Традыцыйна 1 верасня ў Хвінявіцкім дзіцячым садзе – сярэдняй школе Дзятлаўскага раёна прайшла ўрачыстая лінейка, прысвечаная Дню ведаў.
Дзверы нашай школы зноў расчыніліся, каб даць старт новаму навучальнаму году. Святочна прыбраныя вучні з яркімі букетамі кветак, настаўнікі і бацькі запоўнілі школьны двор.
Урачыстая лінейка абʼяўляецца адкрытай. Як заўсёды, першымі сустракалі першакласнікаў. Дырэктар школы І.І.Орсік і госці павіншавалі навучэнцаў школы з новым навучальным годам, адзначыўшы, што навучанне – нялёгкая, але радасная і займальная справа. Са зваротным словам выступілі першакласнікі, якія прачыталі вершы. Эстафету падхапілі і старшакласнікі.
Настаў час першага школьнага званка ў гэтым навучальным годзе. Гэтае ганаровае права атрымалі навучэнец 11класа Уладзіслаў Лябецкі і першакласніца Софія Санцэвіч. Дзень ведаў працягнуўся не толькі першым урокам “Я вырас тут, і гэты край мне дарагі”, але і гульнявой праграмай “Першавераснёўскі перапалох”.
Няхай новы навучальны год стане для ўсіх яркім і плённым, няхай будзе напоўнены творчасцю, цікавымі і карыснымі зносінамі, духоўна, інтэлектуальна ўзбагаціць і дзяцей, і іх педагогаў.
Анастасія РАГОЙЖА,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Хвінявіцкага дзіцячага сада – сярэдняй школы Дзятлаўскага раёна