Адным з кірункаў карыснага адпачынку летам быў і застаецца прышкольны аздараўленчы лагер. Але гэты год выдаўся асаблівым: у сувязі з пандэміяй каранавіруса трэба было і па-асабліваму праводзіць мерапрыемствы ў лагеры “Казка” на базе сярэдняй школы № 4 імя П.І.Батава Слоніма.
Турыстычны злёт “На крок бліжэй” арганізавалі на школьным стадыёне. Спачатку навучэнцы вучыліся збіраць турыстычныя рукзакі, правільна размяшчаць іх на спіне. Найбольш эмацыйна прайшло абмеркаванне, што ж менавіта трэба ўзяць з сабой у паход. Дабрацца да лагернага бівака можна было, толькі прайшоўшы паласу перашкод. А ўжо калі ты дайшоў і трапіў на месца стаянкі, дык будзь добры, навучыся ўсталёўваць палатку. Пакуль хлопцы вучыліся гэта рабіць, высветлілася, што многія навучэнцы нават не ведаюць: навошта палатцы патрэбныя калкі.
Спартыўная гульня “Пераканаешся ты аднойчы – у спорце перамагае кожны” была разлічана на моцную палову лагера. Хлопчыкі падцягваліся на турніку, праходзілі рукалаз, вучыліся стаяць у планцы.
Навучэнец пакалення Z нават не ўяўляе сабе летні адпачынак без гаджэтаў, таму з асаблівай зацятасцю мы прыцягвалі “сонечных праменьчыкаў” да лагічных настольных гульняў. Так, з 29 чэрвеня па 1 ліпеня праходзіла першынство лагера “Казка” па 64-клетачных шашках пад дэвізам “Лепшы шашыст вострава Здароўеландыя”.
Выхавальнікі А.Р.Мусальнікова і М.А.Смурага за некалькі дзён да чэмпіянату вучылі “сонечных праменьчыкаў” асновам гульні ў шашкі, ўдакладнялі правілы гульні, уменне бачыць элементарныя камбінацыі саперніка. Турнір праходзіў па кругавой сістэме і выклікаў велізарны эмацыйны водгук навучэнцаў. Дзеці, якія прывыклі да сеткавых гульняў, сталі атрымліваць задавальненне ад асабістага ўзаемадзеяння з праціўнікам, сталі звяртаць увагу на яго погляд, настрой. Магчыма, нам удалося паказаць дзецям, што задавальненне ад гульні можна атрымліваць не толькі анлайн, і гэта задавальненне будзе якасна іншым.
Хацелася б, каб у дзяцей развіліся за лагерную змену ўменні мець зносіны, суперажываць навакольным, уменне працаваць у камандзе і радавацца поспехам іншых.
Марыя СМУРАГА,
настаўнік-дэфектолаг сярэдняй школы № 4 імя П.І.Батава Слоніма