Лета асацыіруецца, перш за ўсё, з сонечнымі і цёплымі дзянькамі, таму на базе Ільюшынскай сярэдняй школы Ушацкага раёна працаваў аздараўленчы лагер з такой жа цёплай назвай – “Сонейка”. У ім 28 хлопчыкаў і дзяўчынак 7–13 гадоў з карысцю для свайго здароўя правялі канікулы.
Работу ў лагеры спланавалі з улікам узроставых асаблівасцей дзяцей, якіх падзялілі на тры атрады. Праграма дзённага знаходжання была насычана рознымі спартыўнымі, пазнавальна-развіваючымі мерапрыемствамі і гульнямі, якія спрыялі актыўнаму адпачынку, а галоўнае, фарміравалі творчыя здольнасці выхаванцаў.
Штодзень праходзілі мерапрыемствы па аздараўленні дзяцей. Ранішнюю зарадку пад музыку на спартыўнай пляцоўцы праводзіў настаўнік фізічнай культуры і здароўя В.І.Акулёнак. А якія выдатныя мерапрыемствы прайшлі ў нашым лагеры!
Пазнавальна-забаўляльная гульня “Гісторыя маёй Беларусі”, вусны часопіс “П.У.Броўка – народны пісьменнік”, конкурс “Зачараванне-2020”, конкурс малюнкаў на асфальце “Мір на планеце – шчаслівыя дзеці”, турнір “Залатая скакалка” і інш. Колькі выдумкі, творчасці і фантазіі праявілі дзеці разам са сваімі выхавальнікамі!
Вядома ж, гатовага рэцэпту звонкага лета не існуе. Але настаўнікі нашай школы перакананыя, што паразуменне і добры настрой – залог поспеху ў вырашэнні гэтай задачы. Спадзяёмся, што дні, праведзеныя ў летнім прышкольным лагеры “Сонейка” надоўга запомняцца дзецям і застануцца напоўненымі незабыўнымі ўражаннямі, карыснымі справамі і прыемнымі ўспамінамі.
Жанна КРАМІН,
намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце
Ільюшынскай сярэдняй школы Ушацкага раёна