18 пазнавальных станцый

- 19:20ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

 

 

Адны хлопчыкі і дзяўчынкі адправіліся летам да бабулі, іншыя – засталіся з бацькамі, а хтосьці выбраў для адпачынку аздараўленчы лагер “Здаравячок” Казлоўшчынскай сярэдняй школы. І не памыліўся, бо гэта самы лепшы вольны час!

Праграма аздараўленчага лагера “Здаравячок” была комплекснай, уключала ў сябе разнапланавую дзейнасць, якая аб’ядноўвала розныя напрамкі аздараўлення, адпачынку і выхавання дзяцей ва ўмовах аздараўленчага лагера. У аснову арганізацыі змены была закладзена гульнявая мадэль “Вялікае падарожжа Васі Вясёлкіна”. Кожны дзень быў прысвечаны адкрыццю адной са станцый, а іх – 18, столькі дзён доўжылася падарожжа Васі Вясёлкіна. Дзеці пабывалі на станцыях: “Дзяцінства”, “Усмешка”, “Бяспека”, “Беларускі майстар”, “Памяць”, “Беларусачка”, “Спорт і здароўе”, “Экалогія” і іншых.

У пачатку змены было праведзена свята адкрыцця лагера, на якім выхаванцы пазнаёміліся з галоўным героем і даведаліся пра тое, якія адкрыцці іх чакаюць у час падарожжа.

У перыяд летняй аздараўленчай кампаніі прадоўжылі рэалізоўваць мерапрыемствы рэспубліканскай героіка-патрыятычнай акцыі “Вялікай Перамозе – 75!”. У плане знайшлі сваё адлюстраванне такія мерапрыемствы, як віртуальная экскурсія “Дарогамі памяці – дарогамі міру”, віктарына “Памяць удзячных сэрцаў”, конкурс малюнкаў “Салдаты Мая, слава вам навекі!”, інфармацыйная гадзіна “Юныя героі Вялікай Айчыннай вайны”, конкурс малюнкаў на асфальце “Я памятаю! Я ганаруся!”.

У рамках інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі фарміравання нацыянальна-культурнай ідэнтычнасці вучняў: інтэграцыя вучэбнай і пазакласнай дзейнасці ўстановы адукацыі – сацыякультурнага цэнтра рэгіёна” для падарожнікаў былі прапанаваны наступныя мерапрыемствы: інфармацыйная гадзіна “Беларусь паспяховая”, акцыя “Размаўляем па-беларуску”, літаратурны круіз па творах П.Броўкі (да 115-годдзя народнага паэта Беларусі), спартыўная гадзіна “Кола беларускіх гульняў”, творчая гасцёўня “Хата ўцехамі багата”, краязнаўчы ўрок “Наш край – зямлі часцінка”, дыскатэка “Беларускі карагод”.

З мэтай фарміравання ў выхаванцаў адказных адносін да свайго здароўя асаблівая ўвага адводзілася навучанню асновам рэспіраторнага этыкету, рэалізацыі прафілактычных мерапрыемстваў, накіраваных на нераспаўсюджванне вірусных інфекцый. Кожны дзень медыцынская сястра праводзіла агляд дзяцей з абавязковай працэдурай – тэрмаметрыяй, вяла размову на самыя актуальныя тэмы “Эпідрэжым”, “Як абараніцца ад COVID-19”, “Калі дапаможа маска”, “Каронавірус: што трэба ведаць”, “Асцярожна, кляшчы!”, “Стоп! Наркотыкі!”, “10 правіл здаровага харчавання”, “Сцяжынка бяспечных месцаў”.

Рэгулярна праводзіліся мерапрыемствы па забеспячэнні бяспечных і адказных паводзін дзяцей на вуліцах і дарогах, у транспарце і грамадскіх месцах, на вадаёмах і ў лесе ў летні перыяд, пры ўзнікненні надзвычайных сітуацый, па культуры зносін у інтэрнэце. Праведзеныя мерапрыемствы садзейнічалі фарміраванню ў дзяцей адказных адносін да свайго здароўя, а таксама набыццю ведаў, развіццю ўменняў і навыкаў здаровага ладу жыцця, захаванню і ўмацаванню здароўя, адказных паводзін.

Пры правядзенні выхаваўчых і забаўляльных мерапрыемстваў выкарыстоўваліся інтэрактыўныя, творчыя і гульнявыя формы працы.

Падарожжа па малой радзіме праводзілася сумесна з аддзелам культуры і адпачынку Казлоўшчынскага Дома культуры, школьнай і гарадской бібліятэкамі. Ва ўсіх мерапрыемствах кожнае дзіця змагло праявіць свае інтэлектуальныя і творчыя здольнасці, ініцыятыву і лідэрства, спартыўныя і турыстычныя навыкі.

Кожны дзень жыцця ў лагеры быў непаўторны і запамінальны. Насычаная праграма дазволіла ўсім дзецям за васемнаццаць дзён знайсці заняткі па душы, папоўніць свой багаж ведамі і набыць новых сяброў.

Іна АЛЬШЭЎСКАЯ,
старшы выхавальнік аздараўленчага лагера “Здаравячок” Казлоўшчынскай сярэдняй школы Дзятлаўскага раёна

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий