Каб выхоўваць у дзяцей працавітасць, клапатлівыя адносіны да прыроды роднага краю, развіваць цікавасць да яе вывучэння, у нашай дашкольнай установе адбылася акцыя “Пасадзі дрэва”.
Выхаванцы Дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Свiслачы любяць круглы год бавіць час у куточку сада, які размяшчаецца на тэрыторыі дашкольнай установы. Вясною назіраюць за распусканнем лісця, кветак, завязяў пладоў яблыні, вішні, слівы, пашыраюць веды пра жыццё насякомых каля квітнеючых дрэў, набываюць навыкі догляду за дрэвамі. Летам сочаць за фазамі росту пладоў і дрэў. Восенню разам з дарослымі збіраюць ураджай яблыкаў, абмяркоўваюць падрыхтоўку дрэў да зімовага перыяду. Зімою назіраюць за дрэвамі без лісця.
Шмат цікавага пра садавіну дзеці даведваюцца з пазнавальных гутарак “Якія вітаміны знаходзяцца ў садавіне”, “Што можна прыгатаваць з яблыкаў, сліў?”. Замацоўваюць веды ў дыдактычных гульнях “Аскарбінка і яе сябры”, “Садавінавае даміно”, “Пазнай па смаку”, “Чацвёрты лішні”, “Цудоўны мяшэчак”, “Падбяры па колеры”. Складаюць загадкі пра садавіну, развучваюць прыказкi, прымаўкі, скорагаворкі, лiчылкі, пальчыкавыя гульні. Любяць дашкаляты пагуляць у рухомыя і карагодныя гульні “Яблыня”, “Па маліну ў сад пойдзем”, “Мы пасадзім грушку”.
На днях куток саду, дзякуючы акцыі “Пасадзі дрэва”, папоўніўся новымі саджанцамі кустоў і дрэў. Да ўдзелу ў мерапрыемстве былі запрошаны бацькі і супрацоўнікі. Разам з дзецьмі выхавальнікі спланавалі месца пасадкі, бацькі забяспечылі дзіцячы сад пасадачным матэрыялам. А садзілі кусты смародзіны, саджанцы слівы, персіка пад кіраўніцтвам дарослых самі выхаванцы: апускалі карэнчыкі дрэва ў ямку, засыпалі зямлёй, палівалі. Рабілі гэта з азартам, старанна. А яшчэ цікавіліся, ці ўсё зрабілі правільна.
Спадзяёмся, што пасадка дрэў стане добрай традыцыяй у дашкольнай установе. А мы навучым дашкалят беражліва даглядаць за нашымі дрэўцамі і кустамі, каб наш дзіцячы сад стаў яшчэ прыгажэйшым і зелянейшым.
Данута ЛОБАЧ,
выхавальнік інтэграванай групы
Дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Свіслачы