Для 189 першаклашак, якія ўпершыню пераступілі парог сярэдняй школы № 37 Гродна і ўпершыню пачулі свой школьны званок, 1 верасня было самым доўгачаканым святам. Вядома, чакалі гэтага дня і ўсе школьнікі.
На традыцыйную ўрачыстую лінейку сабраліся прыбраныя вучні і вучаніцы з яркімі букетамі кветак, настаўнікі і бацькі. З гасцінным і цёплым прывітаннем да прысутных звярнуўся дырэктар школы Аляксандр Рымша. Ён павіншаваў дзяцей з пачаткам новага навучальнага года і пажадаў поспехаў у вучобе. З віншаваннямі і найлепшымі пажаданнямі настаўнікам, вучням і іх бацькам выступіла таксама намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Наталля Максімчык.
Асаблівы настрой мерапрыемству надавалі Маркіза Ведаў, Мышаня – сімвал года, і вясёлыя роставыя лялькі – героі мультфільма “Чароўная кніга МНС”, якія прыйшлі павіншаваць першакласнікаў.
Пасля ўрачыстай лінейкі навучэнцы разышліся па сваіх кабінетах, дзе класныя кіраўнікі правялі для іх першы ўрок па тэме “Я вырас тут, і край мне гэты дарагі”.
Няхай новы навучальны год стане для ўсіх плённым і багатым на веды, адкрыцці, творчасць і дасягненні!
Вольга ЧАРАПАНАВА,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
сярэдняй школы № 37 Гродна