Летнія канікулы без лічбавай тэхнікі

- 14:25ГОМЕЛЬЩИНА, Регионы

 

Сучасныя дзеці не ўяўляюць свайго жыцця без гаджэтаў. Але педагогі сярэдняй школы № 14 Мазыра дапамагаюць ім бавіць час без лічбавай тэхнікі. На базе школы арганізаваны аздараўленчы лагер “Светлячок”. У нашым цэнтры забавак і творчасці кожнае дзіця, як маленькі светлячок, сваім удзелам у мерапрыемствах сее дабро, святло, радасць і хвіліны шчасця.

Падчас рэалізацыі творча-гульнявога праекта “Летнія канікулы без лічбавай тэхнікі” былі створаны ўмовы, якія спрыялі аздараўленню дзяцей, іх адпачынку, аднаўленню псіхалагічных і фізічных сіл, развіццю творчых, эстэтычных здольнасцей, самарэалізацыі ў розных відах дзейнасці.

На час работы лагера школа ператварылася ў творчую лабараторыю. Дзеці сабраліся разам, і кожны выбраў сабе даручэнні ў залежнасці ад здольнасцей і талентаў. Усю работу лабараторыі мы падзялілі на чатыры кірункі: “Азбука бяспекі”, “Мая малая радзіма”, “Экалогія і чалавек”, “Мы – таленавітыя дзеці”.

Для паспяховай рэалізацыі праграмы мы выкарыстоўваем групавыя формы работы з дзецьмі: забаўнікі, мастакі, інтэлектуалы, фантазёры, спартсмены і журналісты.

Забаўнікі – гэта група арганізатараў цікавага адпачынку ў лагеры. Дзеці гэтай групы штодня прадумваюць мерапрыемствы так, каб задзейнічаць кожнага з улікам пажаданняў.

Мастакі займаюцца афармленнем стэндаў, выстаў фотаработ і малюнкаў, праводзяць конкурсы мініяцюр.

Інтэлектуалы ўдзельнічаюць у конкурсах, якія патрабуюць кемлівасці. Гэта такія конкурсы, як: “Разумнікі і разумніцы”, “Інтэлектуальны рынг”, пазнавальныя віктарыны і г.д.

Фантазёры распрацоўваюць творчыя праекты па самарэалізацыі сваіх талентаў у розных кірунках. Яны вырабляюць свае тварэнні з паперы, цеста, пластыліну, нітак, пластыка, саломкі, дроту і іншых матэрыялаў.

Спартсмены займаюцца развіццём здаровага ладу жыцця. Гэта асілкі, бегуны, скакуны, акрабаты і г.д. У спорце яны заўсёды наперадзе.

Журналісты складаюць міні-справаздачу для школьнага сайта “Лета на карысць – 2020” . Яны бяруць інтэрв’ю ў дзяцей пасля правядзення выхаваўчых мерапрыемстваў, праводзяць акцыю “Адкрыты мікрафон”. Дзеці па жаданні выказваюць свае меркаванні і ўражанні пра летні адпачынак. Гэта дазваляе выхавальнікам прааналізаваць прапановы па паляпшэнні жыцця ў лагеры.

Эфектыўная арганізацыя работы ў аздараўленчым лагеры зрабіла кожны дзень цікавым, пазнавальным і незабыўным. Змена формаў правядзення мерапрыемстваў дазволіла дзецям бліжэй знаёміцца з нашай вялікай і малой радзімай, вывучаць свет прыроды, вучыцца клапаціцца пра бяспеку і здароўе, выяўляць творчыя і інтэлектуальныя здольнасці, удзельнічаць у спартыўных гульнях і спаборніцтвах, здзяйсняць паходы і многае іншае.

У канцы кожнага тыдня падводзяцца вынікі работы і адбываецца ўзнагароджанне ў намінацыях: “Волат атрада”, “Лепшае інтэрв’ю”, “Разумнікі і разумніцы”, “Конкурс мініяцюр” і г.д. Намінацыі могуць змяняцца ў залежнасці ад плану работы. Усе пераможцы атрымліваюць узнагароды на ўрачыстым мерапрыемстве “Хвіліна славы”. Узнагароджвацца могуць не толькі асобныя дзеці, але і ўся каманда.

Імянная Зорка Славы – гэта маніторынг асобаснага росту, своеасаблівая скарбонка асабістых дасягненняў удзельнікаў змены, параўнальная ацэнка розных бакоў дзейнасці асобы і яе ўнёску ў справы калектыва.

У канцы дня педагогі аналізуюць якасць і змест сваёй работы па выніках зваротнай сувязі. Яны выкарыстоўваюць маніторынг-карту “Смайлікі настрою”. Смайлік з усмешкай – дзень “проста супер”, а сумны смайлік – дзень як дзень. Гэта форма зваротнай сувязі дазваляе судзіць пра эмацыянальны стан дзяцей штодня.

Аналіз вынікаў работы аздараўленчага лагера паказаў, што дзеці і бацькі задаволены дзейнасцю лагера, бо ў дзяцей застаюцца станоўчыя ўражанні ад знаходжання ў школьным лагеры. Педагогі змаглі стварыць умовы для паспяховай арганізацыі дзіцячага адпачынку праз развіццё пазнавальнай цікавасці.

У канцы работы лагера зроблены падрабязны аналіз, які будзе ўлічвацца пры распрацоўцы праграмы летняга аздараўленчага адпачынку дзяцей налета.

Наталля БАРЫСЕНКА, Людміла КОНАНАВА,
кіраўнікі аздараўленчага лагера, настаўнікі пачатковых класаў сярэдняй школы № 14 Мазыра 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий