Існуе меркаванне сярод педагогаў і бацькоў пра тое, што галоўнае на ўроку – даць веды. Але веды можна набыць пры жаданні і самастойна, а вось асвоіць сацыяльна карысны вопыт зносін, узаемадзеяння з людзьмі, навучыцца вырашаць складаныя жыццёвыя праблемы магчыма толькі пры спецыяльна арганізаваным адукацыйным працэсе.
Як арганізаваць гэты працэс? На што звярнуць увагу ў першую чаргу? Як зрабіць навучанне такім, каб яно выхоўвала? На гэтыя пытанні настаўнікі сярэдняй школы № 39 Гродна паспрабавалі знайсці адказы ў ходзе пасяджэння педагагічнага савета “Рэалізацыя выхаваўчага патэнцыялу ўрока – найважнейшая ўмова забеспячэння якасці адукацыйнага працэсу”.
З інфармацыяй пра выхаваўчы патэнцыял урока, яго мэты, функцыі і кампаненты выступала намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Ганна Антонаўна Богдан. Пра стылі і мадэлі педагагічных зносін, іх уплыў на асобу навучэнца распавялі педагогі-псіхолагі Наталля Валер’еўна Стэфановіч і Назіра Камбараўна Сідлярэвіч. На магчымасцях сучасных педагагічных тэхналогій пры рэалізацыі выхаваўчых задач навучальнага занятка спыніліся настаўнік хіміі Таццяна Мікалаеўна Смірнова і настаўнік фізікі Ірына Фёдараўна Букат. Пра эфектыўнае выкарыстанне сучасных сродкаў і метадаў навучання на ўроках распавялі настаўнік гісторыі Юлія Леанідаўна Гедроіць і настаўнік беларускай мовы і літаратуры Святлана Мікалаеўна Шаціла.
Настаўнік рускай мовы і літаратуры Інэса Пятроўна Будзевіч на сцэне правяла ўрок для дарослых. Яго мэтай было паказаць на практыцы, як можна ажыццяўляць навучанне і выхаванне праз стварэнне камунікатыўных сітуацый у працэсе працы з тэкстам.
Прафесіяналізм і майстэрства педагогаў, якія ўдзельнічалі ў пасяджэнні педагагічнага савета, дазволілі правесці яго на высокім арганізацыйным і метадычным узроўні.
Ганна БОГДАН,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 39 імя І.Д.Лебедзева Гродна