Алена КРАСОЎСКАЯ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Дзісненскай сярэдняй школы Міёрскага раёна
Патрыятызм – адна з самых вялікіх агульначалавечых каштоўнасцей. Будучыня краіны залежыць ад падрастаючага пакалення, і педагогі любой установы адукацыі ставяць перад сабой няпростую задачу сфарміраваць у кожным дзіцяці ўсе неабходныя якасці, якія створаць устойлівы падмурак для развіцця асобы грамадзяніна-патрыёта. Для вырашэння гэтай задачы ў Дзісненскай сярэдняй школе Міёрскага раёна дзейнічае эфектыўная сістэма выхаваўчай работы.
Своеасаблівым цэнтрам выхавання грамадзянскасці і патрыятызму з’яўляецца школьны музей. Традыцыйнымі формамі работы сталі экскурсіі, урокі-экскурсіі, выкарыстанне музейных прадметаў у якасці вучэбных дапаможнікаў на ўроку, лекцыі з выкарыстаннем экспанатаў, самастойная падрыхтоўка вучнямі паведамленняў і дакладаў. Найбольш актыўна выкарыстоўваюцца экспазіцыі музея ў выкладанні гісторыі. Для зручнасці складзена памятка “Музей – уроку”.
Музей – гэта месца, дзе праходзяць Урокі ведаў і Урокі мужнасці, Урокі памяці, класныя гадзіны, заняткі аб’яднання па інтарэсах “Музейная справа”. Работай гэтага аб’яднання і школьнага музея кіруе малады настаўнік гісторыі Наталля Іванаўна Астукевіч. Ёю праводзіцца работа па падрыхтоўцы экскурсаводаў, якія знаёмяць наведвальнікаў з гісторыяй Дзісны, школы, з біяграфіяй Героя Савецкага Саюза Міхаіла Кузьміна, які ўдзельнічаў у вызваленні горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і імя якога носіць піянерская дружына нашай школы. Разам з вучнямі настаўнікам распрацаваны экскурсіі “Беларуская хатка” і “Шлях 159-й танкавай Полацкай брыгады”, экспазіцыя “Дзісненшчына літаратурная”.
Займаюцца выхаванцы Наталлі Іванаўны і даследчыцкай дзейнасцю. Так, вучаніца 10-га класа Анастасія Козел прадставіла сваю работу “Нацызм у Дзісне і яго ахвяра Ніна Смушковіч” на Агульнанацыянальным конкурсе па гісторыі “Ахвяры нацызму і месцы знішчэння ў Беларусі”. Зараз пад кіраўніцтвам настаўніцы працуе вучаніца 8-га класа Паліна Малюк, яе даследванне “Ён набліжаў перамогу” прысвечана баявому шляху дзядулі.
Удзел у пошукавай рабоце, канферэнцыях, даследчай дзейнасці дазваляе вучням пазнаёміцца з гісторыяй роднага горада, пашырыць свой кругагляд. Асаблівай увагі заслугоўвае вопыт работы настаўніка беларускай мовы і літаратуры Валянціны Фёдараўны Кавалеўскай. Сіламі яе вучняў падрыхтаваны многія школьныя мерапрыемствы: “Жыццё даецца, каб жыццё тварыць…”, “Хрыстос – Збавіцель наш жаданы”, “На Беларусі Бог жыве”, “Зямля пад белымі крыламі…”, “Ты кажаш: я не ведаю вайны”. Пад кіраўніцтвам Валянціны Фёдараўны вучні займаюцца даследчыцкай дзейнасцю на анове краязнаўчага матэрыялу. Работы “Дзісненская Уваскрасенская царква”, “Пра святыя месцы”, “Старонкі далёкай мінуўшчыны”, “Пра што нам кажуць ручнікі” займалі прызавыя месцы на вучнёўскіх навукова-практычных канферэнцыях розных узроўняў.
Займаюцца даследчай дзейнасцю настаўнікі гісторыі І.І.Галуза (“Педагогі – удзельнікі вайны”), беларускай мовы і літаратуры І.М.Трафімава (у раённым этапе конкурсу “Малая радзіма вялікіх людзей” у намінацыі “Пуцявінамі маіх землякоў” работа Мацвея Кураша “Дзелавая жанчына – і лэдзі…” заняла 1-е месца). Свае шчырыя пачуцці любові да роднай зямлі, павагі да тых, што збярог для нас мірнае жыццё, выказваюць вучні ва ўласных творах, якія дасылаюць на конкурсы “Рыфма.by”, “Зямля пад белымі крыламі”, “Шчасце жыць у мірнай краіне”.
Кіраўнік аб’яднання па інтарэсах “Вясёлка” Жанна Мечыславаўна Фралова ў сваёй рабоце вялікую ўвагу надае азнаямленню вучняў з народнымі рамёствамі, культурай і традыцыямі беларусаў, расказвае дзецям пра атрыбутыку, сімвалы народных святаў нашай мясцовасці, часта звяртаецца да краязнаўчага матэрыялу. На занятках вучні вырабляюць сувеніры не толькі для сваіх родных, але і ў рамках акцый “Падарунак ветэрану”, “На добрую памяць”, “Восень дорыць вам кветкі”, “Цуды на Каляды”, “Дзякуй за Перамогу”, “Адчыні сэрца для дабра”.
З мэтай вывучэння гісторыі і прыроды роднага краю падчас летніх канікул педагогі арганізуюць паходы. У гэтым плане перш за ўсё неабходна адзначыць работу настаўнікаў фізічнай культуры і здароўя Святланы Іосіпаўны Гіржды і Івана Іосіфавіча Гіржды. Падчас велапаходаў (а яны найбольш папулярныя) па Міёрскім і суседніх, Глыбоцкім і Верхнядзвінскім, раёнах школьнікі сустракаюцца з грамадскімі дзеячамі, ветэранамі вайны, аказваюць ім пасільную дапамогу, займаюцца добраўпарадкаваннем помнікаў воінам-землякам. Трэба адзначыць, што ў паходах з вялікай ахвотай прымаюць удзел бацькі, што ў сваю чаргу спрыяе ўмацаванню бацькоўска-дзіцячых узаемаадносін. На працягу некалькіх апошніх год школа займае прызавыя месцы ў конкурсе на лепшы паход “Пазнай радзіму – выхавай сябе”. Сведчаннем мэтанакіраванай работы настаўнікаў фізічнай культуры і здароўя па ваенна-патрыятычным выхаванні моладзі з’яўляецца пастаянны ўдзел школьнікаў у спаборніцтвах “Абаронца Айчыны” і “Снежны снайпер”, у раённай лёгкаатлетычнай эстафете, прысвечанай Дню Перамогі, у лёгкаатлетычным кросе.
На працягу некалькіх апошніх год наша піянерская дружына станавілася лепшай у раёне, дзякуючы руплівай працы педагогаў-арганізатараў Анастасіі Ігараўны Мятлы, Ірыны Паўлаўны Дудко, Наталлі Іванаўны Астукевіч. У канцы мінулага навучальнага года каманда акцябрат “Марачкі” заняла 1-е месца на раённым этапе рэспубліканскай ваенна-патрыятычнай гульні “Зарнічка” і дастойна выступіла на абласным этапе, заняўшы 3-е месца. У лютым гэтага года піянерская каманда “Энергія” заняла 1-е месца на раённым этапе піянерскага фестывалю-конкурсу “Піянеры ІІІ тысячагоддзя” і зараз рыхтуецца да абласнога этапу. Трое вучняў 10-га класа (Глеб Швядко, Анастасія Козел, Паліна Івашчук) прымаюць удзел у рабоце Маладзёжнай палаты Міёрскага раёна. У раённым конкурсе “Школьны марафон” наша пярвічная арганізацыя заняла 1-е месца па выніках года.
Без любві і беражлівых адносін да роднай прыроды не будзе любві да Радзімы, таму састаўной часткай грамадзянска-патрыятычнага выхавання з’яўляецца фарміраванне адказных адносін вучняў да навакольнага асяроддзя. Экалагічная адукацыя і выхаванне экалагічнай культуры здзяйсняецца праз даследчыцкую дзейнасць, работу аб’яднання па інтарэсах “Сябры лесу”, асветніцкую работу з бацькамі, пастаянны ўдзел у працоўных і экалагічных акцыях, правядзенне Тыдня беражлівасці, Тыдня экалогіі. Дарэчы, апошні праводзіцца ў верасні і прымеркаваны да свята “Жураўлі і журавіны Міёрскага краю”, у якім нашы вучні таксама прымаюць актыўны ўдзел. Падчас такіх мерапрыемстваў вялікую дапамогу са свайго боку аказваюць бацькі, нераўнадушныя да школьнага жыцця сваіх дзяцей. Школьнікі становяцца прызёрамі шматлікіх творчых конкурсаў экалагічнага напрамку, а без зацікаўленасці і прыхільнасці да таго, што ты робіш, зрабіць гэта немагчыма.
Невыпадкова мы маем статус “Зялёнай школы” і пацвярджаем яго руплівай дзейнасцю. Так, вучаніцы 8 і 11 класа Ксенія Кавалеўская і Паліна Зэйкан занялі 2-е месца ў абласным этапе аграбіялагічнага конкурсу “Юны натураліст” (кіраўнікі І.М.Трафімава і А.П.Красоўская). Сваю даследчую работу “Начныя вандроўніцы. Матылькі беларускага Прыдзвіння” вучаніцы 8-га класа Валерыя Цюлька і Ганна Малыш прадставілі на раённай навукова-практычнай канферэнцыі “Крок у будучыню” (1-е месца) і на абласным дыстанцыйным конкурсе даследчых работ і праектаў вучняў 5–8 класаў “Я спазнаю свет” (дыплом 2-й ступені). Вучні – пастаянныя ўдзельнікі і прызёры конкурсаў “Калядная зорка”, “Лёд. Кветкі. Фантазія”, акцыі “Зберажом зялёнай елку”.
Пры арганізацыі працэсу грамадзянска-патрыятычнага выхавання ў школе асаблівая роля належыць сям’і. Любоў да Радзімы пачынаецца з выхавання любві да бацькоў і блізкіх людзей. Дзіця ніколі не будзе спачуваць або выказваць павагу чужому чалавеку, калі гэтыя пачуцці не сфарміраваны ў адносінах да родных людзей. Традыцыйным стала правядзенне ў школе Тыдня маці і Тыдня сям’і. Педагогі імкнуцца, каб бацькі вучняў былі не толькі гледачамі, але і ўдзельнікамі розных мерапрыемстваў. Цікава і запамінальна праходзяць у нас сямейныя святы “Ты не бойся, мама, я салдат”, “Наш сямейны экіпаж”, “Неразлучныя сябры – дарослыя і дзеці”, “Тата, мама, я – спартыўная сям’я”, “Толькі разам, толькі дружна” і многія іншыя.
Фарміраванню пазітыўных і добразычлівых узаемаадносін паміж бацькамі і дзецьмі спрыяе супрацоўніцтва з мясцовым прыходам Свята-Уваскрасенскай царквы. Выкладчыкі нядзельнай школы на гадзінах духоўных зносін знаёмяць дзяцей і іх законных прадстаўнікоў з правіламі паводзін у храме, з традыцыямі беларускага народа ў адносінах хрысціянскіх святаў, закранаюць пытанні ўзаемаадносін дзяцей і бацькоў, сямейнага выхавання, здаровага ладу жыцця.
Фарміраванню пачуцця спагады і міласэрнасці да тых, хто адчувае сябе адзінокім, спрыяе правядзенне мерапрыемстваў, прысвечаных Дню інвалідаў, Дню пажылых людзей, Дню дабрыні, удзел у дабрачынных акцыях, выраб сувеніраў і віншаванне з нагоды святаў, канцэрты для пражываючых у аддзяленні кругласутачнага знаходжання пры Дзісненскай бальніцы сястрынкага догляду.
Педагогі нашай установы адукацыі, вучні і іх бацькі – гэта творчыя, актыўныя, ініцыятыўныя і таленавітыя людзі, якія ўпэўнены, што будучыня любой краіны, любой нацыі – гэта падрастаючае пакаленне. У залежнасці ад таго, як выхоўваць дзяцей, як рыхтаваць іх да дарослага жыцця, залежыць лёс дзяржавы і ўсіх людзей у ёй. Патрыётамі не нараджаюцца – патрыётамі становяцца пад уплывам умелай сумеснай дзейнасці сям’і і школы.