Яны і захавальнікі сямейных традыцый, і рукадзельніцы, і вопытныя выхавальнікі, і кулінары выдатныя… Спіс іх талентаў можна працягваць бясконца. Яны такія розныя, але самае галоўнае, што сваімі ведамі і ўменнямі, жыццёвай мудрасцю яны гатовы дзяліцца з унукамі. Мы пацікавіліся ў вучняў нашай школы, чым захапляюцца іх бабулі, і даведаліся шмат цікавага. Так нарадзілася ідэя праекта “Супербабуля”.

На першую творчую сустрэчу пад назвай “Наши руки не для скуки” мы запрасілі бабулю шасцікласніцы Ангеліны Клешчанок – Святлану Дзмітрыеўну. Яна чалавек актыўны і пазітыўны. Усё жыццё стараецца прытрымлівацца запавету сваёй любімай бабулі, якая вучыла яе быць добрай гаспадыняй, ствараць утульнасць у доме, прыгожа, з густам апранацца. У Святланы Дзмітрыеўны багата хобі. Адным з першых яе захапленняў было вязанне. Калі пабывала ў Венгрыі і ўбачыла там незвычайнай прыгажосці клумбы, – вырашыла стварыць такое ж хараство ля свайго дома. Атрымалася! Любавацца палісаднікам па вуліцы Яснай прыходзілі многія жыхары горада. Потым жанчына захапілася стварэннем насценных кампазіцый са штучных кветак. Аднойчы ў Мінску, у “горадзе майстроў”, яна ўбачыла вырабы, выкананыя ў тэхніцы дэкупажу, і вырашыла, што зможа зрабіць не горш. Дзякуючы яе фантазіі і залатым рукам, у доме з’явілася шмат прыгожых рэчаў – бакалаў, шкатулачак, бутэлечак, дэкарыраваных сурвэткамі, тканінай, костачкамі ягад, крупамі… Творчасцю бабуля зацікавіла і ўнучку Ангелінку, якая з малых гадоў дапамагае ёй у хатняй майстэрні.

На сустрэчу са школьнікамі Святлана Дзмітрыеўна прынесла некалькі дзясяткаў сваіх работ. Хлопчыкі і дзяўчынкі з цікавасцю разглядвалі іх і не адразу паверылі, што яны зроблены з самых простых рэчаў, якія часцей за ўсё трапляюць у сметніцу. Некаторыя сакрэты сваёй творчасці Святлана Дзмітрыеўна раскрыла на майстар-класе. За тым, як зладжана працуюць бабуля з унучкай, назіралі дзясяткі дзіцячых вочак. Было бачна, у многіх з іх успыхнула ў душы іскрынка творчасці.

А наступны раз мы сустрэліся ў літаратурна-музычнай гасцёўні “Сузор’е талентаў”, куды запрасілі дзвюх цудоўных бабуль – Людмілу Палікарпаўну Садоўскую і Таццяну Аляксандраўну Ломыш. Таццяна Аляксандраўна – шчаслівая маці і бабуля. Родам яна з Карэліі, там сустрэла свайго будучага мужа. Потым пераехала ў Беларусь, якая стала для яе другой радзімай. Тут нарадзіліся дзеткі і ўнукі. Хутка, у жыццёвых клопатах і турботах, праляцелі гады. Калі Таццяна Аляксандраўна выйшла на пенсію, то вольнага часу стала больш, тады і ўспомніла яна, што ў юнацтве спрабавала пісаць вершы. Вялікая любоў да жыцця, хараство прыроды роднага краю, усё перажытае вылілася ў паэтычныя радкі. Вершы, якія Таццяна Аляксандраўна прачытала на сустрэчы, не пакінулі нікога абыякавым, гучныя апладысменты слухачоў – таму пацвярджэнне.

