Зерне вялікай любові ў маленькім сэрцы

- 18:16ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

 

 

У рамках летняй кампаніі ў яслях-садзе № 2 Свіслачы быў рэалізаваны пазнавальна-творчы праект “Наша малая радзіма – Свіслач”.

Для кожнага з нас, дарослага ці малога, малая радзіма застаецца ў сэрцы назаўсёды. Вельмі важна пасеяць зерне любові да роднага краю ў раннім дзяцінстве. Дашкольнікі адкрыты да пазнання ўсяго новага, яны эмацыянальныя і не перастаюць захапляцца.

Падчас экскурсій і прагулак выхаванцы наведалі памятныя месцы Свіслачы, аддалі даніну памяці загінулым у гады вайны героям. Маленькія вандроўцы не пераставалі захапляцца прыгажосцю вуліц, якія амаль патанулі ў кветках.

Так грамадскае і прыроднае асяроддзе выступаюць у ролі першага педагога, які знаёміць дзіця з малой радзімай. У малога з’яўляюцца любімыя куткі для гульні, любімае дрэва… Гэта робіць вулачкі і панадворкі сваімі, роднымі, што застаюцца ў памяці на ўсё жыццё.

                       

Займальным было і наведванне краязнаўчага музея. Разглядаючы экспанаты, слухаючы займальны аповед экскурсавода, дашкольнікі пазнаёміліся з гісторыяй сваёй малой радзімы, з прадметамі культуры і побыту нашага краю. У даступнай форме ім расказалі пра раслінны і жывёльны свет Свіслацкага раёна. Дзеці зрабілі для сябе мноства новых адкрыццяў, іх вочы гарэлі ад здзіўлення і захаплення.

Даследчая дзейнасць у рамках праекта на тэму “Цікавыя факты пра горад Свіслач” пазнаёміла хлопчыкаў і дзяўчынак з сімволікай іх малой радзімы, паходжаннем яе назвы. А факты, сабраныя ў ходзе даследавання, сталі матэрыялам для стварэння кніжкі-малышкі.

Сумесна з бацькамі былі распрацаваны маляўнічыя пазнавальныя прэзентацыі “Свіслач: учора і сёння”, “Іх імёны носяць вуліцы нашага горада”, “Знакамітыя землякі”.

Пачуццю павагі і гонару за свой горад спрыяла слуханне дзецьмі вершаў і апавяданняў пра яго, напісаных свіслачанамі. Ажыўлена праходзілі сустрэчы з майстрамі-ўмельцамі нашага раёна, перадавікамі сельскай гаспадаркі, цікавымі людзьмі. Хлопчыкі і дзяўчынкі зразумелі, што гісторыю роднага горада робяць працавітыя землякі, і ў сэрцах малых з’явілася жаданне ў будучыні таксама зрабіць што-небудзь для таго, каб наш горад стаў яшчэ больш прыгожым. Пра гэта і многія іншыя уражанні выхаванцы гаварылі падчас інтэрв’ю “Што я магу зрабіць для сваёй малой радзімы?”.

Атрыманыя веды дашкаляты замацоўвалі ў дыдактычных, творчых, сюжэтна-ролевых і рухомых гульнях. А яркімі ўражаннямі падзяліліся ў малюнках.

Вынікам праекта стала афармленне маляўнічага лэпбука “Мая малая радзіма”, які ўключае ў сябе гульнявы матэрыял і спрыяе замацаванню атрыманых ведаў.

Наталля КАВАЛЕЎСКАЯ,
выхавальнік ясляў-сада 2 Свіслачы

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий