“Дзіцячае тэлебачанне “Карусель” – так называўся аздараўленчы лагер з дзённым знаходжаннем на базе Рэплеўскага дзіцячага сада –сярэдняй школы Ваўкавыскага раёна.
Гульнявая ідэя змены заключалася ў пераўвасабленні дзяцей у карэспандэнтаў, якія прымаюць удзел у стварэнні дзіцячага тэлебачання. У ходзе лагернай змены былі арганізаваныя тэматычныя дні – тэлеперадачы, у кожным з якіх выхаванцаў чакалі розныя адкрыцці, знаёмствы і выпрабаванні. Найбольш запомніліся дзецям тэлеперадачы “Танцуй са мной”, “Голас. Дзеці”, “Сам сабе рэжысёр”, “Незабыўны подзвіг”, “Модны прыгавор”, “У свеце прафесій” і іншыя.
У канцы кожнага дня перад удзельнікамі праекта паўставаў фотакадр, на якім былі размешчаны найбольш удалыя і цікавыя моманты дня.
18 дзён праляцелі хутка, а прыемных успамінаў засталося шмат. Бадзёрыя, вясёлыя і загарэлыя выхаванцы развітваліся з лагерам з незабыўнымі ўражаннямі. І ў гэтым заслуга нашых дарослых: тых, хто прыдумаў і арганізаваў, хто ўвасабляў і забаўляў, хто карміў і забяспечваў утульнасць і камфорт.
Людміла СІВАЛОЎСКАЯ,
дырэктар аздараўленчага лагера “Дзіцячае ТБ “Карусель” Рэплеўскага дзіцячага сада – сярэдняй школы Ваўкавыскага раёна