– Мая бабуля – гэта прыклад самага добрага чалавека. Яна заўсёды гатова выслухаць, падтрымаць, даць параду. А яшчэ, у яе шмат заняткаў і захапленняў. Яна збірае і сама вырошчвае лекавыя расліны, займаецца скандынаўскай хадзьбой, кожную раніцу робіць зарадку. З дзяцінства бабуля слухала, як спявае і іграе на гітары яе матуля. Песня дапамагала ў самыя цяжкія мінуты жыцця, з песняй бабуля ідзе па жыцці і зараз. Яна спявае ў хоры ветэранаў “Маналіт”, – так прадставіў аднакласнікам сваю бабулю, Людмілу Палікарпаўну Садоўскую, унук Данііл. Аповед унука дапоўніла сама Людміла Палікарпаўна. Яна праспявала некалькі сваіх самых любімых песень.

На свята паэзіі і фальклору з суседняга Шаркаўшчынскага раёну прыехала ў сярэднюю школу № 3 Глыбокага бабуля пяцікласніцы Уладзіславы Вайцюль – загадчыца Каўшэлеўскага Дома фальклора, кіраўнік народнага фальклорнага гурта “Купалінка”, кіраўнік дзіцячага фальклорнага гуртка “Вяночак”, удзельніца народнага літаратурна-музычнага аб’яднання “Світанак” пры Шаркаўшчынскім Цэнтры культуры Надзея Іванаўна Вайцюль. Яна ўсё жыццё працуе ў сферы культуры, піша вершы, цудоўна спявае і танцуе. На сустрэчу з вучнямі Надзея Іванаўна завітала не адна, а з групай падтрымкі – сваімі сяброўкамі-фалькларыстамі. Эмацыянальна і вельмі цёпла, дзе прозай, а дзе вершамі ўласнага сачынення, расказвала Надзея Іванаўна пра сваё маленства і юнацтва, дзялілася цікавымі гісторыямі з жыцця, успамінала блізкіх і родных людзей, якія паўплывалі на станаўленне яе як асобы.

Надзея Іванаўна прызналася, што пасля заканчэння ўніверсітэта ў яе была магчымасць застацца працаваць у Мінску, але яна вярнулася на радзіму, на Шаркаўшчыну.

– Я шчаслівая тым, што хаджу па зямлі сваіх бацькоў, дзе карані маіх продкаў, дыхаю паветрам маёй радзімы, чую родную гаворку, спяваю песні маёй матулі, жыву там, дзе ўсё да болю блізкае і знаёмае”, – прызналася жанчына. Любоўю да малой радзімы было прасякнута выступленне Надзеі Іванаўны, а напрыканцы сустрэчы яна правяла для дзяцей майстар-клас па народных танцах.

У чарговы раз на сутрэчу са школьнікамі мы запрасілі бабулю шасцікласніка Іллі Гаўрылава – Алу Андрэеўну. Гэта вельмі актыўны чалавек і цікавы субяседнік. Ала Андрэеўна не любіць сядзець склаўшы рукі, ёй трэба пастаянна быць у працы, таму заўсёды знаходзіць для сябе цікавыя заняткі. Калі вучылася ў школе, з задавальненнем хазіла на лыжах, а падчас вучобы ў тэхнікуме займалася гандболам, фехтаваннем і веласпортам. А яшчэ Ала Андрэеўна – выдатная рукадзельніца. У дзяцінстве маці навучыла яе вязаць на спіцах. Потым, ужо ў дарослым жыцці, яна самастойна засвоіла тэхніку пляцення макрамэ і пляла для сябе і сваіх знаёмых рамяні, сумкі, пано. Захаплялася Ала Андрэеўна і шыццём. Адно з апошніх захапленняў жанчыны – пляценне кошыкаў з газетных трубачак. Кошыкаў, маленькіх і большых, розных па колеру і дызайну, Ала Андрэеўна спляла шмат – для сябе і ў падарунак родным і сябрам. А самым цікаўным вучням госця паказала, як газеты ператвараюцца ў незвычайнае хараство. Дзеці з захапленнем назіралі, як лоўка працуюць рукі майстра, як з доўгіх газетных трубачак атрымоўваецца донца для кошыка ці скрыначкі. Ала Андрэеўна пляла і расказвала пра сябе:

