- Метадычка, Пазакласная работа

Куточак экалагічнай ідыліі

 

Наталля АДУЛА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
Варнянскага ясляў-сада – сярэдняй школы

 

Любоў да прыроды, беражлівыя, асэнсаваныя адносіны да яе павінны выхоўвацца ў чалавеку з дзяцінства. Задача сучасных устаноў адукацыі заключаецца не толькі ў тым, каб сфарміраваць пэўны аб’ём ведаў па экалогіі, але і садзейнічаць набыццю навыкаў навуковага аналізу з’яў прыроды, асэнсаванню ўзаемадзеяння грамадства і прыроды, разуменню значнасці сваёй практычнай дапамогі навакольнаму асяроддзю.

Варнянскі яслі-сад – сярэдняя школа Астравецкага раёна Гродзенскай вобласці на практыцы даказвае, што экалагічная культура ў сучаснай школе займае адно з прыярытэтных месцаў, што экалагічнымі ведамі павінны валодаць усе: выхаванцы дашкольнай установы, навучэнцы школы, іх бацькі і, канечне, педагогі.

Экалагічнае выхаванне ў дзіцячым садзе і школе ажыццяўляецца праз увесь педагагічны працэс: у паўсядзённым жыцці і на занятках. У рэалізацыі задач экалагічнага выхавання вялікае значэнне мае прыроднае асяроддзе. Гэта эстэтычна аформленая тэрыторыя школы, цяпліца, агарод, квітнеючыя клумбы, школьны дэндрарый, сад, парк у аграгарадку, мясцовыя ставы, лясы, рака Вілія, якая працякае непадалёку. Усё гэта дае магчымасць для пастаянных непасрэдных зносін з прыродай, арганізацыі сістэматычных назіранняў за прыроднымі з’явамі і аб’ектамі, далучэння дзяцей да працы.

Урачыстае адкрыццё ў 2017 годзе першага ў Рэспубліцы Беларусь ласасёвага інфармацыйнага цэнтра на базе ўстановы стала добрым штуршком для развіцця экалагічнага кірунку дзейнасці. Роля адукацыйнага цэнтра па захаванні ласасёвых рыб у Беларусі заключаецца ў яго выкарыстанні як адной з пляцовак для тэматычнай экалагічнай адукацыі ў межах вучэбнага працэсу і выхаваўчай работы не толькі для навучэнцаў Астравецкага раёна, але і іншых рэгіёнаў Беларусі. Інтэрактыўныя стэнды ласасёвага цэнтра цікавыя і дарослым, і дзецям. За гадзіну экскурсіі можна даведацца шмат новага пра ласасёвых рыб і пранікнуцца праблемай іх захавання, пазнаёміцца з жыццёвым цыклам ласося, пачуць пра няпросты працэс нерасту і міграцыі, а таксама пра пагрозы для рэдкіх рыб і пра тое, як кожны можа дапамагчы ў захаванні ласося.

– Для зручнасці карыстання магчымасцямі адукацыйнага цэнтра створаны віртуальны ласасёвы цэнтр, – расказвае кіраўнік цэнтра Ангеліна Навасельская. – Яго стварэнне накіравана на павышэнне інфармаванасці насельніцтва пра прыродную унікальнасць рэгіёна басейна ракі Вілія, на знаёмства з асаблівасцямі аховы, экалогіі ласасёвых рыб Беларусі, фарміраванне беражлівых адносін да прыроды Вілейскага краю і папулярызацыі ідэй экалагічных паводзін, а таксама на магчымасць выкарыстання матэрыялаў педагогамі на вучэбных занятках і ў пазакласнай дзейнасці.

Інфармацыйны цэнтр – добрая база для правядзення навукова-даследчай і праектнай дзейнасці навучэнцаў, якія дэманструюць свае напрацоўкі на канферэнцыях “Шлях да поспеху”, “Край Гарадзенскі”, “Крыштальная Альфа”. Праект “Кумжа пад дубам. Захаваем разам” стаў лепшым рэспубліканскім праектам – 2019 у намінацыі “Хваля памяці. Сімвалы малой радзімы”. Шмат перамог у экалагічных конкурсах: “Празрыстыя хвалі Нарачы”, “Юны натураліст”, “Квітней, мой лес”, “Педагагічная майстэрня. Форум ідэй” з анлайн-гульнёй “Экалагічная місія выканальная: сезон 2020”.

