Празвінелі апошнія званкі і адгрымелі выпускныя балі, але новы навучальны год ужо не за гарамі. А пакуль летнія канікулы працягваюцца, многія школьнікі праводзяць іх з карысцю. Навучэнцы гімназіі № 1 Навагрудка таксама знаходзяць час і для адпачынку, і для дапамогі ў добраўпарадкаванні сваёй установы.
У чэрвені была арганізавана часовая працоўная занятасць для 14 гімназістаў ва ўзросце ад 14 да 17 гадоў. Юнакі і дзяўчаты за гэты час зрабілі шмат карыснага. Хлопцы займаліся падрыхтоўкай да рамонту класных памяшканняў і спартыўнай залы. Яны выносілі школьную мэблю з класаў, зачышчалі падлогу ад фарбы, рамантавалі мэблю ў майстэрні.
Шмат чаго зроблена дзецьмі і ў добраўпарадкаванні гімназічнай тэрыторыі. Юнакі зачышчалі і бялілі бардзюры, адрамантавалі адмосткі падмурка будынка, а дзяўчаты разбівалі клумбы, падрыхтоўвалі грунт для пасадкі, займаліся высадкай кветкава-дэкаратыўных раслін.
Карысць ад працы працоўных брыгад навучэнцаў двайная – дзеці занятыя і маюць магчымасць падзарабіць летам, а родная гімназія становіцца чысцейшай і прыгажэйшай.
Вольга ЗЯНЬКОВІЧ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі № 1 Навагрудка