– Дзякуючы настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Ніне Філіпаўне Галаўнёвай, якая разам з сям’ёй здымала пакой у бацькоўскай хаце, з першых школьных гадоў я захапілася чытаннем. Ніна Філіпаўна бездакорна ведала свой прадмет, заўсёды размаўляла па-беларуску і на ўсё жыццё засталася для мяне прыкладам інтэлігентнасці, выхаванасці і дабрыні. Вучылася старанна, вельмі любіла літаратуру і матэматыку. У вольную хвілінку, калі не трэба было дапамагаць бацькам па гаспадарцы, шмат чытала. За працавітасць і старанную вучобу тата купляў мне кнігі. Так у мяне з’явілася невялікая, але свая бібліятэчка.

На ўсё жыццё Ала Андрэеўна захавала любоў да кнігі. Яе маленькая дзіцячая бібліятэчка год ад году папаўнялася. Падчас вучобы ў інстытуце яна аформіла падпіску на выданні Шамякіна, Быкава, Караткевіча, Пушкіна. Калі пераехала ў Глыбокае, стала членам таварыства кнігалюбаў і зараз з’яўляецца членам “Кніжнага клуба”. Цяпер Ала Андрэеўна на заслужаным адпачынку. Часу для хобі і любімых заняткаў у жанчыны хапае, але галоўная радасць яе жыцця – гэта дзеці і ўнукі, якіх яна бясконца любіць, якімі ганарыцца.

Незабыўнай была сустрэча ў творчай гасцёўні з бабуляй шасцікласніка Антона Ганчарова – Валянцінай Данілаўнай Лубчонак. Вучні з захапленнем слухалі Валянціну Данілаўну:

– Вышываць, вязаць на спіцах і кручком я пачала з другога класа. У пасляваенныя гады ў магазінах нічога не было, а кожнай гаспадыні хацелася ўпрыгожыць сваю хату, зрабіць яе ўтульнай, самой выглядаць прыгожа.

Сёння вышытыя масцярыцай нацюрморты і пейзажы (а іх не адзін дзясятак) упрыгожваюць кватэру. Шмат карцін Валянціна Данілаўна падарыла сябрам і знаёмым. Майстар-клас зацікавіў многіх вучняў, упэўнена, што для некаторых з іх вышыванне стане новым хобі.

А завяршыўся наш праект сустрэчай з бабуляй Таццянай Аляксееўнай Матус. Таццяна Аляксееўна, на першы погляд, звычайная сельская жанчына: шмат гадоў працавала на ферме, разам з мужам і зараз трымаюць немалую гаспадарку. А ў душы яна – паэт. Вершы і прыпеўкі, з якімі Таццяна Аляксееўна і яе ўнучка Варвара не раз выступалі і на раённай сцэне, і на сцэне мясцовага Дома культуры, “нараджаюцца” ў жанчыны нібы самі сабою, калі працуе на агародзе, завіхаецца па гаспадарцы. Жыццё гэтай жанчыны складвалася не заўсёды проста. Разам з мужам ім давялося падымаць на ногі траіх унукаў, малодшая з якіх – Варвара – яшчэ школьніца. Але яна ніколі не апускала рукі, не азіралася назад, проста жыла, працавала і верыла ў лепшае. І гэтаму ў яе можна павучыцца.

Фінальнай кропкай праекта “Супербабуля” стала мерапрыемства пад назвай “Мы будзем вечна ўслаўляць жанчыну-маці!”. Для нашых дарагіх бабуль мы падрыхтавалі невялікі канцэрт, на якім гучалі песні іх маладосці і цудоўныя вершы пра малую радзіму.

 

 

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий