Выбраць справу жыцця і не памыліцца

- 16:59ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

 

 

У сучасным грамадстве існуе велізарны свет прафесій, у якім лёгка згубіцца нават даросламу чалавеку. Менавіта таму асаблівая ўвага ў прафарыентацыйнай рабоце надаецца моладзі. Маладыя людзі, як ніхто, маюць патрэбу ў дапамозе на шляху фарміравання свайго прафесійнага самавызначэння.

Грамадская значнасць праблемы прафесійнага самавызначэння старшакласнікаў праяўляецца ў неабходнасці пераадолення супярэчнасці паміж аб’ектыўна існуючымі патрэбамі грамадства ў збалансаванай структуры кадраў і суб’ектыўнымі прафесійнымі памкненнямі моладзі. Для сучаснага школьніка выбар прафесіі – гэта сур’ёзная жыццёвая праблема, звязаная з новымі патрабаваннямі працадаўцаў, што, безумоўна, патрабуе асаблівай увагі педагогаў і сацыякультурнага асяроддзя навучэнцаў да арганізацыі суправаджэння іх прафесійнага самавызначэння.

За апошнія дзесяцігоддзі ўяўленні пра прафесійнае самавызначэнне асобы істотна змяніліся. Ад сучаснага выпускніка агульнаадукацыйнай школы патрабуецца сфармаваны на дастаткова высокім узроўні набор кампетэнцый, якія спрыяюць праявам творчага падыходу ў дзейнасці, рэалізацыі прафесійнай і сацыяльнай мабільнасці, прадуктыўнай актыўнасці. Складанасць заключаецца яшчэ і ў тым, што сучасны свет зусім не падобны на той, які быў два дзясяткі гадоў таму. І сёння нават бацькі не заўсёды могуць даць сваім дзецям правільны савет (як у сілу нейкіх асобасных асаблівасцей або стэрэатыпаў, так і з-за новых умоў на рынку працы). Пастаянна з’яўляюцца новыя спецыяльнасці (пра якія бацькі не маюць ўяўленняў), для маладых людзей адкрываюцца новыя працоўныя месцы.

Працэс прафесійнага самавызначэння ахоплівае практычна ўвесь перыяд жыцця чалавека – ад прафесійных інтарэсаў і схільнасцей у дзіцячым ўзросце да канчатковага зацвярджэння ў абранай сферы прафесійнай дзейнасці ў гады сталасці. На працягу ўсяго гэтага перыяду адбываецца не толькі ўласна прафесійнае, але і сацыяльнае, і жыццёвае самавызначэнне асобы.

Найбольш востра праблемы прафесійнага выбару стаяць перад навучэнцамі старэйшых класаў сярэдняй школы, якія ажыццяўляюць першаснае прафесійнае самавызначэнне, якое ўключае ў сябе тэарэтычнае азнаямленне са светам прафесій, фарміраванне прафесійных намераў і выбар адпаведнай сферы прафесійнага навучання. Галоўная мэта прафесійнага самавызначэння – паступовае фарміраванне ўнутранай гатоўнасці самастойна і свядома планаваць, карэктаваць і рэалізоўваць перспектывы свайго развіцця (прафесійнага, жыццёвага, асобаснага). Ад таго, наколькі правільна будзе зроблены выбар, залежыць лёс чалавека, яго задаволенасць працай, раскрыццё творчых і прафесійных якасцей.

Падрыхтоўка да выбару прафесіі важная яшчэ і таму, што яна з’яўляецца неад’емнай часткай ўсебаковага і гарманічнага развіцця асобы. Выбар прафесіі – адзін з галоўных выбараў, які робіць чалавек у сваім жыцці. Першапачатковы выбар прыпадае на старэйшы школьны ўзрост, і ў гэтым складанасць. Прычым гэты выбар ажыццяўляецца двойчы: першы раз – у 9-м класе, калі школьнік выбірае форму завяршэння сярэдняй адукацыі (школа, гімназія, каледж), другі – у 11-м класе, калі плануецца шлях атрымання далейшай адукацыі або непасрэднага ўключэння ў працоўнае жыццё.

У сувязі з гэтым існуе неабходнасць аказання дапамогі з боку дарослых, асабліва ў вобласці прафарыентацыі і прафесійнага самавызначэння. Прафесійнае самавызначэнне – доўгатэрміновы працэс, вынікі якога бачныя не адразу. Вядучая роля ў гэтай падтрымцы належыць настаўніку, які ў сваёй працы для дасягнення прафарыентацыйных мэтаў можа выкарыстоўваць розныя формы дзейнасці. Важна памятаць, што прафарыентацыйная работа ў школе прыносіць карысць толькі тады, калі да яе прыцягнуты ўвесь калектыў школы. Дапамога кожнаму вучню ў працэсе прафесійнага самавызначэння вырашае не толькі асабістыя задачы асобнага вучня, але і важныя сацыяльна-эканамічныя праблемы ў маштабах дзяржавы. У гэтых умовах прафарыентацыйная праца, накіраваная на стварэнне ўмоў для ранняга прафесійнага самавызначэння навучэнцаў, становіцца відавочным грамадскім дабром, дасягненне якога ў інтарэсах грамадства з удзелам дзяржаўных мер уздзеяння становіцца ўсё больш відавочнай патрэбай.

Работу па прафесійнай арыентацыі неабходна пачынаць ужо ў сярэднім школьным звяне, каб яе вынікі змаглі праявіцца. Інструменты прафарыентацыі павінны спрыяць самапазнанню навучэнцаў і дапамагаць ім сур’ёзна зірнуць на сваю будучыню, даследуючы розныя варыянты прафесій. Менавіта такі фармат прафарыентацыі ў канчатковым выніку прывядзе да прыняцця навучэнцамі абгрунтаваных рашэнняў з загадзя распрацаванымі планамі па дасягненні кар’ерных вышынь.

Істотнае адрозненне сучаснага разумення прафарыентацыйнай работы заключаецца ў яе накіраванасці не на выбар канкрэтнай прафесіі кожным навучэнцам, а на фарміраванне нейкіх універсальных якасцей у навучэнцаў, якія дазваляюць ажыццяўляць свядомы, самастойны прафесійны выбар, быць адказнымі за свой выбар, быць прафесійна мабільнымі. Усё больш грамадзян, а асабліва моладзь, імкнуцца да камфортнага атрымання інфармацыі ў максімальна простым, даступным і зразумелым выглядзе, ідуць за модай і масавымі захапленнямі, што, у сваю чаргу, спрыяе развіццю кліпавага мыслення. Гэта патрабуе прынцыпова новых падыходаў да наладжвання сістэмнай прафарыентацыйнай работы з моладдзю.

Людміла АСТАПЧЭНЯ,
метадыст Мастоўскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета Гродзенскай вобласці

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий