У сярэдняй школе № 21 Гомеля ў 2017–2020 гадах быў рэалізаваны інавацыйны праект: “Укараненне мадэлі фарміравання маральных каштоўнасных арыентацый навучэнцаў праз арганізацыю добраахвотніцкай дзейнасці ў сістэме ўзаемадзеяння ўстаноў адукацыі, дзіцячых і маладзёжных абʼяднанняў”. Нашы навучэнцы ў межах гэтай мадэлі былі ўцягнуты ў разнастайную выхаваўчую работу. Адзін з яе кірункаў мы назвалі: “Прапагандуем”.
Падчас добраахвотніцкай дзейнасці былі выкарыстаны праектыўныя, гульнявыя метады і формы роўнага навучання, прапаганда ў сацыяльных сетках. Гэты кірунак папулярызаваў здаровы лад жыцця, прафілактыку сацыяльных праблем, прапаганду бяспечных паводзін. Школьнікамі ствараліся роставыя лялькі: “Тэлефон 112”, “Святлафор”, дарожныя знакі “Пешаходны пераход”, “Увага, дзеці”. Яны выкарыстоўваліся ў акцыях, конкурсах, фестывалях.
Валанцёры атрадаў “Агеньчык” і “Іскра” сумесна з Гомельскім гарадскім аддзелам па надзвычайных сітуацыях прынялі ўдзел у рэспубліканскай пажарна-прафілактычнай акцыі па папярэджванні пажараў і гібелі дзяцей. Яны ўдзельнічалі ў мерапрыемствах на рынку “Давыдаўскі”, інтэрактыўных пляцоўках: “Небяспека ў кватэры”, “Пажар у гандлёвым цэнтры”, “Знакі эвакуацыі”, у акцыях “Адзіны дзень бяспекі”, “Першыя канікулы. Стань прыкметней!”, “Бяспечны новы год”, “Бяспека ў кожны дом!”.
Валанцёрамі былі створаны “хіты” “Мы за бяспеку”, “Бацькі і дзеці”, якія трансляваліся на тэлевізійных экранах падчас перамен у рэкрэацыях і холе школы. З імі таксама можна пазнаёміцца на старонцы школы ў сацыяльнай сетцы “ВКонтакте”.
Традыцыйнымі для навучэнцаў сталі акцыі ля гандлёвых абʼектаў: цэнтра “Сакрэт”, супермаркета “MARЦIN” і на вуліцах горада падчас правядзення святочных мерапрыемстваў. Вучні раздавалі буклеты шэрагу ўстаноў і арганізацый, прысвечаныя здароваму ладу жыцця і бяспечным паводзінам.
Інэса КАРПІНА,
дырэктар сярэдняй школы № 21 Гомеля,
Маргарыта РЭМЕЗАВА,
намеснік дырэктара па навучальнай рабоце сярэдняй школы № 21 Гомеля