Актыўную работу з году ў год праводзіць школьнае лясніцтва “Лесавічок”, якое дзейнічае ва ўстанове больш як 30 гадоў. Удзельнікі школьнага лясніцтва садзяць лес, прыбіраюць лясныя тэрыторыі ад смецця, вырошчваюць пасадачны матэрыял, займаюцца азеляненнем населеных пунктаў, вырабляюць кармушкі і сінічнікі, вядуць прапагандысцкую работу па ахове і абароне лесу праз удзел у злётах, конкурсах, фестывалях, многія з якіх сталі пераможнымі. З мэтай захавання лясоў рэспублікі, прыцягнення ўвагі грамадскасці да рашэння агульнадзяржаўных задач у галіне ўзмацнення экалагічнай, эканамічнай і сацыяльнай ролі лясоў штогод навучэнцы і педагогі прымаюць ўдзел у Тыдні лесу. За ўдзел у рэспубліканскай акцыі “Тыдзень лесу – 2020” установа адзначана дыпломам І ступені і прызам у 2000 рублёў.

Паспяховай з’яўляецца і дзейнасць школьнай бізнес-кампаніі “Есо-лавка”, у межах якой мы займаемся садаводствам. Асноўная частка яблыкаў з саду ідзе на патрэбы школьнай сталовай, лішкі – рэалізуюцца насельніцтву. Таксама мы вырошчваем расаду ў цяпліцы. За апошні год рэалізавана насельніцтву больш за 200 саджанцаў вечназялёных раслін. Дзейнасць бізнес-кампаніі прыносіць нядрэнны прыбытак школе.

У экалагічным выхаванні мы знайшлі своеасаблівы падыход для правядзення прафарыентацыйнай работы. У 2019/2020 навучальным годзе ў нас функцыянуюць два агракласы, навучэнцы якіх на павышаным узроўні вывучаюць хімію і біялогію, а таксама факультатыўны занятак “Уводзіны ў аграрныя прафесіі”. Навучэнцы не толькі знаёмяцца з азамі аграрных прафесій, але і прымаюць актыўны ўдзел у разнастайных экалагічных акцыях і праектах. Зараз вядзецца работа над праектам для ўдзелу ў нацыянальным этапе міжнароднай бізнес-гульні “Пачынаючы фермер”.

У канцы 2019 года мы атрымалі высокую ацэнку сваёй дзейнасці па экалагічным кірунку, таму рашэннем аддзела адукацыі Астравецкага райвыканкама на базе ўстановы адукацыі створаны раённы рэсурсны цэнтр па экалогіі, кіраўніком якога з’яўляецца дырэктар установы Алена Юркойць, настаўнік хіміі і біялогіі, нястомны чалавек, ініцыятыўны высокакласны прафесіянал.

– За гады дзейнасці наша ўстанова назапасіла багаты вопыт у кірунку экалагічнага выхавання маладога пакалення, створана добрая матэрыяльна-тэхнічная база для дзейнасці, а самае галоўнае – неабаякавыя творчыя людзі побач, якія працуюць у калектыве, – гаворыць Алена Іванаўна. – Уся наша адукацыйная дзейнасць так ці інакш пабудавана вакол экалагічнага кірунку, прычым гэта дзейнасць адбываецца не ізалявана, а ў цеснай сувязі з эстэтычным, маральна-духоўным, працоўным выхаваннем. Для нас важна, каб дзеці зразумелі, што кожны можа зрабіць пасільны ўклад у агульную справу

Спадзяемся, што рэсурсны цэнтр па экалогіі забяспечыць сістэмнае, зместавае і прадуктыўнае ўзаемадзеянне педагогаў устаноў адукацыі Астравецкага раёна для ўдасканалення работы ў галіне экалагічнай адукацыі і выхавання, забяспечыць развіццё экалагічнай этыкі вучняў, павысіць адказнасць іх у адносінах з прыродай, будзе садзейнічаць эстэтычнаму, маральнаму, патрыятычнаму сталенню, фарміраванню пачуцця прыналежнасці да свайго часу, асабістай адказнасці за ўсё, што адбываецца навокал.

 

Поделиться ссылкой:

Пакінуць адказ