“Пакаленне New” адправілася ў поле

- 9:10ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

 

Лета! Канікулы! Для кагосьці гэта час знайсці сябе, магчымасць пачаць штосьці новае ці адкрыць у аднакласніку цэлы свет. Мы, выхаванцы лагера працы і адпачынку “Пакаленне N”, паставілі перад сабой незвычайную (акрамя вельмі сур’ёзных) задачу: мы хочам даказаць (у першую чаргу – самім сабе!), што можам цікава і з карысцю правесці час без інтэрнэта, без гаджэтаў і быць прыкладам для сваіх равеснікаў.

“Пакаленне N” – гэта 5 дзяўчынак і 5 хлопчыкаў, вясёлых, ініцыятыўных, смелых у прыняцці рашэння, адказных і працавітых. Нас магло б быць значна больш, але сучасныя эпідэміялагічныя абставіны ўнеслі сваю карэктыроўку. Аднак гэта не парушыла нашых планаў, а наадварот, згуртавала, паказала каштоўнасць самых простых якасцей – сяброўства, узаемадапамогі, узаемаразумення.

“Пакаленне N” – гэта цудоўная каманда аднадумцаў і рамантыкаў. Калі працуем, то ўсе разам, адпачываем – таксама. Нам так добра і хораша, што хочацца абняць увесь свет і гукнуць: “Лета! Канікулы! Сонца! Сябры!”

…А вы бачылі, як растуць каласкі будучага хлеба? Зразумела! Колькі разоў праязджалі міма і праз акно татавага аўтамабіля любаваліся палямі збажыны – пяшчотна-зялёнымі ранняй вясной і залацістым укосам увосень. А цяпер мы стаім якраз у сярэдзіне гэтага поля і разумеем, колькі працы ўкладзена ў кожны каласок, бачым, што рукі чалавека стварылі гэты цуд – золата будучага хлеба.

У лагеры мы працуем: СВК “Нягневічы” запрасіў нас на відавую праполку зернавых культур.

І вось яшчэ хвіліну назад мы весела гаманілі, а цяпер сцішыліся: ніхто не хоча парушаць урачыстасць моманту – мы пачынаем працу. Па полі трэба ісці асцярожна, каб нагой ступіць у радок і не стаптаць расліну. Марудна? Так, але толькі ў першы дзень, а потым ужо не думаеш, а проста атрымліваеш асалоду ад працы, ад сонца і неба, ад цішыні, якую парушае лёгкі вецярок, што калыша мора збажыны. Аглянешся назад – убачыш чыстае роўнае поле і зразумееш сваю далучанасць да чагосьці вельмі важнага і патрэбнага людзям.

Стомленыя, загарэлыя, вяртаемся ў лагер, дзе чакае нас самы смачны абед і мноства цікавых спраў. Мы любім бавіць час на школьным стадыёне, дзе наладжваем гульню ў футбол ці баскетбол, праводзім спартландыю. Нам цікава разважаць над праблемамі экалогіі ці шкодных звычак за круглым сталом, бываць у віртуальных падарожжах па гістарычных мясцінах нашай краіны, паглыбляцца ў свет цікавых сучасных прафесій падчас дзелавой гульні “Ёсць вакансія!”, вучыцца складаць сваё “рэзюмэ”, чытаць (спадабалася кніга А.Бадака “Адзінокі васьмікласнік хоча пазнаёміцца”) і абмяркоўваць прачытанае. Адным словам, у нас столькі спраў, што за некалькі дзён ніхто з нас нават не зайшоў у інтэрнэт.

Эпоха інфармацыйных тэхналогій і камп’ютэрызацыі на час летніх канікулаў саступіла месца цёплым, даверлівым сяброўскім узаемазносінам “вочы ў вочы”, і мы разумеем, што нават самы “круты” гаджэт не заменіць цеплыню і пяшчоту ўсмешкі, слова, дотыку рукі. Атрымалася, што мы прыйшлі ў “Пакаленне N”, каб адкрыць для сябе самыя простыя ісціны.

Марына СЯВЕЦ,
намеснік дырэктара лагера працы і адпачынку Нягневіцкай сярэдняй школы Навагрудскага раёна

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий