Кожны год гарады – падпісанты Пагаднення мэраў праводзяць дні энергіі. Фестывалі, конкурсы, экаакцыі, выставы, квэсты і многае іншае закліканы нагадаць жыхарам розных краін пра спосабы эканоміі паліўна-энергетычных рэсурсаў і абарону клімату ад шкоднага ўздзеяння. Сёлета ў сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй Тыдзень устойлівай энергетыкі праходзіць на Навагрудчыне ў анлайн-фармаце з 24 па 30 чэрвеня.
Навагрудак адным з першых гарадоў краіны стаў актыўна рэалізоўваць экалагічныя праекты па скарачэнні выкідаў парніковых газаў і выкарыстанні аднаўляльных крыніц энергіі. Важная роля ў гэтым працэсе адводзіцца і жыхарам. Так, у рамках правядзення тыдня ў Навагрудскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школе-інтэрнаце для дзяцей з цяжкімі парушэннямі мовы, парушэннямі псіхічнага развіцця, цяжасцямі ў навучанні прайшоў шэраг мерапрыемстваў.
Членамі электраатрада “Ліхтарыкі” была праведзена акцыя “Эканомім энергію разам”.
У бібліятэцы працавала кніжная выстава, на якой была прадстаўлена навуковая і мастацкая літаратура па тэме. Выхаванцы падрыхтавалі буклеты да правядзення тыдня, аформілі інфармацыйны стэнд “Тыдзень устойлівай энэргетыкі”.
Члены энергаатрада правялі акцыю “Эканомім энергію разам”, прынялі ўдзел у віктарыне “Энергаэрудыт”, дзе паказалі свае веды па вывучэнні навакольнага асяроддзя і яго ахове.
Прывіццё навыкаў экалагічна бяспечнага стылю жыцця вельмі актуальна. Бібліятэкар установы Аксана Сцяпанаўна Літвінская расказала дзецям, як можна эканоміць энергарэсурсы ў школе і дома, якую ролю адыгрывае энергазберажэнне ў захаванні экалогіі Зямлі і якія правілы неабходна выконваць кожнаму, каб берагчы прыродныя рэсурсы.
Выхаванцы азнаёміліся з кнігай “Энерджы і дзеці“, выдадзенай ў межах праекта Еўрапейскага Саюза і Навагрудскага выканаўчага камітэта “Развіццё аднаўляльных крыніц энергіі ў Навагрудскім раёне – Дарожная карта для экалагічна чыстай тэрыторыі”.
Рабяты прагледзелі займальны відэаролік і навучальны фільм пра крыніцы электраэнергіі і іх рацыянальнае выкарыстанне, пасля чаго вырашылі шэраг практычных задач па складанні дыяграм “Суадносіны сусветнага спажывання энергарэсурсаў”, паўтарылі 10 правілаў, як зберагчы энергію, актыўна прымалі ўдзел у разгадванні рэбусаў і загадак.
Мерапрыемствы, праведзеныя ў рамках тыдня, далі магчымасць расказаць навучэнцам, што энергазберажэнне вельмі важна для паляпшэння навакольнага асяроддзя – і ў тым месцы, дзе мы жывем, і на ўсёй планеце.
Тыдзень устойлівай энергетыкі – гэта чарговы крок Навагрудка да таго, каб стаць “зялёным” горадам і павысіць культуру энергаспажывання насельніцтва.
Вольга РАДЧАНКА,
выхавальнік Навагрудскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай
школы-інтэрната для дзяцей з цяжкімі парушэннямі мовы,
парушэннямі псіхічнага развіцця, цяжасцямі ў навучанні