Навучыць падрастаючае пакаленне правілам бяспечных паводзін, прадухіліць магчымыя экстрэмальныя сітуацыі і навучыць асцярожнасці – галоўная мэта педагогаў і бацькоў.
Абласное ўпраўленне МНС у маі 2020 года абвясціла агляд-конкурс “Я б у выратавальнікі пайшоў”, і наша ўстанова вырашыла прыняць актыўны ўдзел у ім. Мы пайшлі далей. У дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці Жыткавічаў была праведзена акцыя “Урокі бяспекі для малых”.
Для ўдзелу ў конкурсе былі пашыты два гарнітуры выратавальнікаў будучыні. У арсенал уваходзілі квадракоптары і планшэты, сігвэй-паскаральнік, лазер для знішчэння завалаў, суперпрыбор для паглынання газу і ўзбагачэння кіслародам, плашч выратавальніка і шмат іншага. У намінацыі “дзіцячая тэхніка выратавальнікаў” прадстаўлена дзіцячая калыска “Мая дзетка з агеньчыкам”, дзіцячы аўтамабіль “Генеральская машына”.
Выхаванцы нашага дашкольнага цэнтра Кірыл Пракаповіч і Глеб Галавач прэзентавалі ўсё гэта ў відэароліку у стылі рэпу. Словы напісалі педагогі ўстановы. У выніку мы занялі першае месца ў раённым конкурсе і нашы работы змагаюцца за перамогу ў абласным туры агляду-конкурсу “Я б у выратавальнікі пайшоў!”.
У межах акцыі таксама прайшлі тэматычныя заняткі з выхаванцамі ўсіх узростаў, дзе вопытныя педагогі навучылі сваіх падапечных правілам паводзін дома, у лесе, на дарозе і на вадзе, пры сустрэчы з незнаёмымі людзьмі і небяспечнымі прадметамі.
Вельмі пазнавальнымі і памятнымі сталі сустрэчы дзяцей з прадстаўнікамі РАНС. Яго супрацоўнікі распавялі выхаванцам асноўныя правілы бяспечных паводзін у розных сітуацыях. Растлумачылі, чаму “запалкі – дзецям не цацка” і чаму гульні з агнём небяспечныя. Як звычайна, малыя з задавальненнем удзельнічалі ў гульнях і конкурсах ад выратавальнікаў, дзе ўспаміналі пра правілы бяспекі. Героі мультфільма “Чароўная кніга МНС” распавялі дзецям пра тое, як дзейнічаць пры пажары, як не стаць ахвярай тонкага лёду, як карыстацца электрапрыборамі.
Вядома, усё гэта малыя не толькі ведаюць, але і выконваюць, а фізкультхвілінка, “выклік выратавальнікаў”, “правільна – няправільна” і іншыя конкурсы замацавалі веды дзяцей. Асабліва запомніўся ім конкурс “Прымер форму выратавальніка”. Таксама супрацоўнікі РАНС нагадалі дзецям нумары экстраных службаў “101” і “112” і навучылі правільна тэлефанаваць у службу выратавання ў выпадку бяды. А ў падарунак ад выратавальнікаў усе выхаванцы атрымалі кнігі “Прыгоды Дашы ў краіне небяспек”.
Святлана ШВЕД,
намеснік загадчыка дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці г. Жыткавічы