Ад кожных летніх канікул я чакаю чагосьці новага, а месцамі нават і незвычайнага. Хочацца напоўніць іх рознымі відамі дзейнасці, якія б дапамаглі яшчэ лепш усвядоміць рэчаіснасць жыцця, сапраўдныя жыццёвыя каштоўнасці і неабыякавасць да сваёй Радзімы.
Тым больш, што амаль усё для гэтага ёсць. Дома руплівыя бацькі ствараюць усе неабходныя умовы для нашага з сястрой Соняй маральнага, разумовага і фізічнага развіцця. У школе таксама клапоцяцца, каб наш вольны час праходзіў цікава і змястоўна як у час вучобы, так і падчас канікул. Ды і сам я неабыякава стаўлюся да свайго сталення. Хочацца атрымаць добрыя веды, вырасці вартым сваіх бацькоў, сфарміраваць актыўную жыццёвую пазіцыю і станоўча уплываць на розныя працэсы ў нашым грамадстве.
Аднойчы дома я з бацькамі слухаў песню “С чего начинается Родина”. У той час я зазірнуў у вочы маці і па іх выразе зразумеў глыбокі сэнс гэтых слоў. Менавіта гэты выпадак і стаў вырашальным у выбары гуртка на летні перыяд. Выбар паў на аб’яднанне па інтарэсах “Юныя турысты”. Пазнаёміўшыся з праграмай аб’яднання, я вельмі ўзрадаваўся, што значная яе частка накіравана на вывучэнне малой радзімы. Парадаваў і той факт, што запісацца ў гэтае ж аб’яднанне выказалі жаданне і ўсе мае аднакласнікі. На першым занятку мяне аднагалосна абралі старастам. Я вельмі ўдзячны таварышам за давер.
Некалькі заняткаў па навучанні правілам бяспечных паводзін, адпрацоўцы тэхнікі руху ў калоне, правіл дарожнага руху – і мы ўжо кацім па дарогах сваёй Бацькаўшчыны. Мне вельмі падабаецца, што на занятках тэарэтычныя веды адпрацоўваем у рэальных турыстычных умовах. Паралельна з агульнатурыстычнымі заданнямі мы стараемся максімальна выкарыстоўваць краязнаўчы патэнцыял: падчас велапаходаў вывучаем геаграфію і гісторыю населеных пунктаў мікрараёна сваёй школы, ландшафты сваёй мясцовасці, гісторыю іх паходжання і змяненні, у тым ліку і пад уздзеяннем чалавека.
Адносіны з сябрамі і настаўнікам у пэўных, не зусім звыклых умовах, дазваляюць нам яшчэ лепш зразумець адно аднаго. Усё гэта не толькі нас збліжае, але і яднае. Робіць нас больш вынослівымі, дысцыплінаванымі, развівае пазнавальную актыўнасць і іншыя нашы станоўчыя якасці. Спазнаўшы на сабе асалоду і задавальненне ад гэтай дзейнасці, я ўсіх заклікаю далучацца ў нашы рады – рады юных турыстаў і краязнаўцаў.
Да сустрэчы на дарогах малой радзімы!
Павел ГАНЧАР,
вучань Дварэцкай сярэдняй школы Дзятлаўскага раёна