У раённым профільным лагеры “КРУТА” з дзённым знаходжаннем дзяцей на базе Ліпнішкаўскага дзіцячага сада – сярэдняй школы Іўеўскага раёна адбылося закрыццё змены.
Хлопчыкі і дзяўчынкі яшчэ раз пралісталі старонкі змены, успомнілі самыя яркія і запамінальныя моманты. 18 дзён праляцелі вельмі хутка: так заўсёды здаецца, калі час насычана цікавымі і яркімі падзеямі.
Нягледзячы на меры па прафілактыцы інфекцыі COVID-19, адпачынак дзяцей не быў абмежаваны і сумны. Добрае надвор’е і пазітыўны настрой далі магчымасць загараць, купацца, хадзіць у займальныя паходы па наваколлях аграгарадка Ліпнішкі.
Вялікая колькасць цікавых мерапрыемстваў, якія праводзіліся на адкрытым паветры, пакінулі ў дзяцей радасныя ўспаміны. Гэта і навучальная гульня “ТОМ – тропа опасных мест”, і конкурс малюнкаў на асфальце “Салдаты Мая, слава вам навек”, танцавальны марафон “Танцуем па-беларуску” і спартакіяда па рухомых гульнях “На цэлае імгненне хутчэй за ўсіх”, квест-гульня “Пуцявінамі роднай Бацькаўшчыны”, акцыя “Помнік” і інш.
Сёння ў Беларусі асаблівае месца адводзіцца развіццю прадпрымальніцтва. У першую чаргу робіцца стаўка на маладое пакаленне. З мэтай развіцця ў дзяцей іх прадпрымальніцкай хваткі і лідэрскіх якасцей на працягу лагернай змены рэалізоўваўся праект “Вялікая эканамічная гульня”. Ён змяшчаў розныя мерапрыемствы сацыяльна-эканамічнага кірунку: пазнавальна-забаўляльную гульню “Бізнес-старт”, эканамічную гульню “Біржа працы”, бізнес-праект “Як зарабіць грошы на сяле?”, пазнавальную гульню “Падарожжа з грашовымі купюрамі”, конкурс ідэй “Мае ідэі для малой радзімы”, майстар-клас ”Дзелавое знаёмства: як стаць прадпрымальнікам”, у рамках праекта працавала аб’яднанне па інтарэсах “Творчая эканоміка”.
Бізнес-ідэя “Адходы ў даходы” Дзмітрыя Сафарэвіча, Дзяніса Піскарова і Генадзя Матуса заняла І месца ў лагерным конкурсе бізнес-ідэй “Паспяховыя стартапы”. Дарэчы, гэтая ідэя не засталася на паперы, а была рэалізавана падчас лагернай змены: праведзены экалагічная разведка, акцыя “Чысты бераг”, аперацыя “Паперы – другое жыццё”. Выхаванцы лагера сабралі 28 кг пластыкавых бутэлек і 56 кг паперы, за што атрымалі рэальныя грошы, а таксама прынялі ўдзел у дабрачынным праекце “Новае жыццё ў абмен на накрыўкі”.
У творчай майстэрні “Крэатыў сваімі рукамі” навучэнцы мелі магчымасць стварыць сваімі рукамі цікавыя рэчы з другаснага матэрыялу: кветкі з пластыкавых бутэлек, клумбу з аўтамабільных шын і старых драўляных скрынь, сувенірную прадукцыю.
Лагерная змена завяршылася, але я рада, што для кожнага дзіцяці лагер стаў важнай і памятнай падзеяй: хтосьці знайшоў новых сяброў, хтосьці адкрыў у сабе новыя творчыя здольнасці, хтосьці пазнаў, што працаваць і зарабляць грошы – гэта цікава; і, несумненна, усе проста добра адпачылі.
Ірына ВОЛЧАК,
дырэктар раённага профільнага лагера “КРУТА”