Для турыстаў вясна — гэта актыўны перыяд спаборніцтваў. На жаль, сёлета масавыя мерапрыемствы адмянілі, а жаданне праявіць сябе засталося. Менавіта таму педагогі аддзела экалогіі, краязнаўства і турызму Палаца дзяцей і моладзі Наваполацка вырашылі правесці свае выніковыя заняткі на свежым паветры.
Палігон у махіраўскам лесе быў абраны не выпадкова. Тут добры рэльеф для турызму, разнастайная флора і фаўна, распрацавана карта для. Ды і ў гісторыі Полаччыны гэта знакавае месца. Бо, на думку многіх даследчыкаў, ДАКы полацкага ўмацаванага раёна мелі важнае значэнне ў ходзе абароны горада ў час Вялікай Айчыннай вайны.
Заняткі праходзілі ў форме спаборніцтваў. Навучэнцаў падзялілі на чатыры каманды. У кожнай былі дзяўчынкі і хлопчыкі ад 9 да 19 гадоў. Капітанамі каманд абралі навучэнцаў аб’яднання па інтарэсах “Спартыўнае скалалажанне” — неаднаразовых ўдзельнікаў рэспубліканскіх спаборніцтваў па турызме.
Спачатку перад удзельнікамі занятка выступіў краязнаўца Уладзімір Камісараў. Ён распавёў пра гісторыю стварэння абарончай лініі, гераічны подзвіг савецкіх салдат і баявыя дзеянні, якія разгарнуліся ў ДАК №42 у ліпені 1941 года.
Для экалагічнага выхавання навучэнцаў Людміла Лукашэвіч распрацавала і правяла занятак у форме экскурсіі ў прыроду “Дзіўнае побач”. Хлопчыкі і дзяўчынкі атрымалі веды аб прыродзе, яе ўзаемасувязі і ўзаемадзеянні з чалавекам, пра расліны і жывёл.
Педагогі дадатковай адукацыі Таццяна Літвін і Мікіта Кубышкін арганізавалі трасу па спартыўным турызме. Навучэнцам трэба было прайсці такія этапы, як збор палаткі, навясная пераправа з суправаджэннем, арганізацыя спартыўнага ўздыму і спуску, гаць і ўсімі любімы маятнік. Для самых маленькіх удзельнікаў вясёлым стаў этап нашэння насілак і транспарціроўка пацярпелага.
Глеб Пракоф’еў падрыхтаваў тры дыстанцыі па спартыўным арыентаванні. Яны адрозніваліся па складанасці і працягласці для розных узростаў навучэнцаў.
Па выніках праходжання спартыўных дыстанцый ў каманды “Летуценнікі” (капітан Лізавета Емяльянава) і “Брыгада” (капітан Дзмітрый Гайковіч) была роўная колькасць балаў. Спрэчны момант вырашыў краязнаўчы конкурс “Мы памятаем! Мы ганарымся!”. У вобласці ведаў па гісторыі Полаччыны і Вялікай Айчыннай вайны каманда “Брыгада” паказала лепшы вынік. Усіх удзельнікаў ўзнагародзілі дыпломамі і салодкімі прызамі, але самае галоўнае — яны замацавалі свае навыкі ў спартыўным турызме і арыентаванні і атрымалі новыя веды па краязнаўстве і экалогіі.
Наталля ХАЛІКАВА,
метадыст аддзела экалогіі, краязнаўства і турызму Палаца дзяцей і моладзі Наваполацка